Пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН у пытаньні разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі можа прайсьці 28 ці 29 сакавіка, паведаміў намесьнік прадстаўніка ЗША пры ААН Робэрт Вуд.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію тэлеканалу «Расея 24», паказаным 25 сакавіка, заявіў, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе завершана будаўніцтва адмысловага сховішча для тактычнай ядзернай зброі.
Мінабароны ЗША неўзабаве паведаміла, што ня бачыць прыкметаў падрыхтоўкі Расеі да ўжываньня ядзернай зброі, амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны таксама назваў гэты сцэнар малаімаверным. У той жа час Міжнародная кампанія за забарону ядзернай зброі (ICAN) мяркуе, што плян Пуціна падвышае верагоднасьць выкарыстаньня гэтага тыпу ўзбраеньня.
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала склікаць пазачарговае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у гэтым пытаньні і заклікала беларусаў не дапусьціць рэалізацыі плянаў Пуціна.
У NATO заявілі, што пакуль ня будуць карэктаваць ядзерную стратэгію з прычыны плянаў Расеі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі.
Вярхоўны камісар Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў аб гатоўнасьці Брусэля «адказаць далейшымі санкцыямі» ў выпадку, калі сховішча сапраўды зьявіцца і Расея перакіне сваю тактычную ядзерную зброю ў Беларусь.