22-гадовы Ян у Беларусі зазнаў перасьлед сілавікамі, яго білі, зламалі рэбры і адрэзалі доўгія валасы. За ўдзел у пратэстах яго адлічылі з Акадэміі мастацтваў. Цяпер Ян вучыцца ў Румыніі. Хлопец расказаў блогу «Галасы» пра асаблівасьці жыцьця ў гэтай краіне. Свабода перадрукавала гэты тэкст.
«Адзін з маіх аргумэнтаў у спрэчках — што мы, беларусы, пратэставалі, прайшлі праз гвалт і турмы»
Ян са сваёй жонкай Юліяй трапілі ў Румынію на вучобу пасьля рэпрэсій у Беларусі. Ян вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на факультэце экранных мастацтваў, рэжысуры кіно і тэлевізіі. Юля — у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў на факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага беларускага мастацтва.
Абое расказваюць, што іх адлічылі за ўдзел у пратэстах. Ян трапіў пад зьбіцьцё АМАПам, яму зламалі рэбры, пашкодзілі бубенную балону, адрэзалі доўгія валасы. Хлопец кажа, што сілавікі білі яго электрашокерам, ботамі ў грудзі за байку з Пагоняй. У дадатак малады чалавек трапіў на «суткі».
У Румыніі маладая пара першы год вывучала румынскую мову. Цяпер яны навучаюцца ва ўнівэрсытэце ў Тымішоары на творчай спэцыяльнасьці, на мастакоў-графікаў. У іхнай групе яны адзіныя беларусы, усе астатнія студэнты румыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За што нас так ня любяць?» Як беларусам супрацьстаяць непрыязнаму стаўленьню да сябе«Да 24 лютага 2022 году да нас інакш ставіліся, лепей. Пасьля таго, як Расея напала на Ўкраіну, стаўленьне да нас зьмянілася ў некаторых сфэрах жыцьця.
Напрыклад, я працую на дастаўцы ежы. Прывёз заказ. Румын заўважыў, што я маю акцэнт, пачаў пытацца, адкуль я. Калі я сказаў, што зь Беларусі (я не хачу хлусіць і не хачу нечага ўтойваць), то ён пачаў наяжджаць на мяне. Маўляў, чаму вы нічога ня можаце зрабіць у сваёй краіне, праз вас пачалася вайна, бедныя ўкраінцы! Я адказаў, што, у адрозьненьне ад вас, мы ня можам купіць зброю. Бяз зброі зьмены немагчымыя. Я патлумачыў, што беларусы не падтрымліваюць вайну. Ён трохі супакоіўся, але нават не разьвітаўся і бурчэў пад нос нешта кшталту: „У кожнага свая праўда“», — расказаў Ян.
Пры такіх сутычках беларус стараецца распавядаць аб пратэстах у Беларусі, аб гвалце міліцыі і затрыманьнях. Перадузятае стаўленьне ён заўважыў нават у паліклініцы, калі здаваў аналізы, і падчас працы на дастаўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не чытаю першых камэнтароў». Украінская тыктокерка расказала, як у сваіх роліках абараняе беларусаў«Банк і пераводы грошай — гэта часта пакута для нас»
Ян кажа, што ён і жонка часта сутыкаюцца з праблемамі з банкаўскім рахункам.
«Трэба было пацьвердзіць свой новы дазвол на жыхарства. Мяне хоць запрасілі ў банк, Юлі ж наогул проста заблякавалі рахунак. Яна не магла ні зьняць, ні забраць свае грошы. Нам акурат прыйшла стыпэндыя, і мы зьбіраліся аддаць яе за арэнду за кватэру», — успамінае суразмоўца.
Калі ж прыйшоў у банк, то супрацоўнікі проста пры ім абмяркоўвалі яго і жонку. Можа, яны думалі, што маладая пара ня ведае румынскай мовы.
«Хто мы, адкуль мы, чаго сюды прыперліся, такое абмяркоўвалі. Адмовіліся адкрыць інтэрнэт-банкінг, сказалі, што як беларусы ня маем на гэта права. Казалі, што мы пад санкцыямі. Наагул размаўлялі незадаволеным тонам. Часам банк не дае дазволу на пераводы ці адхіляе трансакцыі. Калі прыходзіш разьбірацца, то яны там падымаюць вочы ў столь і ўвесь час некуды тэлефануюць. Маўляў, зноў гэтыя беларусы нечага хочуць», — кажа студэнт.
Ян дадае, што нават сярод выкладчыкаў сустракаюцца такія, якія непрыязна ставяцца да беларусаў.
«Адзін пры размове з намі сказаў у такім духу, што „на халеру вы сюды прыперліся“, „чаму ня робіце нешта дома“. Калі мы расказалі сваю гісторыю, то ён трохі астыў. Але відаць, што наша рэпутацыя сапсаваная тут дзякуючы Расеі і таму, што зь Беларусі ляцелі ракеты», — лічыць Ян.
Другому выкладчыку студэнты тлумачылі, што Беларусь — гэта не Расея, а асобная краіна са сваёй гісторыяй і культурай. Выкладчык, па словах Яна, заявіў, што беларуская і расейская — гэта «адна і тая ж мова». Ён папікаў студэнтаў, што беларусы нібыта падтрымліваюць вайну.
«Я не хачу нагадваць румынам, на якім баку яны былі падчас Другой сусьветнай», — кажа студэнт.
Але іншыя выкладчыкі, напрыклад майстар студэнтаў, цалкам на іх баку і падтрымліваюць Яна і Юлю. Што тычыцца аднагрупнікаў, то Ян кажа, што да іх у часткі групы нармальнае стаўленьне. Другая частка проста не заўважае іх.
