За пратэсты супраць Лукашэнкі і вайны ва Ўкраіне пазбаўленьне і абмежаваньне волі прысудзілі ня менш як 534 жанчынам, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У Беларусі ёсьць 155 жанчын-палітвязьняў, паведамляецца ў аглядзе праваабарончага цэнтру «Вясна» да Міжнароднага дня салідарнасьці жанчын у барацьбе за роўныя правы (8 сакавіка).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з 2020 году ўлады з розных палітычных матываў пакаралі ня менш як 534 жанчыны. На пазбаўленьне волі асудзілі 165, абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — 304, з накіраваньнем — 60, арышт — 4, прымусовае лячэньне — 1.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты ААН: Прысуд нобэлеўскаму ляўрэату Бяляцкаму — спроба задушыць крытыку і іншадумстваРэжым Лукашэнкі, адзначае «Вясна», перасьледуе жанчын, утрымлівае іх у няволі за ўдзел у акцыях пратэсту, камэнтары ў інтэрнэце, выступы супраць вайны, інтэрвію СМІ, прызнаным экстрэмісцкімі, прафэсійную дзейнасьць, «акты тэрарызму, якіх не было». Крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту распачалі супраць 271 жанчыны.
Па справе за нэгатыўныя камэнтары аб сьмерці супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, застрэленага IT-спэцыялістам Андрэем Зельцарам, у дом якога ўварваліся сілавікі, асудзілі 15 жанчын (у зьняволеньні застаюцца 8). Жонцы Зельцара Марыі Ўсьпенскай, якая абвінавачваецца ў саўдзеле, прызначалі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары і абавязалі яе выплаціць буйную суму жонцы Федасюка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўдавы Зельцара, падобна, псыхічны разлад — яе будуць судзіць за ўчынак у стане поўнай адсутнасьці памяціЗа «сумленнае выкананьне сваёй працы» ўлады пакаралі вялікімі тэрмінамі супрацоўніц СМІ, зазначае «Вясна».
Галоўную рэдактарку і дырэктарку інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыну Леўшыну прыгаварылі да 4 гадоў калёніі за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», журналістку Ірыну Слаўнікаву па тым жа артыкуле — да 5. Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Бахвалава (Андрэева) асуджаная агулам на 8 гадоў і 3 месяцы калёніі, у тым ліку за «здраду дзяржаве», былая журналістка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна, якой інкрымінавалі «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», — на 8.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Алену Гнаўк пазбавілі перадач і спатканьняў, Кацярыну Андрэеву этапавалі ў ГомельЖонку палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар'ю Лосік асудзілі да двух гадоў калёніі. Дарʼю абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за камэнтар у красавіку 2022 года «Белсату», прызнанаму ўладамі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі дату разгляду апэляцыйнай скаргі палітзьняволенай Дар’і ЛосікФігурантак «справы Аўтуховіча» 61-гадовую Галіну Дзербыш і 56-гадовую Вольгу Маёраву прыгаварылі да 20 гадоў зьняволеньня фактычна «за акты тэрарызму, якіх не было», гаворыцца ў дакумэнце.
Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што «з жанчынамі не ваюе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Луцкіна перахварэла ў калёніі на двухбаковую пнэўманію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праўда — яна адна». Апошняе слова ў судзе галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай