Рада БНР заклікала падняць тэму «расейскай ваеннай акупацыі» Беларусі на сэсіі Генасамблеі ААН

Сэсія Генэральнай амблеі ААН. Нью-Ёрк, 2023

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікала падпісантаў Будапэшцкага мэмарандуму і суседзяў Беларусі ініцыяваць разгляд на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН пытаньня аб «расейскай вайсковай акупацыі» Беларусі.

Ацэньваючы заяву прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра намер разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю, Рада БНР убачыла ў гэтым намеры «поўную залежнасьць Лукашэнкі ад Крамля» і фіксацыю разрыву «інтарэсаў Лукашэнкі і памкненьняў беларускага народку, які яшчэ ў 1990 годзе ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце выказаў намер дамагчыся бязьядзернага статусу краіны».

У заяве Рада БНР зьвяртае ўвагу, што верагодная «наяўнасьць расейскіх ядзерных боегаловак стварае рэальную пагрозу як для суседніх краінаў — Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі, гэтак і для самога беларускага народа, паколькі робіць тэрыторыю краіны практычна гарантаванай мішэньню для ядзернага ўдару».

«Беларусь, захоўваючы фармальныя прыкметы незалежнасьці, дэ-факта знаходзіцца пад палітычнай, эканамічнай і культурнай акупацыяй Масквы, пры якой пад пагрозу зьнікненьня пастаўленыя беларусы як нацыя. Разьмяшчаючы на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю, Пуцін ставіць беларускі народ цяпер ужо і пад пагрозу фізычнага існаваньня, — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мішэнь для ядзернага ўдару, «чырвоны тэлефон» Шушкевіча і закрытае пасяджэньне парлямэнту. 15 фактаў пра вывад ядзернай зброі зь Беларусі

Таксама нагадваецца, што «у часы максымальнай свабоды, у пачатку 1990-х гадоў, беларусы добраахвотна адмовіліся ад ядзернай зброі. Пры гэтым падпісанты Будапэшцкага мэмарандуму (1994) дэкляравалі гарантыі сувэрэнітэту Беларусі».

«У гэтай сытуацыі Рада БНР заклікае дзяржавы – падпісанты Будапэшцкага мэмарандуму, а таксама суседзяў Беларусі ініцыяваць разгляд на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН пытаньня расейскай вайсковай акупацыі ў змове з узурпатарам улады Лукашэнкам. Беларусь як найхутчэй павінна быць вызваленая ад панаваньня двух дыктатараў, альянс якіх стварае рэальную пагрозу народам Усходняй Эўропы», — гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абяцалі прыцягнуць Расею да адказнасьці за пляны разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі
  • 5 сьнежня 1994 году быў падпісаны дакумэнт аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі, які атрымаў назву «Будапэшцкі мэмарандум».
  • Паводле яго, ЗША, Вялікая Брытанія і Расея абавязваліся паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існыя межы Ўкраіны, устрымлівацца ад пагрозаў або прымяненьня сілы і эканамічнага ціску, дамагацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН з мэтай аказаньня дапамогі Ўкраіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываньнем ядзернай зброі.
  • Такія ж абавязаньні распаўсюджваюцца на Беларусь і Казахстан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі патлумачылі рашэньне разьмясьціць ядзерную зброю «беспрэцэдэнтным ціскам» Захаду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН аб ядзернай зброі ў Беларусі пройдзе на гэтым тыдні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве выказаліся пра тое, навошта Пуціну ядзерная зброя ў Беларусі і ці трэба Ўкраіне дадатковая мабілізацыя

.