«І можа быць, гэта добра. Не даводзіцца канфліктаваць ці нешта тлумачыць», — зазначыў беларус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз Мэксыку, зь цяжарнай жонкай і дзіцем. Былы азотавец расказаў пра няўдалую спробу страйку і ўцёкі ў ЗША«Атрыманьне дазволу на жыхарства — гэта некалькі дзён у жывой чарзе, скандалы і нэрвы»
Беларус таксама расказаў пра асаблівасьці атрыманьня дазволу на жыхарства ў іхным горадзе Тымішоара. Ён кажа, што для іх на цэлы рэгіён ёсьць толькі адно акенца ў міграцыйнай службе на атрыманьне дазволу на жыхарства. Між тым толькі ва ўнівэрсытэце вучацца 16 тысяч чалавек. У горадзе жывуць і працуюць кітайцы, малдаване, сэрбы, туркі, людзі іншых нацыянальнасьцяў.
«У гэтае акенца можна трапіць па жывой чарзе. Мы, напрыклад, адстаялі ў той чарзе тры дні, ня спаўшы, ня еўшы. Бо сьпісы ўвесь час зьмяняюцца, там кіруюць усім, здаецца, туркі. Цябе ў нейкі момант проста выкідаюць са сьпісу, і ты зноў трапляеш у канец чаргі. Яшчэ такое: нам далі месцы ў чарзе 104 і 105, аддзел жа за дзень можа прыняць 5-6 чалавек. Бо яны працуюць з 8 да 12:0. І ўсё. Яшчэ тут без чаргі ідуць грамадзяне Эўразьвязу. Таму можаш адчуць сябе чалавекам другога гатунку. Ёсьць сыстэма онлайн, але там тры месяцы трэба чакаць адказу», — дзеліцца Ян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пытаньняў і адказаў пра тое, як беларусу-ўцекачу легалізавацца ў ЭўразьвязеПа словах хлопца, за тры дні ў чарзе ім з жонкай так і не ўдалося падаць дакумэнты на дазвол на жыхарства. Агулам на гэта спатрэбілася тры тыдні.
«І то пашанцавала: пазьней увялі сыстэму талёнаў, бо было вельмі шмат скаргаў на іх працу. І дзякуючы таму, што нехта не прыйшоў, а паліцэйскі зжаліўся над намі і аддаў нам чужы талён, мы нарэшце падаліся на дазвол на жыхарства», — кажа беларус.
«Прыемныя моманты — прыгожая прырода, архітэктура і навучаньне любімай спэцыяльнасьці»
Ян зь Юляй плянуюць скончыць ВНУ, атрымаць дыплёмы. Вучыцца ім ва ўнівэрсытэце — тры гады.
Пераяжджаць некуды ня бачаць пакуль сэнсу, бо ўжо ведаюць румынскую і вучацца цяпер на гэтай мове. Ян кажа, што хацеў бы пасьля заканчэньня вучобы працаваць выкладчыкам ці настаўнікам.
Стыпэндыя ў іх невялікая, яшчэ трэба самому купляць фарбы, алоўкі, паперу, адмысловыя матэрыялы для вучобы. Таму Ян з жонкай шукаюць падпрацоўку, у асноўным гэта дастаўка ежы.
«Я задумаўся, што мы зь Юляй маем шмат розных навыкаў і маглі бы працаваць на карысьць Беларусі. Бо я добра ведаю гісторыю (яна мяне і цяпер вабіць), умею працаваць з мантажом фота, відэа, пісаць тэксты магу, фатаграфую добра. Таму мы шукаем, дзе мы маглі б прымяніць сябе на карысьць нашай Радзімы. Можа, нешта знойдзем, мо мы некаму патрэбныя», — разважае Ян.
У Румыніі яны з жонкай Юляй удзельнічалі ў работах па аднаўленьні румынскай прамысловай архітэктуры.
«Непадалёк ад нашага гораду ёсьць доменная печ ХІХ стагодзьдзя. Румыны хочуць зрабіць зь яе помнік архітэктуры. Наш факультэт і мы таксама рабілі для гэтага адмысловыя работы. Таксама Тымішоара будзе налета культурнай сталіцы Эўропы. Наш выкладчык прапанаваў паўдзельнічаць улетку ў розных творчых праектах з гэтай нагоды», — кажа беларус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Айцішнік, парамэдык, маці, палітык. Беларусы расказалі, што для іх зьмянілася за апошні год і пра што яны марацьУ Румыніі ён бачыць і добрыя бакі — гэта маляўнічая прырода, старажытная архітэктура, імкненьне краіны да зьмен да лепшага. Ян кажа, што нядаўна ў Румыніі зрабілі дарожку для ровараў працягласьцю каля 100 кілямэтраў, аж да Сэрбіі.
«З нэгатыву магу адзначыць тое, што тут шмат сьмецьця. Бачыў такія сцэны, калі чалавек з сабакам прыйшоў у краму — і сабака проста абмачыў адну з паліц. Здаецца, для іх гэта нармальна. Бо і на вуліцы за сабакамі не прыбіраюць, паўсюды можна сустрэць „міны“», — кажа беларус.
Пакуль што Ян зь Юляй вучацца, дбаюць пра адукацыю і будучыню, якую яны зьвязваюць з мастацтвам.
«Проста хочам у будучыні мець нармальную чалавечую працу ў Эўропе», — дадаў суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не вучыце нас з-за акіяну!» Чаму эмігрантаў нельга пазбаўляць права голасу