Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Многія дзеці ходзяць у школу нават без заплечнікаў». Як беларуская рамесьніца пераехала ў Фінляндыю, падалей ад вайны ва Ўкраіне


Паліна Кузьняцова
Паліна Кузьняцова

«Доўгі час я выкручвалася, каб заставацца побач зь любімымі; спрабавала спраўляцца, змагацца. Але калі Беларусь стала яшчэ і агрэсарам у вайне і пляцдармам для расейскай арміі — мае надзеі праваліліся, нешта ўнутры зламалася», — кажа беларуская рамесьніца Паліна Кузьняцова, якая жыве ў Фінляндыі.

«Ніводзін з маіх страхаў пакуль не спраўдзіўся»

Паліне Кузьняцовай 33 гады. Яна скончыла мастацкую вучэльню, іграе на розных інструмэнтах, займаецца ткацтвам і прадае свае вырабы па ўсім сьвеце. У Паліны з мужам — двое дзяцей, 7-гадовы Герман і 9-гадовая Аліса.

Паліна кажа, што думкі зьехаць з краіны мела зь юнацтва.

«Любое разьвіцьцё трымалася выключна на энтузіязьме асобных людзей, якія ўмудраліся ня толькі ствараць нешта цікавае, але і пастаянна пераадольваць перашкоды, якія ім чыніла сыстэма, — разважае Паліна. — Залогам бясьпекі любых праектаў была ляяльнасьць дзяржаве або маўчаньне. Калі людзі ўжо не маглі маўчаць, апыналіся ў турме або выяжджалі. Краіна страчвала стваральнікаў, таленавітых і актыўных людзей. З кожным крокам ад дэмакратыі да таталітарызму Беларусь становіцца ўсё больш падобная на выпаленую пустку».

Канчатковае рашэньне выехаць прыняла пасьля нападу Расеі на Ўкраіну.

«Калі Беларусь стала яшчэ і агрэсарам у вайне і пляцдармам для расейскай арміі, мае надзеі паваліліся, нешта ўнутры зламалася», — тлумачыць мастачка.

Вырабы Паліны Кузьняцовай
Вырабы Паліны Кузьняцовай

Паводле жанчыны, перад пераездам яна мела шмат страхаў: што давядзецца шмат працаваць і дзеці ня будуць яе бачыць, што страціць любімую справу, магчыма на гады, пакуль не ўладкуецца і ня зможа зноў займацца творчасьцю. Таксама баялася адзіноты, бо большасьць сяброў разьехаліся па сьвеце або засталіся ў Беларусі. Было страшна, што, пакуль ня вывучыць мову, ня знойдзе «сваіх».

«Пакуль ніводзін з маіх страхаў ня спраўдзіўся», — кажа беларуска.

«Людзі тут зусім іншыя, вельмі разьняволеныя; здаецца, для іх не бывае невырашальных праблем»

Спачатку паехалі проста ў госьці да сястры Паліны, якая жыве ў Фінляндыі.

«Фінляндыя мне вельмі падабаецца. Мае каштоўнасьці шмат у чым супадаюць з каштоўнасьцямі, якія прасоўвае гэтая краіна на дзяржаўным узроўні», — кажа Паліна.

У Хэльсынкі Паліну зь дзецьмі сустрэлі сваякі. «Дзеці, вядома, былі ў захапленьні. Мы ехалі праз Польшчу, і яшчэ там дзеці пыталіся: „Мама, чаму тут настолькі прыгажэй, чым у Беларусі?“ Я ня ведала, што адказаць. Таму што ў людзей ёсьць сілы і магчымасьці ствараць прыгажосьць вакол? Таму што гарадзкі асяродак ствараюць тыя, хто больш таленавіты, а ня тыя, хто больш ляяльны ўладам?», — кажа Паліна.

Сям’ю вельмі ўразіла фінская прырода: мора, выспы, скалы, лішайнікі, азёры, пагоркі, рэкі. Уразілі і людзі.

