Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белгарадзкай вобласьці ўвялі рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі». Украіна заявіла, што да дывэрсантаў у расейскім рэгіёне не датычная


Памежны пункт у Белгарадзкай вобласьці. Архіўнае фота.
Памежны пункт у Белгарадзкай вобласьці. Архіўнае фота.

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі Вячаслаў Гладкоў заявіў аб увядзеньні ў рэгіёне «рэжыму контратэрарыстычнай апэрацыі» праз пранікненьне «дывэрсійных груп з Украіны».

Ён таксама паведаміў пра зьбіты над тэрыторыяй рэгіёну бесьпілётнік. «Паводле папярэдніх дадзеных, пацярпелых няма. Наступствы на зямлі ўдакладняюць апэратыўныя службы», — напісаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале.

Паводле тэлеграм-каналу ASTRA, цяпер баявыя дзеяньні вядуцца ў Грайваронскай акрузе, мясцовыя жыхары паведамілі, што насельніцтва масава эвакуіруецца. У прыватнасьці, эвакуацыя ідзе ў вёсцы Глотава.

Пазыцыя Ўкраіны

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў украінскаму каналу «Суспільне», што легіён «Свабода Расеі» і «Расейскі добраахвотніцкі корпус» сапраўды праводзяць апэрацыю ў Белгарадзкай вобласьці для таго, каб адсунуць «праціўніка з мэтай стварэньня пэўнай паласы бясьпекі для абароны ўкраінскага цывільнага насельніцтва». Ён падкрэсьліў, што ў Белгарадзкую вобласьць зайшлі «выключна грамадзяне Расеі».

Дарадца кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк, камэнтуючы падзеі ў рэгіёне, заявіў, што Ўкраіна ня мае прамога дачыненьня да дзеючай у Белгарадзкай вобласьці дывэрсійнай групы, але «зь цікавасьцю сочыць за падзеямі, якія адбываюцца, і вывучае сытуацыю».

Паводле яго слоў, адзінай рухаючай палітычнай сілай у таталітарнай краіне «заўсёды непазьбежна становіцца партызанскі рух са зброяй у руках». Падаляк дадаў, што «падпольныя партызанскія атрады складаюцца ўсё ж такі з грамадзян Расеі».

Што адбывалася

Раніцай 22 траўня пра заход у Белгарадзкую вобласьць паведаміў легіён «Свабода Расеі» — добраахвотніцкае падразьдзяленьне, якое ваюе на баку Ўкраіны. Яго ўдзельнікі заявілі, што сумесна з «Расейскім добраахвотніцкім корпусам» (РДК) яны «вызвалілі н/п Козінку Белгарадзкай вобласці», а «ў Грайварон зайшлі перадавыя атрады». «Рухаемся далей. Расея будзе свабоднай!» — гаворыцца ў паведамленьні.

Расейскія ўлады некалькі гадзін не пацьвярджалі дывэрсію легіёна «Свабода Расеі» ў Белгарадзкай вобласьці. Але тэлеграм-каналы апублікавалі відэа «меркаванага заходу ўкраінскіх танкаў на тэрыторыю КПП „Грайварон“ у Белгарадзкай вобласьці». Мясцовыя жыхары расказалі, што чулі выбухі і страляніну.

Нягледзячы на паведамленьні СМІ і тэлеграм-каналаў, губэрнатар Гладкоў некалькі гадзін не пацьвярджаў інфармацыю пра дывэрсантаў і баі зь імі: чыноўнік казаў пра «масіраваны інфармацыйны напад на Белгарадзкую вобласьць» і зламысьнікаў, якія правакавалі паніку сярод насельніцтва. Затым чыноўнік прызнаў «масіраваны абстрэл Грайваронскага раёну», а затым, празь некалькі гадзін, пацьвердзіў факт баёў з дывэрсантамі. «Узброеныя сілы РФ разам з памежнай службай, Расгвардыяй і ФСБ робяць неабходныя захады па ліквідацыі праціўніка», — напісаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале.

Заява Расеі

Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Мінабароны, ФСБ і Памежная служба далажылі Пуціну пра «спробу прарыву ў Белгарадзкую вобласьць украінскіх дывэрсантаў». Паводле яго слоў, «мэта ўкраінскай дывэрсіі — адцягненьне ўвагі ад сытуацыі на бахмуцкім напрамку». «Расейскія сілы вядуць працу па выцісканьні ўкраінскай ДРГ з тэрыторыі РФ, сіл і сродкаў дастаткова», — паведаміў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG