Сьцісла:
- Працяглае існаваньне рэжыму асабістай улады, пэрсаналісцкага рэжыму прывяло да таго, што ў краіне фактычна зьнікла кіроўная эліта.
- Нават 2020 год, калі лёс рэжыму Лукашэнкі ў значнай ступені залежаў ад пазыцыі намэнклятуры, нічога не памяняў.
- У сытуацыі адсутнасьці суб’ектнасьці ў беларускай эліты ролю суб’екта, які будзе прымаць рашэньні, можа выканаць Масква.
- Беларуская эліта жыве ў ідэалягічнай бурбалцы «рускага сьвету», яна ня ў стане вылучыць свае ўласныя беларускія нацыянальныя інтарэсы, аддзяліць іх ад расейскіх.
Ажыятаж вакол тэмы здароўя Лукашэнкі стаў падставай для разваг аб пэрспэктывах улады ў Беларусі, што наўпрост зьвязана з пытаньнем сувэрэнітэту дзяржавы. І тут выяўляецца адна вялікая праблема. Справа ў тым, што беларуская кіроўная эліта, намэнклятура — не суб’ект палітыкі. Яна толькі інструмэнт у руках Лукашэнкі для рэалізацыі ягонай волі.
Працяглае існаваньне рэжыму асабістай улады, пэрсаналісцкага рэжыму прывяло да таго, што ў краіне фактычна зьнікла кіроўная эліта. Замест яе — палітычная пустыня.
Бо эліта — гэта карпарацыя, якая ўсьведамляе свае ўласныя інтарэсы, артыкулюе і ўзгадняе іх, стварае мэханізм абароны. І, урэшце, яна гатовая браць адказнасьць за лёс краіны. Нічога гэтага ў Беларусі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што апазыцыя зробіць пасьля зьнікненьня Лукашэнкі. Спыталіся ў Латушкі, Вусава, Офісу Ціханоўскай, Цапкалы, Шчыгельскага і каманды БабарыкіНельга сказаць, што ў краіне не існуе карпаратыўных структур, у межах якіх маглі б фармавацца агульныя элітныя інтарэсы. Тут нібыта ёсьць парлямэнт, партыя ўлады («Белая Русь»), але гэта дэкаратыўныя інстытуты. Ёсьць Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, Бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара М.С.Куняўскага, Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя, Клюб дырэктараў. Аднак хто апошнімі гадамі чуў пра іх дзейнасьць?
Рэпрэсіі, адмоўная кадравая сэлекцыя прывялі да таго, што ўсе чыноўнікі, дырэктары бачаць сябе толькі нейкімі шрубкамі вялікай бюракратычнай машыны. Калі глядзіш, як падчас чарговай нарады ў Лукашэнкі людзі зь ягонага атачэньня моўчкі сядзяць, апусьціўшы галовы ўніз, старанна запісваюць кожнае слова начальніка, то неяк пра тэрмін «эліта» і ўзгадваць ня хочацца.
Больш за тое, яны часта аказваліся «ахвярнымі казламі» падчас нейкіх антыкарупцыйных кампаній. Любога з высокіх чыноўнікаў ці ўмоўных алігархаў можна арыштаваць, пасадзіць у турму, пазбавіць маёмасьці. І разьлічваць на незалежны, справядлівы суд яны ня могуць гэтаксама, як і палітычныя зьняволеныя. Перад рэпрэсіўнай машынай яны такія ж безабаронныя, як і адкрытыя праціўнікі рэжыму.
Нават 2020 год, калі лёс рэжыму Лукашэнкі ў значнай ступені залежаў ад пазыцыі намэнклятуры, нічога не памяняў. У крытычны момант выявілася, што беларуская намэнклятура баязьлівая, несамастойная, неаб’яднаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка апынуўся на электрычным крэсьле, пульт ад якога ў руках беларускага грамадзтва», — украінскі палітоляг Саак’янІ вось цяпер, калі ў Лукашэнкі нібыта зьявіліся праблемы са здароўем, паўстае пытаньне: што далей? Што чакае краіну? Хто можа перахапіць уладу? Апазыцыя? Яна загнаная пад плінтус жорсткім тэрорам. Але і тая нямоглая, бездапаможная намэнклятура хіба здольная на такі ўчынак?
Гэтую сытуацыю добра апісаў расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін:
«Калі выдаліць блёк пад назвай „Бацька“, сыстэма спыніцца, як гадзіньнік без батарэйкі. Альтэрнатыўных крыніц сілкаваньня мадэль не прадугледжвае. Яны старанна вышукваюцца і зьнішчаюцца. Іх існаваньне супярэчыць таму самаму пачуцьцю лукашэнкаўскай справядлівасьці. Ня можа быць ніякіх альтэрнатыў, калі ёсьць такі цудоўны Аляксандар Рыгоравіч... Не такі страшны тыран, як тое, што пачынаецца пасьля. Пасьля сыходу Гаспадара пры ўладзе застаюцца не генэратары, а антэны: людзі, галоўным талентам якіх было ўлавіць найтанчэйшыя нюансы паводзін, першымі прачытаць і задаволіць таемныя пажаданьні. Разабрацца, хто вінаваты, хто не, больш немагчыма. Законаў і судоў няма — ён сам быў хадзячы суд і закон. Навыку прымаць сур’ёзныя рашэньні няма — ён вырашаў за ўсіх і сам прызначаў вінаватых, калі рашэньні аказваліся памылковымі. Нарэшце, страху і сумленьня таксама няма. Ён замяняў сабой і страх, і сумленьне».
І вось у такой сытуацыі адсутнасьці суб’ектнасьці ў беларускай эліты ролю суб’екта, які будзе прымаць рашэньні, можа ўзяць на сябе Масква. Бо ў прыродзе і ў палітыцы вакуўму не бывае. Свабодную нішу абавязкова нехта запаўняе. То бок у такім выпадку небясьпека беларускаму сувэрэнітэту моцна ўзрастае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячорка: «Рэжыму Лукашэнкі вельмі баліць, гэта іх правал». Што дасьць удзел Ціханоўскай ў саміце Рады ЭўропыПадобную гіпотэзу вылучае дырэктар дасьледчай праграмы Фінскага інстытуту міжнародных адносін Аркадзь Мошэс:
«Паколькі ўнутры Беларусі пасьля трыццацігадовага кіраваньня Лукашэнкі відавочных палітычных груповак, якія прэтэндуюць на ўладу, не існуе, яны не структураваныя, барацьба за спадчыну Лукашэнкі будзе адбывацца не ўнутры Менску, не паміж рэгіянальнымі беларускімі групоўкамі, яна будзе праходзіць па лініі Масква — Беларусь. Рызыка тут заключаецца ў тым, што беларускія кіроўныя эліты дастаткова бязвольныя, яны прывыклі так існаваць на працягу больш як пакаленьня, ім зручней мець гаспадара. Таму яны могуць дастаткова лёгка пераключыцца на новага начальніка, якога прызначаць з Масквы».
Беларусь — не адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе дыктатары за доўгі час свайго кіраваньня пакідалі пасьля сябе вытаптанае поле. Напрыклад, падобная сытуацыя была ў Казахстане, Узбэкістане пасьля сыходу іх аўтарытарных кіраўнікоў Нурсултана Назарбаева і Іслама Карымава. Аднак там ня ўзьнікла пагрозы прызначэньня іх пераемнікаў Расеяй. Бо з самага пачатку незалежнага існаваньня ў гэтых краінах фармавалася ідэалёгія этнакультурнага нацыяналізму, дыстанцыяваньня ад расейскіх ідэалягічных канструктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы: «Уключэньне вольнай Беларусі ў эўрапейскую сям’ю павінна быць стратэгічным прыярытэтам Рады Эўропы»Асаблівасьць Беларусі палягае ня толькі ў большай эканамічнай, палітычнай, ваеннай залежнасьці ад Расеі. Справа ў тым, што беларуская эліта жыве ў ідэалягічным пухіры «рускага сьвету», яна ня ў стане вылучыць свае ўласныя беларускія нацыянальныя інтарэсы, аддзяліць іх ад расейскіх.
Вось кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка ня лічыць Тадэвуша Касьцюшку і Кастуся Каліноўскага нацыянальнымі героямі Беларусі. Паводле яго, сапраўдныя героі — гэта дзеячы Вялікай Айчыннай вайны або героі сучаснай Беларусі.
Тут цікава, як зьмянілася палітычная каньюнктура. За апошнія гады беларуская эліта моцна ўпісалася ў расейскі ідэалягічны кантэкст і адмовілася ад нацыянальнага наратыву ў падыходах да ўласнай гісторыі. Нагадаю, што ў лістападзе 2019 году ў Вільню на перапахаваньне Кастуся Каліноўскага была накіраваная афіцыйная дэлегацыя Беларусі на чале зь віцэ-прэм’ерам Ігарам Петрышэнкам. Выступаючы на ўрачыстасьцях, ён заявіў, што дзейнасьць Кастуся Каліноўскага «зьвязаная зь перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя».
Сам Лукашэнка, адказваючы 17 лістапада 2019 году на выбарчым участку на пытаньні журналістаў пра ягонае стаўленьне да Каліноўскага, сказаў: «Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце — грамадзянінам. І ад гэтага нікуды не падзецца».
А цяпер высьвятляецца, што Каліноўскі — польскі гістарычны дзеяч, бо так лічыць Расея.
Таму ў эліты няма ня толькі палітычнай, але і нацыянальнай суб’ектнасьці, яна лічыць сябе часткай не беларускага, а рускага сьвету. І вось такі кактэйль вельмі небясьпечны для будучыні Беларусі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.