«Яны тут зусім іншыя, вельмі разьняволеныя; здаецца, для іх не бывае невырашальных праблем, яны прывыклі, што не бывае бязвыхадных сытуацый. Яны жывуць зусім іншым жыцьцём. Калі большасьць беларусаў імкнецца выжыць, то большасьці фінаў выжываць асабліва не даводзіцца, у іх усяго дастаткова. Гэта дае магчымасьць перайсьці на іншы ўзровень — узровень напаўненьня жыцьця сэнсам. Яны валянтэраць у пажарнай службе, ратуючы людзей, дапамагаюць уцекачам, займаюцца творчасьцю, вынаходзяць нейкія карысныя штукі, а то і ўсё адразу. Пры гэтым ім ніхто не перашкаджае, дзяржава хутчэй паспрыяе такім ініцыятывам! Я, вядома, не магу сказаць за ўсіх фінаў, але нават у невялікай вёсачцы, дзе мы жывём, канцэнтрацыя такіх людзей вялікая», — дзеліцца мастачка.

Рака ў Фінляндыі
Рака ў Фінляндыі

«Я падала заяўку на арт-рэзыдэнцыю, асабліва ні на што не разьлічваючы»

Паліна кажа, што без дапамогі добрых людзей нічога ня робіцца.

«Я вельмі ўдзячная сваім блізкім сябрам і сваякам за дапамогу, веру ў мяне і маральную падтрымку! Яны фактычна прышывалі мне крылы», — кажа мастачка.

Яна расказвае, што ейныя кліенты з усяго сьвету, калі даведаліся пра пераезд у чужую краіну, падтрымалі яе матэрыяльна, рэклямавалі і куплялі яе вырабы.

Перад ад’ездам Паліна ўбачыла рэкляму ў Facebook арганізацыі «Artists at risk». Гэта міжнародная арганізацыя, заснаваная ў Фінляндыі, якая дапамагае мастакам і творчым людзям, якія апынуліся пад пагрозай вайны ці палітычнага перасьледу, знайсьці рэзыдэнцыю, дзе яны змогуць працягваць ствараць у бясьпечным месцы.

«У аб’яве, якая мне трапілася, яны прапаноўвалі дапамогу ўкраінскім, беларускім і расейскім мастакам. Я не адчувала сябе ні мастаком, ні вартай дапамогі нароўні з украінцамі, але ад аб’явы ўзьнікла адчуваньне, што, магчыма, у іх дастаткова месца для ўсіх? Я падала заяўку, асабліва ні на што не разьлічваючы. Калі мы былі ўжо ў сястры, яны прапанавалі мне месца ў карэльскай рэзыдэнцыі на краі зямлі. І мы паехалі, нікога тут ня ведаючы. Проста гэта была адзіная арт-рэзыдэнцыя з ткацкім станком», — кажа Паліна.

Ткацкія вырабы Паліны Кузьняцовай
Ткацкія вырабы Паліны Кузьняцовай

Яна апавядае, што яе вельмі цёпла сустрэлі Караліна і Род — мастачка па тэкстылі і майстар музычных інструмэнтаў.

«Менавіта Караліна прапанавала вясковай супольнасьці арганізаваць арт-рэзыдэнцыю ў былым будынку мясцовага самакіраваньня. Гэта стала яе рэакцыяй на вайну ва Ўкраіне. Уся вёска ўдзельнічала ў арганізацыі прасторы: прыборка, мэбля, забесьпячэньне ўсім неабходным», — кажа беларуска.

Некалькі тыдняў таму да рэзыдэнцыі далучылася ўкраінская мастачка з дзецьмі.

«Вясковыя жыхары працягваюць дапамагаць нам ва ўсім: возяць у крамы, знаходзяць ровары і рамантуюць іх, арганізоўваюць вольны час. Шмат у чым гэтая дапамога ўжо перавысіла паняцьце дапамогі: дзеці лёгка абышліся б без батута або тэлевізара, але для мясцовых жыхароў важна, каб нам было тут добра. Мы адчуваем клопат пра нас», — кажа Паліна.

Прырода ў Фінляндыі
Прырода ў Фінляндыі

«Тут была мая першая тэкстыльная выстава, хоць я займаюся ручным ткацтвам ужо гадоў дзесяць»

Паліна падалася на працоўны від на жыхарства. Чаканьне рашэньня можа заняць да 7-8 месяцаў. Але гэты час можна знаходзіцца ў краіне.

