Паводле зьвестак літоўскай выведкі, Беларусь і «Росатом» утаілі інцыдэнты, якія адбыліся на Астравецкай АЭС у 2022 годзе, а таксама дэфэкты сыстэм рэактараў. Пра гэта паведамілі 9 сакавіка ў ацэнцы пагроз нацыянальнай бясьпецы Літвы.
«У траўні 2022 г. сыстэмы кантролю БелАЭС устанавілі, што зьявіліся расколіны ў верхніх швах корпуса рэактара першага блёку. Паводле ацэнкі спэцыялістаў, якасна зьліквідаваць дэфэкты можна, толькі зьняўшы рэактар, аднак з палітычных прычын такога варыянту нават не разглядалі. Тэхнічныя праблемы перашкаджалі запуску другога блёку.
Яго павінны былі запусьціць у эксплуатацыю ў 2022 годзе, але ў лютым зафіксавалі хімічную зьмену складу вады, якая ахалоджвае рэактар блёку. Вада была забруджаная смоламі. Канстатавалі, што мэханічным спосабам трэба пачысьціць усе трубы контуру і выгрузіць ядзернае паліва», — гаворыцца ў апублікаваным дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская выведка: Беларусь утаіла інцыдэнты, якія адбыліся на АЭС у Астраўцы ў 2022 годзеУ беларускім Мінэнэрга гэтую інфармацыю аспрэчылі і назвалі «мэтанакіраванай акцыяй у дыскрэдытацыі».
Гэта далёка ня першы інцыдэнт, зьвязаны зь Беларускай АЭС. Здарэньні на ёй пачаліся задоўга да запуску. Прыгадваем асноўныя.
Ліпень 2016. Падзеньне корпусу рэактара з вышыні
Некалькі інтэрнэт-выданьняў у ліпені 2016 году апублікавалі інфармацыю, што пры ўстаноўцы корпусу рэактара ў рэактарным аддзяленьні ён упаў з вышыні. Сьпярша ўлады маўчалі ці зьняпраўджвалі гэтую інфармацыю. Аднак больш як праз тыдзень пасьля публікацый беларускае Мінэнэрга прызнала, што інцыдэнт усё ж быў, але не назвала гэта падзеньнем.
«На справе, паводле інфармацыі генэральнага падрадчыка АТ „Атамбудэкспарт“, няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захаваньня корпуса рэактара пры правядзеньні такеляжных работ у яго перасоўваньні ў гарызантальнай плоскасьці», — менавіта так тады чыноўнікі апісалі інцыдэнт.
Пазьней гэта пракамэнтаваў Лукашэнка, сказаўшы, што ўпаў не рэактар, а корпус для яго. Тады ўлады вырашылі замяніць корпус рэактара, а той, які ўпаў, аддаць расейскаму боку, каб паставілі на іншай АЭС, у Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра інцыдэнт на БелАЭС: «Зваліўся не рэактар, а корпус. Там ніякага рэактара яшчэ няма»Сьнежань 2016. Корпус рэактара стукнулі аб слуп
На замену корпусу, які ўпаў, у Астравец везьлі новы. Не абышлося без здарэньняў і на гэты раз. Корпус рэактара пры перавозцы стукнулі аб слуп.
Інфармацыя пра тое, што з новым корпусам рэактара адбыўся інцыдэнт, зьявілася 26 сьнежня. На наступны дзень аддзел інфармацыі і грамадзкіх сувязяў РУП «БелАЭС» апублікаваў на сайце прадпрыемства паведамленьне, у якім прызнаў факт няштатнай сытуацыі. Прадстаўнікі БелАЭС паведамілі, што 26 сьнежня на станцыі Слаўнае «падчас выкананьня манэўровых апэрацыяў» адбыўся «нязначны дотык ахоўнага мэталічнага транспартнага кажуха да апоры кантактнай сеткі». «Пашкоджаньняў на корпусе рэактара ня выяўлена», — гаварылася ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Корпус рэактара давезьлі ў Астравец, стукнуўшы аб слупЛюты 2018. Пажар, якога «не было»
У красавіку 2016 году зьявілася інфармацыя пра пажар, які адбыўся ў электрашчытавой аварыйнай сыстэмы абароны рэактара яшчэ 17 лютага. Адміністрацыя АЭС назвала гэта «кароткім замыканьнем».
«17 лютага 2018 году ў 13:20 адбылося кароткае замыканьне на часовым сілавым кабэлі, які забясьпечвае электрычнасьцю вежавы кран і пракладзены па вонкавай бэтоннай сьцяне аднаго са збудаваньняў, якое ўзводзіцца, — паведамілі ў адміністрацыі БелАЭС. — У выніку кароткага замыканьня адбылося пашкоджаньне ізаляцыі названага кабэлю без наступнага гарэньня. Гэтае здарэньне было расьсьледавана генэральным падрадчыкам з удзелам МНС у вызначаным парадку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС: пажару не было, толькі кароткае замыканьне2018 год. 1,2 тысячы парушэньняў і гібель рабочага
У 2018 годзе інспэкцыя пры Міністэрстве працы правяла 203 праверкі будоўлі АЭС. У выніку да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 117 упаўнаважаных кіраўнікоў. Усяго за той год на будоўлі выявілі 1200 парушэньняў. У 2018-м таксама на будоўлі АЭС загінуў адзін рабочы, яшчэ трое атрымалі цяжкія траўмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Летась на БелАЭС выявілі 1,2 тысячы парушэньняў заканадаўства аб ахове працыЖнівень 2019. Гібель кранаўшчыка
13 жніўня на будоўлі беларускай АЭС загінуў кранаўшчык Іван Быхоўскі. Яго не заўважылі камэры назіраньня і іншыя рабочыя пасьля зьмены. Адшукалі цела загінулага толькі раніцай 14 жніўня. Афіцыйная прычына — праблемы з сэрцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як можна было яго не заўважыць?» — дачка памерлага на будоўлі БелАЭС кранаўшчыкаЖнівень 2019. Нявыплата заробку рабочым
15 жніўня каля 50 рабочых з Расеі, якія працавалі на будоўлі беларускай АЭС, выйшлі на галоўную плошчу Астраўца з патрабаваньнем выплаты заробку, які не давалі 2 месяцы. Пазьней заробак выплацілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы хочам есьці». Будаўнікі на АЭС скардзяцца, што ім не заплацілі за працу.Лістапад 2020. Паламалася вымяральнае абсталяваньне праз 2 дні пасьля адкрыцьця
7 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыцьцё БелАЭС з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. А ўжо праз два дні ўлады заявілі аб чарговай праблеме на станцыі — паламалася электратэхнічнае вымяральнае абсталяваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На першым блёку БелАЭС паламалася электратэхнічнае вымяральнае абсталяваньне
Сьнежань 2020. Праблема ў шумапаглынальніках
У сьнежні 2020-га стала вядома пра яшчэ адну праблему. «Выяўлена неабходнасьць дадатковага карэктаваньня работы накрывак шумапаглынальнікаў пары», — паведаміла Міністэрства энэргетыкі.
Тады чыноўнікі адзначылі, што першы энэргаблёк па-ранейшаму ўключаны ў сетку.
Раней 1 сьнежня Дзяржаўная інспэкцыя бясьпекі атамнай энэргетыкі Літвы запрасіла ў Беларусі інфармацыю пра магчымасьць аварыі на запасной сыстэме ахалоджваньня першага блёку Беларускай АЭС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БелАЭС скінулі па́ру і выявілі праблему ў шумапаглынальніках2021–2022. АЭС больш прастойвае, чым працуе
Першы блёк БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасьць у рэжыме досьледна-прамысловай эксплуатацыі 3 лістапада 2020 году, у камэрцыйную эксплуатацыю яго ўвялі 10 чэрвеня 2021 году.
З моманту ўвядзеньня ў прамысловую эксплуатацыю першы энэргаблёк больш прастойваў, чым працаваў: 255 дзён з 488, ці звыш 52% часу (па дадзеных на 11 кастрычніка 2022 году).
