Украінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату) 20 сакавіка правяла пасяджэньне свайго Сыноду, а пасьля яго завяршэньня ўдзельнікі збораў накіраваліся да Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, каб патрабаваць сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім і расказаць яму пра патрыятычнасьць сваёй царквы.
Пасяджэньне Сыноду адбывалася на тэрыторыі Кіева-Пячорскай лаўры, дамову аб арэндзе якой улады разрываюць з 29 сакавіка. Да гэтага часу працоўныя групы маюць правесьці інвэнтарызацыю рэлігійных і гістарычных каштоўнасьцяў, якімі карысталася УПЦ МП.
Калі сьвятары на чале з сваім кіраўніком мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Ўкраіны Ануфрыем падышлі да Офісу прэзыдэнта, да іх выйшла прадстаўніца сакратарыяту і прапанавала перадаць іхны зварот Уладзіміру Зяленскаму, але тыя адмовіліся, настойваючы на тэрміновай сустрэчы з кіраўніком Украіны.
Сьвятары перакананыя, што прэзыдэнт атрымлівае непраўдзівую інфармацыю пра дзейнасьць Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.
«Інфармацыя пра УПЦ скажаецца, і ствараецца ілжывы вобраз нашых вернікаў. Мы заўсёды выступалі за канструктыўныя ўзаемаадносіны, імкнуліся разьвіваць дачыненьні паміж дзяржавай і УПЦ. Такі дыялёг — гэта важны аспэкт, зьвязаны з разьвіцьцём грамадзянскай супольнасьці», — сказаў мітрапаліт Нежынскі і Прылуцкі Клімент.
Сьвятар падкрэсьліў, што УПЦ зьяўляецца «царквой патрыётаў», дапамагае ўкраінскаму войску і вернікам, якія абараняюць Украіну.
«Ня трэба адгароджвацца ад грамадзян Украіны. Вернікі УПЦ вартыя таго, каб іх пачулі і каб дзяржава ня ставілася да іх як да людзей другога гатунку, каб не было варожасьці ў грамадзтве. Хочацца спадзявацца, што кіраўнікі нашай дзяржавы змогуць ня толькі пачуць, але і ўбачыць тое канкрэтнае, што кожны дзень вернікі робяць для сваёй Радзімы», — заявіў мітрапаліт Клімент.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны папярэдзіў УПЦ Маскоўскага патрыярхату аб патрэбе пакінуць Кіева-Пячорскую ляўру13 сакавіка стала вядома, што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла Ўкраінскай праваслаўнай царкве аб разрыве з 29 сакавіка дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай лаўры.
Падставай для гэтага рашэньня сталі зафіксаваныя парушэньні ўмоў карыстаньня дзяржаўнай маёмасьцю.
Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве назвалі ліст-папярэджаньне міністэрства «ўльтыматумам» і параўналі яго зь дзеяньнямі савецкіх уладаў.
Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выкарыстоўвала Кіева-Пячорскую лаўру на правах бестэрміновай арэнды. Раней такія дамовы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дамовы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін. Усе гістарычныя лаўры Ўкраіны, у тым ліку Кіева-Пячорская, знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.
Сьвятары чакалі сустрэчы больш як дзьве гадзіны і разышліся пасьля таго, як стала вядома, што яе няма ў працоўным графіку Ўладзіміра Зяленскага, а ў Кіеве абвясьцілі паветраную трывогу.
«Мы чакалі прэзыдэнта каля дзьвюх гадзін. Цяпер пачалася паветраная трывога, якая не дае магчымасьці нам працягваць тут заставацца», — сказаў кіраўнік УПЦ мітрапаліт Ануфры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі рэлігійныя арганізацыі з цэнтрам у Расеі. УПЦ Маскоўскага патрыярхату пад пагрозай2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі.
Згодна з указам прэзыдэнта, урад цягам двух месяцаў мае распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт адпаведны законапраект.
Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадваньне аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сьвятару УПЦ Маскоўскага патрыярхату прысудзілі 12 гадоў турмы за супрацоўніцтва з расейскім войскамЗ канца лістапада 2022 году сьледчыя Службы бясьпекі і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны правялі вобшукі ў эпархіях УПЦ МП. Па іх выніках некалькім сьвятарам уручылі падазрэньні аб апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Першага сьнежня 2022 году ва Ўкраіне зарэгістравалі статут Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячорскай лаўры (мужчынскага манастыра) Праваслаўнай царквы Ўкраіны, якая чатыры гады таму атрымала Томас Канстантынопальскай царквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне трэці рэгіён забараніў дзейнасьць Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхатуСёлета ў студзені Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) атрымала дазвол украінскіх уладаў на адпраўленьне першай службы ва Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячорскай лаўры. У той жа час самастойная ўкраінская царква пакуль не атрымала ў сталае карыстаньне ніводнага памяшканьня Кіева-Пячорскай лаўры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Варфаламей заклікаў праваслаўныя цэрквы сьвету прызнаць украінскую аўтакефалію