Не таму, што так ужо жадаюць зла канкрэтнаму чалавеку. Проста не ўяўляюць, як па-іншаму перарабіць створаную ім сыстэму, і вельмі чакаюць канца гэтай гістарычнай паласы, у якой столькі болю, гора, безнадзейнасьці і расчараваньня.
Прычым, што адметна, чакаюць ня толькі праціўнікі, пацярпелыя ад дыктатуры, але і тыя, хто застаецца ўнутры гэтай сыстэмы, абслугоўвае яе і зьяўляецца яе складовай часткай. Бо многія зь іх таксама цярпяць ад ейных непрадказальнасьці, жорсткасьці, неабходнасьці на кожным кроку крывадушнічаць, хлусіць і прыстасоўвацца. І гэтая гісторыя ня толькі пра беларусаў і раптоўную хваробу Лукашэнкі. Падобнае ў ня надта далёкім мінулым перажывалі многія далёкія і блізкія суседзі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымая ў Беларусі пасьля сыходу Лукашэнкі новая рэвалюцыя? Дыскусія Котава і Мацукевіча«Я паміраць не зьбіраюся»
Лукашэнка часта публічна прагаворвае тое, што яго па-сапраўднаму трывожыць і што ён інтуітыўна прадчувае. У сваім апошнім пасланьні (31 сакавіка г.г.) ён раптам загаварыў пра тое, што «паміраць не зьбіраецца» і што хоць «прэзыдэнцтва наеўся», але «да апошніх сваіх дзён на гэтай пасадзе» будзе працаваць «на карысьць краіны».
Абстрагаваўшыся ад традыцыйных для яго какетлівых і двухсэнсоўных намёкаў, можна было зразумець, што мелася на ўвазе: маўляў, на хуткі адыход не разьлічвайце, прэзыдэнтам буду пажыцьцёва, а жыць — доўга. Але, як кажуць у такіх выпадках, хочаш расьсьмяшыць Бога — раскажы яму пра свае пляны. Асабліва пра доўгатэрміновыя.
Празь месяц пасьля гэтай самаўпэўненай заявы, 9 траўня, на Краснай плошчы ў Маскве Лукашэнку, які ня мог самастойна прайсьці некалькі соцень крокаў да Аляксандраўскага саду, пастаянна суправаджала рэанімацыйная каманда з насілкамі. Як сьцьвярджалі некаторыя расейскія журналісты (Telegram-канал BRIEF), Лукашэнку прапаноўвалі застацца на лячэньне ў крамлёўскім шпіталі (ЦКБ) у Маскве. Але ён нібыта адказаў на гэта паўжартам, што паміраць трэба дома. Апошняе выказваньне афіцыйна нідзе не пацьверджана, хоць можна дапусьціць, што менавіта так ягоны адказ і прагучаў. Прынамсі, у гэтых словах ёсьць і глыбокі сэнс, і лёгіка. І грунтоўная гістарычная аснова. Лячыцца ў крамлёўскім шпіталі ў свой час прапаноўвалі многім дыктатарам з падкантрольных Крамлю краін-васалаў. І для многіх гэтае лячэньне скончылася фатальна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыкмета слабасьці рэжыму. Тэма здароўя Лукашэнкі становіцца палітычнай праблемай Беларусі«Гонка на лафэтах»: навыперадкі са Сталіным
«Кіраўнік нашай краіны быў на важных урачыстасьцях у Маскве. Там ён нечакана цяжка захварэў і, нягледзячы на ўсе намаганьні найлепшых крамлёўскіх лекараў, раптоўна сканаў (варыянт: вярнуўся на радзіму ў цяжкім стане і празь некалькі дзён сканаў у шпіталі)».
Прыблізна такія афіцыйныя паведамленьні ў канцы 40-х і на пачатку 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя зьяўляліся адно за другім у шэрагу сталіц «братніх сацыялістычных краін». Сёньня пра тое ўжо мала хто памятае: гісторыя захавала галоўным чынам абставіны сьмерці і падрабязнасьці «ўсенароднай жалобы» з нагоды адыходу галоўнага тырана Ёсіфа Сталіна ў сакавіку 1953-га.
Але фактычна ў кожнай пасьляваеннай ўсходнеэўрапэйскай краіне, якія трапілі пад савецкую акупацыю, тады быў свой маленькі Сталін — гэткі клон, мутант, карыкатура на Сталіна вялікага, з многімі пазнавальнымі прыкметамі, атрыбутамі і замашкамі. І вось цэлы шэраг іх прыблізна ў адзін час са Сталіным (хто трохі раней, хто нязначна пазьней) пачалі паміраць.
На працягу некалькіх гадоў пышныя дзяржаўныя пахаваньні адбыліся адно за другім у Сафіі, Улан-Батары, Празе, Варшаве. Маленькія правадыры-сталіністы адыходзілі адзін за другім, прычым, што адметна, паміралі ў Маскве ці з заездам у Маскву перад самай сьмерцю. Падабенства гэтых сьмерцяў спараджала шмат чутак, вэрсій і домыслаў... Тым больш што паміралі ў параўнальна не старым веку: і Георгі Дзімітроў, і Клемэнт Готвальд, і Балеслаў Берут, і Чойбалсан у момант адыходу былі значна маладзейшыя за сёньняшніх Пуціна і Лукашэнку. Тады гэтай зьявы яшчэ не называлі «гонкай на лафэтах» (як на пачатку 1980-х у СССР), хоць сёньня, з дыстанцыі многіх дзесяцігодзьдзяў, гэты вобраз выглядае надзвычай удалым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Качанавай да Ціханоўскай. Расказваем пра імаверных пераемнікаў ЛукашэнкіБалеслаў Берут. «Паехаў у футры — вярнуўся ў куфры»
Першы прэзыдэнт сацыялістычнай Польшчы і лідэр польскіх камуністаў Балеслаў Берут, выбіраючыся ў канцы лютага 1956 года ў Маскву, на ХХ зьезд КПСС, рыхтаваўся да пышных урачыстасьцяў, банкетаў, уганараваньняў і зусім ня быў гатовы да сакрэтнага антысталінскага дакладу Хрушчова «Аб кульце асобы і яго наступствах». Крах сталінізму ў СССР быў для Берута, відавочна, і ягоным асабістым крахам. На працягу больш як дзесяці папярэдніх гадоў ён пасьлядоўна вёў сацыялістычную Польшчу сталінскім курсам: у сьпісе ягоных «дасягненьняў» сотні тысяч палітзьняволеных, сфальшаваныя выбары і рэфэрэндумы, расправы з палітычнымі апанэнтамі... Выкрыцьцё сталінскіх злачынстваў у СССР амаль аўтаматычна азначала і выкрыцьцё падобных жа злачынстваў у ПНР.
Балеслаў Берут раптоўна занядужаў і памёр у Маскве праз два тыдні пасьля ХХ зьезду, 12 сакавіка 1956 г. Абставіны гэтай «вельмі своечасовай» сьмерці ўжо тады выклікалі шмат пытаньняў. Савецкія лекары з крамлёўскай клінікі канстатавалі, што ў пацыента Берута «нешта на мяжы грыпу і пнэўманіі». Паводле пазьнейшых сьведчаньняў сына Берута, лячэньне вялося «неэфэктыўна і ня вельмі адказна». У афіцыйнай мэдыцынскай даведцы, выдадзенай пасьля сьмерці групай савецкіх мэдыкаў, вынікала, што Берут хварэў на грып і запаленьне лёгкіх з канца лютага 1956 года, а ўначы на 11 сакавіка ў яго здарыўся сардэчны прыступ.
У Польшчы аб акалічнасьцях сьмерці выказваліся розныя здагадкі, не выключаліся атручэньне ці нават самагубства, нібыта ўчыненае пасьля таго, як Беруту стала вядома пра нараду партыйнага актыву ў Варшаве 3 сакавіка 1956 году, на якой пачаўся працэс асуджэньня палітыкі сталінізацыі.
Шырокі распаўсюд таксама набыла пагалоска пра тое, што Берута маглі наўмысна зьліквідаваць савецкія спэцслужбы, бо ён стаў істотнай перашкодай у працэсе дэсталінізацыі Польшчы. Сумневы адносна афіцыйнай прычыны сьмерці выказваліся ў той час нават на партыйных сходах. Па тагачаснай Польшчы хадзілі прымаўкі пра апошнюю паездку Берута ў Маскву:
- «Pojechał w futerku, a wrócił w kuferku» («Паехаў у футры, а вярнуўся ў куфры»);
- «Рojechał dumnie, a wrócił w trumnie» («Паехаў горда, а вярнуўся ў труне»);
- «Zjadł ciastko z Kremlem» («Зьеў пірожнае з Крамлём»)...