У канцы красавіка 2022 году першы энергаблёк спынілі на рамонт, ён прастойваў паўгода — да 9 лістапада 2022-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрмін уключэньня першага энэргаблёку Астравецкай АЭС зноў адклаліСакавік 2023. Зноў перанесьлі ўвод другога энэргаблёку
Другі энэргаблёк БелАЭС будзе ўключаны ў сетку ў красавіку, а ў кастрычніку яго плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю, заявіў міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.
Раней у Мінэнэрга заяўлялі, што энэргетычны пуск другога энэргаблёка плянуецца ў канцы сакавіка ці красавіку, а прыёмка яго ў эксплуатацыю ў другой палове году.
«Палітычны намер хуткага будаўніцтва АЭС»
Свабода зьвярнулася ў літоўскі VATESI (Дзяржаўную інспэкцыю бясьпекі атамнай энэргетыкі. — РС) з запытам наконт праблем Беларускай АЭС. Экспэрты VATESI зьвязваюць такую колькасьць інцыдэнтаў на беларускай станцыі зь яе хуткім будаўніцтвам і «нізкай культурай бясьпекі».
«Асноўная праблема, пра якую мы можам выказаць здагадку, гэта палітычны намер хуткага будаўніцтва АЭС, імкненьне да больш хуткага ўводу ў эксплуатацыю. Важнымі фактарамі таксама могуць быць нізкая якасьць вырабу заводзкага абсталяваньня і будаўнічых работ, а таксама нізкая культура бясьпекі (стаўленьне работнікаў заводу і падрадных арганізацый да якасьці выкананых імі работ. Трэба адзначыць, што „бягучы“ рамонт энэргаблёку № 1 БелАЭС у 2022 годзе быў значна даўжэйшы за заплянаваны, што можа сьведчыць пра тое, што БелАЭС сутыкаецца зь вялікай колькасьцю тэхнічных праблем, якія спрабуюць вырашыць пасьля таго, як АЭС ужо ўведзеная ў эксплуатацыю. Варта адзначыць, што беларускія ўлады не патлумачылі прычынаў такой працяглай затрымкі, а значыць, адсутнічае празрыстасьць», — адказалі экспэрты VATESI.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінэнэрга патлумачылі, чаму дасюль не запусьцілі БелАЭС, і спрагназавалі тэрміны запускуАсноўныя праблемы станцыі
Сярод асноўных здарэньняў, якія сьведчаць пра хібы тэхнічнага абсталяваньня і пытаньні да бясьпекі, экспэрты VATESI называюць наступныя:
- Два інцыдэнты, зьвязаныя з магчымым пашкоджаньнем карпусоў рэактараў: падзеньне корпуса рэактара пры выкананьні пад’ёмна-транспартных работ пры збудаваньні энэргаблёка нумар 1 і ўдар корпуса рэактара аб апору чыгуначнай лініі электраперадачы пры яго транспартаваньні на пляцоўку БелАЭС.
- У 2021 годзе была выяўлена негермэтычнасьць першага контуру энэргаблёку № 1, праз гэты дэфэкт адбыўся выхад радыяактыўных матэрыялаў у другі контур. Падзея можа сьведчыць пра нізкую якасьць асноўнага абсталяваньня станцыі.
- У 2022 годзе былі выяўлены праблемы, зьвязаныя з устаноўкай корпуса рэактара. Поўная ліквідацыя дэфэктаў магчымая толькі шляхам дэмантажу рэактара, што немэтазгодна.
- Пры ўводзе ў эксплуатацыю энэргаблёку № 2 у 2022 годзе контур ахаладжэньня рэактара быў забруджаны значнай колькасьцю смалы. Мерапрыемства ставіць пад сумнеў правядзеньне работ па ўводзе агрэгата ў эксплуатацыю і бясьпецы яго наступнай эксплюатацыі.
Таксама экспэрты зазначаюць праблемы з камунікацыяй зь беларускім бокам. «Перапіска наконт БелАЭС ідзе павольна і неэфэктыўна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі блёк БелАЭС плянуюць увесьці ў эксплюатацыю ў кастрычнікуШто варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.