У 2018 годзе на будоўлі АЭС загінуў адзін рабочы, яшчэ трое атрымалі цяжкія траўмы. Пра гэта паведамляюць naviny.by са спасылкай на Горадзенскае ўпраўленьне дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі пры Міністэрстве працы.
У 2018 годзе інспэкцыя пры Мінпрацы правяла 203 праверкі будоўлі АЭС. У выніку 117 упаўнаважаных кіраўнікоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Усяго на будоўлі за год выявілі 1,2 тысячы парушэньняў.
У асноўным гэта:
- адсутнасьць кантролю за захадамі бясьпекі;
- праца на вышыні без страховачных паясоў;
- няправільнае складваньне матэрыялаў;
- недахопы падчас эксплюатацыі абсталяваньня.
Летась на будоўлі АЭС загінуў адзін рабочы. Гэта супрацоўнік расейскага АТ «Сезам» у Беларусі. Трое рабочых былі цяжка траўмаваныя. У першым выпадку пацярпеў электразваршчык ААТ «Гомельтэхмантаж». Ён не выкарыстоўваў засьцерагальны пояс і каску.
У другім выпадку пацярпеў электраманцёр прадстаўніцтва расейскай інжынірынгавай кампаніі «АСЭ» у Беларусі з прычыны парушэньняў мераў электрабясьпекі з боку наймальніка.
У трэцім выпадку праз асабістую неасьцярожнасьць пацярпеў начальнік участка магілёўскага ТДА «Брандбудпраект». У падлозе была ненадзейна закрытая адтуліна, у якую ён праваліўся.