Цікава, што ў часы Берута за кожную з такіх зьедлівых фраз таму, хто яе прамовіў, пагражала да 5 гадоў турмы. Берут асабіста настаяў, каб была ўведзена жорсткая крымінальная адказнасьць за тое, што ў тагачаснай Польшчы называлася «шаптанай прапагандай».
Пасьля Берута на палітычныя анэкдоты і зьедлівыя жарты пачалі глядзець паблажліва: у Польшчы, як і ў іншых «бараках сацыялістычнага лягера», пачалася лібэралізацыя. Самога Берута пахавалі з належнымі дзяржаўнымі ўшанаваньнямі, але без маўзалея і надта шырокага ўвекавечаньня памяці. Пры камуністычным рэжыме, праўда, існавалі помнікі, некалькі прадпрыемстваў і вуліц, якія насілі ягонае імя, але пасьля краху камунізму, які адбыўся ў 1989 годзе, усе згадкі пра Берута сьцерлі з грамадзкай прасторы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адам Міхнік: У Горадні будзе помнік Пачобуту, але перад тым ён павінен пакінуць у турме месца для ЛукашэнкіУ сучаснай Польшчы Берута лічаць адным з найбольшых злачынцаў у нацыянальнай гісторыі, вінаватым у сьмерці многіх тысяч суайчыньнікаў (у тым ліку барацьбітоў за польскую незалежнасьць). Польскія грамадзяне, які прыяжджаюць у Беларусь, зь некаторым зьдзіўленьнем выяўляюць, што ў Менску дагэтуль існуе вуліца Балеслава Берута — магчыма, адзінае месца на зямлі, дзе ўганараванае гэта імя. Назва вуліцы, відавочна, захавалася з камуністычных часоў, і назвалі яе ў гонар Берута як кіраўніка камуністычнай ПНР. Хоць у Беларусі захаваліся і іншыя ягоныя сьляды. Зь лета 1941 года Балеслаў Берут, які прыехаў сюды ўсьлед за нямецкімі танкамі, да 1943 года працаваў на пасадзе кіраўніка харчовага аддзела ў акупацыйнай Менскай гарадзкой управе. Зрэшты, лічыцца, што адначасова ён у той час быў агентам савецкай выведкі.
У момант сьмерці Балеславу Беруту было 63 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пул первого» паказаў Лукашэнку пасьля адсутнасьці. Стаіць на нагах, але моцна асіплыКлемэнт Готвальд: «Здаецца, на пахаваньні Сталіна я прастудзіўся...»
Калі 11 сакавіка 1953 года камуністычны прэзыдэнт Чэхаславаччыны Клемэнт Готвальд вярнуўся спэцыяльным самалётам з Масквы, з пахаваньня Сталіна, то першымі ягонымі словамі, сказанымі ў Празе прэм’еру Запатоцкаму адразу пасьля прывітаньня, былі скаргі на дрэннае самаадчуваньне: «Здаецца, я там прастудзіўся. Відаць, грып...»
Праз тры дні Клемэнт Готвальд памёр. Пазашлюбны сын беднай сялянкі Марыі Готвальдавай, які пры камуністах зрабіў ашаламляльную палітычную кар’еру і на пачатку 50-х ужо афіцыйна лічыўся правадыром чэхаславацкага народу, раптоўна сканаў ва ўзросьце 56 гадоў.
Афіцыйнай прычынай сьмерці быў названы раптоўны разрыў аорты. У строгім сакрэце ў той час у Чэхаславаччыне трымалі некаторыя іншыя адметнасьці фізычнага стану «чэскага Сталіна» — тое, што ён доўгія гады пакутаваў ад хранічнага алькагалізму і недалечанага сыфілісу. Зрэшты, такая хуткая сьмерць правадыра ў зусім яшчэ не старым веку выклікала шматлікія чуткі: ці не атруцілі яго ў Маскве?
Пахавалі Готвальда, як Леніна і Сталіна, забальзамаваўшы і выставіўшы цела ў адмысловым маўзалеі (які, што праўда, пачаткова прызначаўся для прэзыдэнта Масарыка). Паглядзець на мумію правадыра можна было ня так доўга: з 1953 па 1962 год. Ліквідацыя наступстваў «культу асобы», пачаўшыся ў СССР, дайшла і да ЧССР. У 1962 годзе цела Готвальда вынесьлі з маўзалея, зрабілі крэмацыю і пахавалі ў каменным саркафагу ў Нацыянальным мэмарыяле. Але і гэта было не апошняе месца ягонага спачыну. У 1990 годзе, пасьля «аксамітнай рэвалюцыі», прах Готвальда і 20 іншых камуністычных лідэраў быў вывезены з нацыянальнага пантэону і пахаваны ў агульнай магіле на Альшанскіх могілках у Празе. Горад Готвальдаў у Маравіі зноў стаў Зьлінам; шматлікім вуліцам, плошчам і фабрыкам таксама вярнулі іх гістарычныя назвы.
Кіраваў краінай Клімэнт Готвальд ня так доўга — меней за пяць гадоў. І першы час нават выступаў супраць палітычных працэсаў над супернікамі. Але ўрэшце паддаўся ціску Масквы і спрычыніўся да рэпрэсій і гібелі соцень ні ў чым не вінаватых людзей. Пра што чэхі не забылі і сёньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пацыент асаблівай важнасьці. Пра палітычны аспэкт хваробы ЛукашэнкіГеоргі Дзімітроў. На лячэньне ў Маскву ў суправаджэньні Бэрыі
Георгі Дзімітроў яшчэ пры жыцьці афіцыйна лічыўся ў Баўгарыі «любімым сынам народа», «правадыром і настаўнікам», «мудрым і слаўным правадыром партыі». І горад Дзімітраўград зьявіўся ў сацыялістычнай Баўгарыі таксама яшчэ пры жывым Дзімітрове: ён асабіста падпісаў адпаведную ўрадавую пастанову. Колішні кіраўнік Камінтэрну і паплечнік Сталіна, які ў 30-я заўзята, на савецкі ўзор праводзіў «чысткі» ў міжнародным камуністычным руху, Дзімітроў, стаўшы з дапамогай Крамля на чале камуністычнай Баўгарыі, ва ўсім імкнуўся пераймаць стыль і вобраз Сталіна.
Праўда, неўзабаве пасьля таго, як стаў правадыром, Дзімітроў занядужаў. Ужо са студзеня 1949 году амаль не выходзіў са свайго асабняка, дзе прымаў найвышэйшае кіраўніцтва рэжыму. Яму цяжка было хадзіць — амаль ня рухалася левая нага. Дакучалі болі ў жываце. Дыягназ мэдычнай камісіі: запушчаны цыроз, дыябэт, запаленьне прастаты, сардэчная недастатковасьць...
Каб забраць Дзімітрова на лячэньне ў Маскву, з СССР прыбыў спэцсамалёт з Лаўрэнціем Бэрыя на борце. Баўгарскі правадыр правёў два месяцы ў крамлёўскім спэцшпіталі. Неўзабаве яму стала лепш і яго перавялі ў санаторый «Барвіха». Там яго 25 чэрвеня наведаў Сталін. А 2 ліпеня баўгарскі правадыр там жа, у Барвісе, памёр. Яму на той час было 67 гадоў.
Забальзамаванае савецкімі адмыслоўцамі цела Дзімітрова даставілі ў Сафію, дзе пахавалі, як Леніна, у знарок збудаваным у цэнтры сталіцы маўзалеі. Культ асобы Дзімітрова ўсяляк падтрымліваўся ня толькі ў Баўгарыі, але і ў былым Савецкім Саюзе. Вуліцы і праспэкты ў ягоны гонар былі пераназваныя і ў многіх беларускіх гарадах (Менску, Магілёве, Віцебску).
Кіраваць краінай Дзімітрову выпала ня надта доўга. У першыя гады пасьля вайны ў баўгарскім парлямэнце яшчэ была ўплывовая апазыцыя. Дзімітроў запомніўся скрайне агрэсіўным стаўленьнем да яе. Дэпутатаў-апазыцыянэраў ён называў «п’янымі дэмаралізаванымі тыпамі», якіх «трэба выкінуць з Нацыянальнага сходу, як брудную анучу». На непасрэдны загад Дзімітрова лідэр дэмакратычнай апазыцыі Нікола Петкаў 5 чэрвеня 1947 году быў арыштаваны ў зале парлямэнту. Спроба апазыцыйных дэпутатаў абараніць свайго лідэра завяршылася іх пабіцьцём узброенымі міліцыянтамі. Неўзабаве 23 апазыцыйных дэпутатаў пазбавілі мандатаў. А Ніколу Петкава, у падрыхтоўцы абвінаваўчага акту супраць якога ўдзельнічаў асабіста Дзімітроў, праз два месяцы расстралялі як варожага шпіёна.
