Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго ня выпусьцяць зь Беларусі. Тлумачыць былы чыноўнік, які далучыўся да каманды Латушкі


Каляж: Арцём Брухан, аналітык Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня
Каляж: Арцём Брухан, аналітык Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня

У Беларусі зьмянілі закон аб парадку выезду з краіны і ўезду ў краіну. Зьмены камэнтуе Арцём Брухан, аналітык Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, былы супрацоўнік Берасьцейскага аблвыканкаму.

Выбраныя тэзісы з гутаркі:

  • Гэты закон афармляе тое, што ўжо выкарыстоўвалася рэжымам, каб замацаваць кантроль над краінай і не дапусьціць, каб нейкая частка грамадзтва мела магчымасьць зьехаць зь Беларусі і казаць нешта непажаданае для ўлады. Рэжым жыве ў сытуацыі аблогі і надалей умацоўвае свае сьцены.
  • Людзі, супраць якіх вядуцца адміністрацыйныя справы, разумеюць, што далей могуць быць справы крымінальныя, і таму робіцца ўсё, каб яны не маглі выехаць ніякім чынам.
  • Раней рэжым казаў: «Зьяжджайце, усе нязгодныя. Мы вас зьнішчым, вы нам непатрэбныя». Казалі, што ёсьць нармальныя людзі, а ёсьць «лішнія, непатрэбныя» людзі. Цяпер яны зразумелі, што зьяжджае зашмат людзей, і ім трэба неяк спыніць гэты паток.
  • КДБ цяпер можа афіцыйна ня выпусьціць любога чалавека, вырашыць ягоны лёс. Гэта дадатковы інструмэнт ціску. Такім чынам узмацняецца роля КДБ ва ўладнай сыстэме.
  • Высокія чыноўнікі маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў і да сэнсытыўнай інфармацыі, у тым ліку пра здароўе Лукашэнкі. І ён не жадае дапусьціць, каб некаторыя зь іх зьехалі і пачалі казаць тое, чаго не павінны казаць, у ягоным разуменьні.
  • Калі я працаваў у Берасьцейскім аблвыканкаме да 2020 году, чыноўнікі ніжэйшага і сярэдняга зьвяна спакойна езьдзілі ў Польшчу на закупы. Чыноўнікі – частка грамадзтва, звычайныя людзі, якім хацелася ў адпачынак за мяжу. Нехта выбіраў Эгіпет, а нехта ехаў і ў Эўропу.
  • Гэтыя абмежаваньні не выклікаюць у чынавенства вялікай радасьці. Але ўжо з 2020 году яны пачалі разумець, куды гэта ўсё ідзе. Я не чакаю ад чыноўнікаў нейкіх крокаў у адказ на гэты закон. Максімум, што будзе, — нейкія крытычныя размовы ў курылках ці на кухнях.
  • Улады разумеюць, што ў часе цяперашняй вайны нават цывільныя, якія працуюць у вайсковых і калявайсковых структурах, маюць шмат інфармацыі, якой непажадана дзяліцца зь іншымі краінамі. Сілавыя структуры кіруюцца загадамі. Тыя, хто будзе незадаволены, могуць звольніцца, але куды ім ісьці?
  • Калі раптоўна ня стане Лукашэнкі, гэта ў любым выпадку будзе дэстабілізацыя сыстэмы, як бы яны ні прапісвалі ў паперах транзыт улады. І Расея цяпер ужо не такая моцная, якая была нават у 2020 годзе. Таму я гляджу на такі сцэнар больш-менш аптымістычна.
  • Аднак найлепшы сцэнар, калі Расея рэальна захістаецца пасьля ўкраінскага контранаступу. Калі ня стане Лукашэнкі тады, дык вакно магчымасьцяў прачыніцца нашмат шырэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG