Як было раней
Дагэтуль, каб стаць у Беларусі рамесьнікам, трэба было прыйсьці ў сваю раённую падатковую інспэкцыю, напісаць заяву, што хочаш быць рамесьнікам, падаць кірунак сваёй творчай дзейнасьці, аплаціць рамесьніцкі збор (сёньня гэта 64 рублі на год, або 2 базавыя велічыні). І ўсё — чалавека прымалі ў шэрагі рамесьнікаў. Паказваць свае творы, нейкім чынам пацьвярджаць, што ты рамесьнік, звычайна не было патрэбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская эканоміка дасягнула дна і спрабуе адштурхнуцца», — эканаміст Зьміцер Крук
Што можа зьмяніцца
Сёлета ў красавіку стала вядома, што рамесьнікаў чакаюць зьмены. Да 1 ліпеня гэтага году яны мусяць пацьвердзіць, што яны сапраўды рамесьнікі. Для гэтага трэба падаць заяву ў мясцовыя органы ўлады. Дэталі працэдуры выканкамы абяцаюцца патлумачыць на сэмінарах.
Праграму ацэнкі рамесьнікаў распрацоўвалі чатыры міністэрствы. Рашэньні аб рамесьніках будуць прымаць камісіі, створаныя пры адміністрацыях раёнаў. Туды могуць увайсьці супрацоўнікі Мінкульту. У Менгарвыканкаме абяцаюць распрацаваць унутраны дакумэнт, які дапаможа камісіям прымаць рашэньні аб тым, «зьяўляецца гэта рамесьніцтвам ці эканамічнай дзейнасьцю».
Улады прыдумалі спосаб, які нібыта мае спрасьціць рамесьнікам працэс доказаў. У траўні на выходных кіраўнікі райцэнтраў маюць зладзіць кірмашы. На іх рамесьнікі змогуць паказаць свае творы. Камісіі маюць наведаць кірмашы і ўнесьці прысутных рамесьнікаў у свае сьпісы. Да такіх творцаў потым будуць «мінімальныя пытаньні», пішуць дзяржаўныя мэдыя.
Тыя рамесьнікі, якія ня здолеюць пацьвердзіць сваю дзейнасьць, пяройдуць на іншы від аплаты падаткаў.
Найбольшая колькасьць беларускіх рамесьнікаў зарэгістравана ў Менску — гэта 13 тысяч чалавек, паведамляюць улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады плянуюць памяняць умовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў«Гэта выглядае як зьдзек»
Зьміцер* (імёны суразмоўцаў зьмененыя. — РС) займаецца вырабам упрыгажэньняў, посуду, рэчаў для дома. Ён часова жыве ў Літве і праз палітычны перасьлед ня можа прыехаць у Беларусь. У Беларусі ён усё яшчэ зарэгістраваны як рамесьнік, плаціць рамесьніцкі збор. Большасьць ягоных кліентаў знаходзяцца ў Беларусі. Вырабы ім прыходзяць поштай.
«Маё часовае знаходжаньне за мяжой не зьмяняе майго статусу беларуса, падаткавага рэзыдэнта Беларусі (насамрэч, калі беларус больш за 183 дні жыве за мяжой, то, паводле закону, ён перастае быць падатковым рэзыдэнтам Беларусі. — РС). Што тычыцца новаўвядзеньняў, то гэта вялікае пытаньне. Хочуць зрабіць конкурс рамесьнікаў, прымусіць паказваць нейкай камісіі свае рамесьніцкія вырабы. Гэта выглядае як зьдзек. Гэтыя зьмены накіраваныя на тое, каб ускладніць і так складанае жыцьцё ўсіх, хто займаецца творчасьцю ў Беларусі», — камэнтуе Зьміцер.
Ён ужо зьвяртаўся да свайго падатковага інспэктара па тлумачэньні, аднак той кажа, што таксама яшчэ ня ведае, як дакладна будзе працаваць гэтая працэдура. Указаньняў зьверху інспэктары яшчэ не атрымалі.
Зь ліпеня рамесьнікаў хочуць абавязаць па-іншаму плаціць рамесьніцкі збор — ня раз на год, а штомесяц. Зьміцер лічыць гэта прымальнай зьменай.
«А ўсе гэтыя камісіі, якія будуць вызначаць, высокі ці нізкі ў мяне мастацкі ўзровень, ці маю я права называцца ганаровым імем рамесьніка, гэта выглядае сьмешна», — мяркуе Зьміцер.
Ён думае, што праз такія зьмены дзяржава можа пазбавіцца ад рамесьнікаў, якія цяпер жывуць і працуюць за мяжой. Аднак, на ягоную думку, жыцьцё ў іншай краіне можа і ня быць перашкодай для рамеснай дзейнасьці, асабліва калі яна не завязаная на вялікай майстэрні або аб’ёмным абсталяваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Многія дзеці ходзяць у школу нават без заплечнікаў». Як беларуская рамесьніца пераехала ў Фінляндыю, падалей ад вайны ва ЎкраінеАдначасна беларус сумняваецца, што такія зьмены сапраўды ўвядуць.
«Я ведаю беларускую адміністрацыю, чынавенства. Яны любяць ствараць кучу перашкод. Але яны адначасова вельмі лянівыя, працаваць надта ня любяць. Як яны гэтыя дзьве рэчы сумесьцяць у выніку, мне цяжка сказаць. Думаю, да канца траўня гэта вырашыцца», — кажа ён.
Зьміцер думае, што найперш страціць беларуская дзяржава, калі не пацьвердзіць ягоны статус рамесьніка.
«Перш за ўсё беларуская дзяржава страціць падаткаплатніка. Я, вядома, не горадаўтваральнае прадпрыемства, але ў дзяржавы сваіх грошай няма. У дзяржавы ёсьць людзі, якія плацяць ёй свае грошы ў выглядзе падаткаў. Калі дзяржава так ставіцца да сваіх утрымальнікаў і тых, хто напаўняе дзяржаўны бюджэт рэальнымі грашыма, трэба пашкадаваць такую дзяржаву», — кажа ён.
Сам ён можа страціць легальны статус: магчымасьць не хавацца ад уладаў, рэклямаваць і рассылаць свае вырабы ў Беларусі адкрыта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не вучыце нас з-за акіяну!» Чаму эмігрантаў нельга пазбаўляць права голасу«Да мяне ня могуць прыйсьці як да дармаеда»
Юрась — рамесьнік зь Беларусі, які вырабляе дзіцячыя цацкі і ўпрыгажэньні. Цяпер ён жыве ў Грузіі, у Беларусь ня можа вярнуцца праз палітычны перасьлед. Працягвае плаціць рамесны збор у Беларусі. Ён кажа, што рэгістрацыя рамесьнікам у Беларусі дае яму статус занятага ў эканоміцы Беларусі чалавека.
«Па-першае, да мяне ня могуць прыйсьці як да дармаеда дахаты. Па-другое, у мяне за гэта ня могуць адабраць маю кватэру, дзе цяпер жывуць іншыя людзі. Па-трэцяе, за гэты час, што я не жыву ў Беларусі, ні разу ніхто да мяне не прыходзіў і не дасылаў ніякіх паперак, што я зьехаў. А да суседзяў у Беларусі, якія нідзе афіцыйна не працуюць, ужо прыходзілі як да дармаедаў», — пералічвае ён бонусы.
Да таго ж аплата камунальных паслуг для беларусаў, якія выехалі і лічацца не занятымі ў эканоміцы, будзе вышэйшай, чым у занятых, адзначае ён. Аднак як будзе адрозьнівацца гэтая сума ад цяперашняй, рамесьнік ня ведае.
Ён яшчэ не прыдумаў, што рабіць зь меркаванымі зьменамі, і плянуе дачакацца канкрэтыкі ў законе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дачка сказала: „Вы можаце вяртацца ў Беларусь, але я не хачу“». Як былы палітвязень апынуўся ў ЗША«Ніхто з рамесьнікаў ня ведае, як гэта будзе выглядаць»
Валянціна шые адзеньне і вырабляе ўпрыгажэньні. Цяпер яна жыве ў Польшчы, у Беларусь ня можа паехаць праз палітычны перасьлед. Дагэтуль плаціць рамесьніцкі збор.
«Я лічылася ў Беларусі занятай, мяне ня ўпісвалі ў дармаеды. Цяпер ня ведаю, што будзе», — кажа яна.
Рамесьніца гатовая паказаць свае вырабы камісіі, але не асабіста, а, напрыклад, празь сяброўку, на якую плянуе зрабіць даверанасьць. Ці такі спосаб дазволяць, яна ня ведае.
«Ніхто з рамесьнікаў ня ведае, як гэта будзе выглядаць. На якіх такіх кірмашах яны будуць паказваць, што яны робяць? Каму паказваць? І што будзе, калі не пакажуць? Калі гэтага ня будзе, будзеш плаціць большы падатак, а які падатак — таксама невядома. Куча пытаньняў», — камэнтуе яна.
Яна перажывае, што калі ейны статус рамесьніцы не пацьвердзяць, то яна пяройдзе ў разрад «дармаедаў». Праз гэта давядзецца плаціць больш за камунальныя паслугі ў доме, які ёй належыць у Беларусі.
«Там ніхто не жыве. Гэта будзе значыць, што я павінная буду плаціць за сьвятло, газ, ваду 100%. Колькі гэта выйдзе, я ня ведаю. Яны кожны раз крычаць, што мы цяпер плацім то 50%, то 80%. Які працэнт і як яны яго лічаць, сказаць складана, і заўсёды ім усё мала, і ніяк да 100% ня дойдуць», — кажа Валянціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З усім можна справіцца, было б жаданьне». Як сям’я беларускіх палітэмігрантаў адкрыла салён штораў у Варшаве ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Глазураваныя сыркі пачалі рабіць на просьбу землякоў». Як беларусы з сабакамі і коньмі пераехалі ў Польшчу і вараць там сыр