«Прасьцей за ўсё легалізавацца цяпер беларусам, у якіх ёсьць украінскі від на жыхарства і якія ўцяклі з Украіны ў сувязі з вайной. Яны маюць такое ж права на часовую абарону, як і ўкраінцы. Гэта дае магчымасьць працаваць, атрымліваць дапамогу», — кажа мастачка.

Яшчэ адзін варыянт легалізацыі — вучоба. Трэба мець пэўную суму грошай на рахунку на час вучобы і ўзровень мовы хаця бы А2.

Пакуль Паліна — свабодная мастачка ў рэзыдэнцыі. Што будзе далей, невядома.

«Але магчымасьцяў тут шмат; калі не хапае — можна павучыцца або прайсьці дадатковыя курсы», — кажа яна.

Паліна Кузьняцова
Паліна Кузьняцова

На Дзень вёскі Паліна зладзіла сваю выставу. «Так атрымалася, што гэта была мая першая тэкстыльная выстава, хоць я займаюся ручным ткацтвам ужо гадоў дзесяць. Дзеці нарабілі ліманаду і прадавалі на вуліцы падчас сьвята. Гэта таксама быў першы досьвед „дзіцячага бізнэсу“ для іх», — кажа мастачка.

3 жніўня ў яе адкрываецца чарговая выстава ў суседнім мястэчку.

«Нават у такіх невялікіх мястэчках ёсьць свае музэі, крамы, мастакі і рамесьнікі прадаюць у іх свае вырабы. Добра разьвітая сыстэма грантаў, як ад дзяржавы, так і ад прыватных арганізацый. Гранты выдаюць пад розныя творчыя праекты, і такім чынам культурнае жыцьцё квітнее. Вядома і тут ёсьць свае цяжкасьці і абмежаваньні, але зь Беларусьсю не параўнаць», — кажа Паліна.

Паводле яе назіраньняў, з ручным ткацтвам у Фінляндыі ў разы лепш, чым у многіх краінах сьвету. У Фінляндыі ёсьць адмысловая фабрыка — адзін з самых буйных вытворцаў ткацкіх станкоў і абсталяваньня на міжнародным рынку. Працуюць ткацкія майстэрні і школы. У многіх дома ёсьць ткацкія станкі.

«Станок, які стаіць у мяне ў Беларусі, быў прывезены якраз зь Фінляндыі. І, хоць фіны наракаюць, што ручное ткацтва гіне як традыцыя, многія школы закрываюцца, усё роўна па ўзроўні магчымасьцяў для мяне гэта ткацкі рай. У Беларусі майстрыхі плачуць ад немагчымасьці знайсьці сучасныя станкі не па цане крыла самалёта», — кажа беларуска.

Вырабы Паліны Кузьняцовай
Вырабы Паліны Кузьняцовай

«Дзеці проста ў захапленьні ад школы!»

Паліна ведае ангельскую мову, таму няма асаблівых праблем з камунікацыяй. Фіны вучаць ангельскую зь першай клясы. Фінская ж мова няпростая. «Я вучу, спрабую размаўляць, пытаюся ў сястры ці сяброў, калі мне нешта незразумела. Можна сказаць, у мяне свае курсы ў сваім тэмпе і з улікам маіх моўных патрэбаў», — кажа беларуска.

Дзеці ўжо хадзілі ў школу некалькі дзён у канцы навучальнага году. 10 жніўня пачнецца новы навучальны год.

«Яны ў поўным захапленьні ад школы! У школе ёсьць расейскамоўныя настаўнікі і памочнікі настаўнікаў, якія дапамагаюць дзецям асвоіцца. Школа новая, сучасная, яе пабудавалі зусім нядаўна, і яна зьдзіўляе, гэта нейкі футурыстычны сьвет: 3D-прынтэры, станкі для дрэваапрацоўкі, лазэрныя станкі, музычныя інструмэнты, шмат прыладаў для творчасьці, якія даюцца дзецям проста ў школе, як і падручнікі і працоўныя матэрыялы, інтэрактыўныя электронныя дошкі, самакаты і адмысловыя трасы для іх з горкамі ў двары. Школа, пра якую беларускія дзеці могуць толькі марыць. Сюды прыяжджаюць дзеці з усіх суседніх вёсак, іх зьбірае і развозіць бясплатны школьны аўтобус», — кажа беларуска.

