У падпісаным Пуціным указе гаворыцца, што грамадзяне Ўкраіны, якія пражываюць на анэксаваных тэрыторыях і вырашылі захаваць украінскае грамадзянства, могуць пражываць там да 1 ліпеня 2024 году. Пасьля чаго іх могуць дэпартаваць.
Згодна з указам, замежнікамі будуць лічыцца тыя грамадзяне, якія «заявілі аб сваім жаданьні захаваць існуючае ў іх грамадзянства або застацца асобамі без грамадзянства», а таксама не прынесьлі прысягу грамадзяніна Расеі.
Асобны пункт указу датычыцца дэпартацыі тых, хто «стварае пагрозу нацыянальнай бясьпецы» Расеі. Жыхароў анэксаваных рэгіёнаў, якія выступаюць за «гвалтоўную зьмену асноў канстытуцыйнага ладу» ў Расеі, фінансуюць тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасьць або ўдзельнічаюць у «несанкцыянаваных» акцыях, будуць «дэпартаваць і забараняць ім уезд у краіну», піша «Дождь».
Раней Савет Фэдэрацыі РФ ухваліў прынятыя Дзярждумай папраўкі да закону аб грамадзянстве, згодна зь якімі пазбаўляць набытага грамадзянства РФ будуць за «пагрозьлівыя для нацыянальнай бясьпекі дзеяньні», у тым ліку за ваенныя «фэйкі» і «дыскрэдытацыю» арміі РФ, нагадвае «Настоящее время». Сярод іншых парушэньняў, з-за якіх расейскія ўлады змогуць пазбаўляць набытага грамадзянства, — масавыя беспарадкі, неаднаразовае парушэньне закону аб мітынгах, ухіленьне ад вайсковай службы, дэзэрцірства, невыкананьне заканадаўства аб «замежных агентах».
- Сёньня Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, якая асуджае прымусовую дэпартацыю ўкраінцаў у Расею і прызнае Аляксандра Лукашэнку датычным да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
- У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Акрамя таго, ордэр выдадзены на ўпаўнаважаную па правах дзіцяці ў Расеі Марыю Львову-Бялову. МКС падазрае абаіх ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацый і перамяшчэньня насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд.