Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) працягвае адпраўляць службы ў храмах Кіева-Пячорскай лаўры, нягледзячы на заканчэньне тэрміну бясплатнай арэнды рэлігійнага і гістарычнага помніка.
На мінулым і пачатку цяперашняга тыдня некаторыя прадстаўнікі духавенства вывозілі з Кіева-Пячорскай лаўры абразы, бытавую тэхніку і іншую маёмасьць, якую лічаць сваёю.
Раніцай 29 сакавіка каля лаўры пачала дзяжурыць паліцыя. Яе супрацоўнікі правяралі ўсе машыны, якія выяжджалі з тэрыторыі запаведніку.
Сьпікер УПЦ МП Клімент заявіў, што іхныя манахі ня будуць пакідаць Кіева-Пячорскую лаўру.
«Ніякага высяленьня ні 29-га, ні 30-га, ні 31-га і ў любы іншы час быць ня можа, бо няма ніякіх законных падстаў», — сказаў ён.
Як паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода, цяпер на тэрыторыі лаўры зьменшылася колькасьць вернікаў. На ранішнюю службу, паводле журналістаў, сабралася некалькі сотняў чалавек.
Журналісты таксама заўважылі, што Кіева-Пячорскую лаўру на аўтамабілі Mercedes-Benz пакінуў яе настаяцель мітрапаліт Павел.
13 сакавіка стала вядома, што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла Ўкраінскай праваслаўнай царкве пра разрыў з 29 сакавіка дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай лаўры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны папярэдзіў УПЦ Маскоўскага патрыярхату аб патрэбе пакінуць Кіева-Пячорскую ляўруПадставай для гэтага рашэньня сталі зафіксаваныя парушэньні ўмоў карыстаньня дзяржаўнай маёмасьцю.
Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве назвалі ліст-папярэджаньне міністэрства «ўльтыматумам» і параўналі яго зь дзеяньнямі савецкіх уладаў.
Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выкарыстоўвала Кіева-Пячорскую лаўру на правах бестэрміновай арэнды. Раней такія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дамовы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін. Усе гістарычныя лаўры Ўкраіны, у тым ліку Кіева-Пячорская, знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі рэлігійныя арганізацыі з цэнтрам у Расеі. УПЦ Маскоўскага патрыярхату пад пагрозай2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі.
Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадку аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінскай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сьвятару УПЦ Маскоўскага патрыярхату прысудзілі 12 гадоў турмы за супрацоўніцтва з расейскім войскамЗ канца лістапада 2022 году сьледчыя Службы бясьпекі і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны правялі вобшукі ў япархіях УПЦ МП. Па іх выніках некалькім сьвятарам уручылі падазрэньні ў апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны.
УПЦ МП правяла 20 сакавіка пасяджэньне свайго Сыноду, на якім выключыла са свайго складу мітрапаліта Сімферопальскага і Крымскага Лазара. У студзені 2023 году Зяленскі пазбавіў яго ўкраінскага грамадзянства за падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўкраіны пасьля пратэсту УПЦ Маскоўскага патрыярхату каля Офісу прэзыдэнта закрылі доступ да некалькіх аб’ектаў Кіева-Пячорскай лаўрыПасьля Сыноду сьвятары УПЦ МП накіраваліся да Офісу прэзыдэнта Ўкраіны на вуліцы Банкавай з патрабаваньнем тэрміновай сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім. УПЦ МП перакананая, што Зяленскі атрымлівае непраўдзівую інфармацыю пра дзейнасьць Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.
Сьвятары намагаліся дабіцца перагляду рашэньня ўладаў наконт разрыву дамовы аб арэндзе аб’ектаў Кіева-Пячорскай лаўры з 29 сакавіка.