Цела Дзімітрова праляжала ў маўзалеі да 18 ліпеня 1990 году. Пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму яго пахавалі на гарадзкіх могілках. А будынак маўзалея ўзарвалі зь пятай спробы ў жніўні 1999-га.
Дасьледаваньні забальзамаванага цела Дзімітрова ў 90-х гадах паказалі падвышаную колькасьць іртуці, што магло быць вынікам атручэньня. Аднак далей дасьледаваць гэту вэрсію новыя баўгарскія ўлады не адважыліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Эўрапарлямэнту: Дэмакратычныя сілы Беларусі павінны быць гатовыя ўзяць уладу ў свае рукіРазьвітаньне з ілюзіямі
Той час у сярэдзіне 50-х гадоў, калі адзін за другім зьнікалі тыраны, быў для мільёнаў людзей часам вялікага чаканьня і надзеі. Заканчвалася эпоха. У грамадзкай атмасфэры пасьля многіх гадоў (а ў СССР — дзесяцігодзьдзяў) дэспатыі, рэпрэсій, страху, пакутаў лунала няўлоўнае адчуваньне, што гэта паласа завяршаецца, што наперадзе перамены. Маленькія клоны Сталіна адыходзілі ў нябыт усьлед са сваім кумірам і гаспадаром. Пачыналася новая старонка гісторыі ня толькі СССР — для цэлага шэрагу краін, якія вымушана сталі сатэлітамі Масквы. Гэта яшчэ была далёка не свабода, толькі палітычная адліга. Але ўжо ня трэба было баяцца кожнага стуку ў дзьверы і арышту за кожнае неасьцярожна сказанае слова. А таму адыходу надзеленых уладай сталіністаў, якія будавалі свае рэжымы на маскоўскі капыл, многія шчыра радаваліся.
І практычна паўсюль адначасова з пышнымі дзяржаўнымі пахаваньнямі актыўна цыркулявалі чуткі пра тое, што сьмерць правадыра (польскага, чэхаславацкага, баўгарскага, мангольскага) не выпадковая, што за ёй можа стаяць рука Масквы, Крамля. У гэта многія верылі: палітычныя забойствы ў сталінскім СССР былі звыклай справай.
Разьвітаньне зь мітамі, аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці і выкрыцьцё сапраўднай сутнасьці памерлых тыранаў адбываліся не адразу. Нават свой апошні спачын парэшткі колішніх правадыроў шукалі доўга і пакутліва, як правіла на працягу дзесяцігодзьдзяў (спачатку — бальзамаваньне, пышныя хаўтуры, маўзалей і масавае пакланеньне; потым, на пачатку 60-х — выдаленьне з маўзалею і менш пачэснае, але ўсё ж ганаровае пахаваньне на якой-небудзь Алеі славы кампартыйных дзеячаў; а пазьней, у 90-я, яшчэ і трэці акт драмы — перапахаваньне ў звычайную магілу на камунальных могілках).
Для Лукашэнкі гэтая даўно перагорнутая старонка гісторыі магла б быць асабліва цікавай. Усе гэтыя правадыры ў сваіх маленькіх камуністычных дыктатурах лічылі сябе асобамі надзвычайнай гістарычнай місіі. І вось мінулі дзесяцігодзьдзі. Бронзавыя статуі даўно зьнесены, маўзалеі разбураны, забойцы і каты названы ўласнымі імёнамі. Што гэта, калі не адкрыты ўрок гісторыі сёньняшняму дыктатару, які дажывае свой век? Вось што ў рэальнасьці чакае ягоную ўласную палітычную спадчыну і вось як нашчадкі праз 80 гадоў будуць глядзець і ацэньваць усё зробленае ім за тры дзесяцігодзьдзі ўзурпаванай улады. І наколькі прывіднае яно, сёньняшняе ўяўленьне пра ўласную гістарычную місію і веліч.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка апынуўся на электрычным крэсьле, пульт ад якога ў руках беларускага грамадзтва», — украінскі палітоляг Саак’ян