Школы тут бясплатныя. Форма не патрэбна. Усе неабходнае выдаюць у школе.

«Многія дзеці езьдзяць у школу нават без заплечнікаў», — кажа беларуска.

«Арэнда тут даражэйшая, прадукты каштуюць прыкладна столькі ж у эўра, як у Беларусі ў рублях»

Арэнда кватэр і дамоў у Фінляндыі даражэйшая, чым у Беларусі. «У аддаленых ад вялікіх гарадоў месцах, вядома, таньней — за 350 эўра плюс камунальныя можна знайсьці жытло. Ежа — прыкладна столькі ж у эўра, колькі ў Беларусі ў рублях. Але некаторыя прадукты значна таньнейшыя, напрыклад сыры. Пры гэтым практычна ўсе значна смачнейшае, а разнастайнасьць дзівіць», — кажа Паліна.

Ёй асабіста не хапае смачных памідораў з градкі, якія яна мела ў сваёй вёсцы над Дняпром.

Мінус у выдатках — ня трэба школьная форма для дзяцей, падручнікі і гэтак далей. Усім забясьпечвае школа.

«У цэлым гэта вельмі добрая краіна і грамадзтва». Зьяўляецца надзея, што ў здаровых умовах людзі, у цэлым, могуць расьці здаровымі асобамі, са здаровымі каштоўнасьцямі«, — дадае Паліна.

Палі і лугі Фінляндыі ў аб'ектыве беларускай рамесьніцы
Палі і лугі Фінляндыі ў аб'ектыве беларускай рамесьніцы

«З тугой па Радзіме спраўляюся так: сьпяваю сумныя песьні, паглыбляюся ў працу»

Паліна сумуе па блізкіх людзях, па котцы, па любімых месцах у Беларусі. Тузе па Радзіме стараецца даваць рады. Сьпявае сумныя песьні, працуе. «Сумныя песьні — вядомы і вельмі старажытны спосаб выплакваць сваю смутак. Паглыбіцца ў працу таксама дапамагае», — кажа беларуска.

Яна кажа, што марыць пра свабодную Беларусь.

«Думаю, цяпер у нас больш шанцаў, чым у Расеі, калі нейкім цудам атрымаецца адарвацца ад яе. Аднак надзеі, што гэта будзе пры маім жыцьці, у мяне амаль не засталося, на жаль. Але аднойчы, вядома, Беларусь будзе свабоднай, па-іншаму быць ня можа. Разбурэньне супярэчыць прыродзе, у тым ліку чалавечай, эвалюцыя каштоўнасьцяў прарываецца так ці інакш, як парасткі скрозь асфальт, дастаткова паглядзець, колькі свабодных, творчых беларусаў умудрылася вырасьці ў гэтай краіне да 2020 году! Колькі ні замыкай людзей у клеткі, колькі ні бі — унутраную свабоду ня зьнішчыць. Аднойчы сыны міліцыянтаў, чыноўнікаў, вайскоўцаў, выпадкова вырастуць зусім не ў бацькоў, і тыя нічога ня змогуць з гэтым зрабіць, таму што выхаваньне магчымае толькі любоўю, а ня сілай», — кажа мастачка.

Паліна кажа, што хоча гадаваць дзяцей у здаровым асяродзьдзі. «Хочацца, каб яны радзей пакутавалі ад пачуцьця адчаю, безвыходнасьці і бездапаможнасьці, каб яны маглі рэалізаваць свае самыя цікавыя задумы, каб яны нічога не баяліся, жывучы сумленна».

«Фінляндыя змагла пабудаваць дэмакратычнае, сацыяльна арыентаванае грамадзтва, з роўнымі магчымасьцямі для ўсіх, і ўсё гэта па суседзтве з Расеяй. Аднойчы і ў Беларусі павінна атрымацца. Ня ведаю, ці дажыву я. Усё зьмяняецца — гэта закон жыцьця. І можа зьмяняцца даволі раптоўна. Чалавечнасьць заўсёды перамагае страх і зло, рана ці позна. Інакш людзі даўно вынішчылі б адзін аднаго», — кажа Паліна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG