Анаіс Марэн у інтэрвію Свабодзе ацаніла крызіс з правамі чалавека ў Беларусі і праблемы беларускіх уцекачоў, якіх стала шмат пасьля выбараў 2020 году, а таксама расказала, пра што будзе яе новы даклад.
— Ужо пяты год запар беларускія ўлады не прызнаюць ваш статус спэцдакладчыка ААН і не дазваляюць вам наведаць краіну. Як вы зьбіраеце інфармацыю для сваіх дакладаў пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі?
— У мяне няма прамога доступу, бо мандат не прызнаны беларускімі ўладамі. Маімі галоўнымі інфарматарамі, якія таксама знаходзяцца ў штодзённым кантакце з Жэнэвай, зьяўляюцца беларускія праваабаронцы. Я знала асабіста Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Леаніда Судаленку. Мы часта сустракаліся зь імі на тэрыторыі Эуразьвязу з прычыны таго, што мае візыты ў Беларусь забароненыя. Уся інфармацыя пра парушэньні правоў чалавека пільна вывяраецца ў Жэнэве. Апошнія два гады, праз пагрозу рэпрэсій з боку беларускіх уладаў, мы не публікуем імёны нашых сьведак. Заўсёды захоўваецца рызыка іх перасьледу праз тое, што яны зьвярнуліся ў ААН.
— Нобэлеўскі ляўрэат, заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі з 2021 году. Актывісту пагражае 12 год турмы. Чым можна дапамагчы Бяляцкаму і іншым беларускім палітвязьням на ўзроўні ААН?
— Мы неаднойчы ўздымалі пытаньне Бяляцкага і іншых зьняволеных па палітычным прычынам беларусаў на сусьветным узроўні. Вярхоўны камісар ААН з нагоды 75-годдзья Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека накіраваў лісты ўсім урадам дзяржаў-членаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, у тым ліку ўраду Беларусі, з просьбай разгледзець пытаньне аб вызваленьні асоб, адвольна арыштаваных або асуджаных па прычынах, якія могуць быць палітычна матываванымі. Пакуль пазытыўных адказаў з боку ўраду Беларусі не рэгіструецца.
Афіцыйных кантактаў зь беларускімі ўладамі ў мяне няма. Яны не прызнаюць мой мандат і з 2018 году не пускаюць мяне ў Беларусь. Кожны год я адпраўляю ім пісьмовую просьбу дапусьціць мяне ў краіну, але гэтыя лісты застаюцца без адказу. Хачу зьвярнуць увагу, што мой мандат асабліва важны пасьля таго, як Беларусь дэнансавала першы факультатыўны пратакол міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пасьля дэнансаваньня Камітэт па правах чалавека ААН больш ня зможа атрымліваць скаргі ад беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы зь лютага больш ня змогуць зьвяртацца са скаргамі ў Камітэт ААН у правах чалавека— Ці адсочваюць у ААН дадзеныя па колькасьці беларусаў, якія зьехалі з краіны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году? Ці вядома, у якія краіны ўцякла большасьць зь іх?
— Мой апошні даклад быў прысьвечаны менавіта гэтай тэме. Падлічыць дакладную колькасьць складана, бо ў кожнай краіне свая працэдура падліку, і ня ўсе запыты на міжнародную ахову атрымліваюць станоўчы адказ. Дакладных лічбаў няма, называецца ня меней за 200 тысяч чалавек. Краіны, якія найчасьцей выбіралі беларусы, уцякаючы ад перасьледу, — гэта Літва, Польшча, Грузія, Украіна. Да 2020 году ў сьвеце працэнт станоўчых адказаў на міжнародную абарону быў толькі 5 працэнтаў, але пасьля 2020 толькі ў адной Польшчы было ўхвалена амаль 80 працэнтаў заяў ад рэпрэсаваных беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве беларускія і ўкраінскія экспэрты абмеркавалі, як спрыяць даверу паміж народамі падчас вайны і пасьля яе— Як зьмянілася сытуацыя для беларускіх эмігрантаў пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну?
— З пачаткам вайны сытуацыя для многіх беларусаў за мяжой пагоршылася, з прычыны таго што беларуская тэрыторыя і інфраструктура выкарыстоўваецца для вядзеньня ваенных дзеяньняў. Беларусам ва Ўкраіне замарозілі рахункі, беларускім мужчынам са сталым дазволам на жыхарства не дазвалялася пакінуць межы Ўкраіны. Беларусы бяз сталага дазволу на жыхарства ва Ўкраіне не маглі разьлічваць на часовую абарону ў краінах Эўразьвязу. Я не аднойчы ўздымала гэтае пытаньне. У выніку ў некалькіх краінах ЭЗ было прынята рашэньне пашырыць выдачу гуманітарных візаў для беларусаў, што пацярпелі ад вайны ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Безь беларускіх пашпартоў яны пачнуць зьвярэць і паднімуць Ціханоўскую на вілы». Дзеля чаго Лукашэнка пазбаўляе «зьбеглых» грамадзянства— 5 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў законапраект аб пазбаўленьні грамадзянства за «экстрэмізм». Ці абмяркоўвалі вы гэты закон на ўзроўні ААН? І на якую міжнародную дапамогу могуць разьлічваць людзі без грамадзянства?
—Перад тым як гаварыць пра разгляд гэтага пытаньня ў Жэнэве, згадаю, што 23 сьнежня мінулага году я накіравала ліст беларускаму ўраду, аналізуючы папраўкі ў закон аб грамадзянстве з пазыцыі правоў чалавека і рызыкі адсутнасьці грамадзянства, якая адгэтуль вынікае. Урад ніяк не адрэагаваў на ліст, і прэзыдэнт падпісаў законапраект. На апошнім пасяджэньні ў Жэнэве мы ўздымалі гэтае пытаньне.
Падчас маіх кансультацый у швайцарскай штаб-кватэры ААН многія дэмакратычныя краіны і міжнародныя арганізацыі былі абураныя гэтым рашэньнем беларускіх уладаў, лічачы, што гэта найгрубейшае парушэньне міжнароднага права. З гэтай нагоды ў ААН была створана міжнародная кааліцыя, галоўная мэта якой — аказваць ціск на беларускія ўлады, каб гэты закон быў адменены. Важна адзначыць, што да 2020 году беларусы нячаста зьвярталіся па міжнародную дапамогу. Але пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў беларусы сталі рэкардсмэнамі сьвету па колькасьці заявак у міжнародны камітэт па правах чалавека ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэнтар беларускай салідарнасьці: Польшча ня будзе прызнаваць рашэньні Лукашэнкі аб пазбаўленьні беларусаў грамадзянства— Некаторыя беларусы, якія былі вымушаныя зьехаць пасьля 2020 году, сутыкаюцца зь цяжкасьцямі легалізацыі ў краінах Захаду. У некаторых скончыліся тэрміны дзеяньня пашпартоў, але яны не адважваюцца наведаць беларускія амбасады, баючыся перасьледу. Як ім можна дапамагчы?
— На жаль, гэта штодзённыя цяжкасьці многіх беларусаў, якія ня маюць сталага дазволу на жыхарства за мяжой. Ужо ёсьць мноства выпадкаў, калі ад адчаю людзі вярталіся назад у Беларусь і сустракаліся зь, мякка кажучы, непрыемнасьцямі — прафіляктычныя гутаркі ў КДБ, затрыманьні, крымінальныя справы.
Таму і рэкамэндуецца не чакаць, калі скончыцца тэрмін дзеяньня пашпарта, а своечасова зьвярнуцца да ўладаў эўрапейскіх краін і расказаць пра сваю складаную сытуацыю. Канкрэтных адказаў на гэтае пытаньне ў мяне няма, бо ўрад кожнай краіны мае свае ўласныя правілы. Мы ўздымаем гэтае пытаньне на міжнародным узроўні і рэкамэндуем эўрапейскім краінам удасканаліць іх міграцыйнае заканадаўства. Нельга прымушаць чалавека падавацца на міжнародную абарону. У кожнага беларуса павінен быць выбар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прадставіла праект пашпарту новай Беларусі і заявіла, што пасьля дэмакратычных зьмен краіна выйдзе з саюзнай дзяржавы і АДКБ— Аб’яднаны пераходны кабінэт пад кіраўніцтвам Сьвятланы Ціханоўскай працуе з заходнімі палітыкамі над заменьнікам беларускага пашпарта. Якія парады вы маглі б даць замежным краінам наконт легалізацыі беларусаў-уцекачоў?
— Гэтае пытаньне выходзіць за рамкі майго мандата, але са свайго боку я пастаянна нагадваю, што большасьць беларусаў апынуліся за мяжой не па сваёй волі. Сытуацыю з правамі чалавека ў краіне можна ацаніць як катастрафічную. Таму я рэкамэндую ўрадам дэмакратычных краінаў распрацаваць заканадаўства, якое магло б быць больш спрыяльным да легалізацыі беларусаў у краінах Захаду.
— Калі выйдзе ваш наступны даклад пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі? На чым будзе засяроджана ўвага?
— Штогод я павінна пісаць два даклады. Першы — для Рады па правах чалавека, які прэзэнтуюць на чарговай сэсіі ААН у ліпені. Гэта будзе агляд сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за мінулы год з акцэнтам на свабоду слова. Неабходна яшчэ раз нагадаць сьвету пра жахлівую сытуацыю зь беларускімі журналістамі, вучонымі, палітолягамі. Закранем таксама і тэму свабоды веравызнаньня. Абмяркуем пытаньне адмовы ад вайсковай службы, што цяпер асабліва актуальна ў сьвятле магчымай мабілізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН пра намер Беларусі пазбаўляць грамадзянства па нараджэньні: «Такога прэцэдэнту ў сьвеце няма»Другі даклад будзе зачытаны на Генэральнай асамблеі ў Нью-Ёрку гэтай восеньню. Ён прысьвечаны інструмэнталізыцыі беларускага заканадаўства для барацьбы з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам» у краіне. Хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што мандат ААН на сёньняшні дзень у Беларусі застаецца практычна адзіным мэханізмам уплыву на беларускія ўлады. Летась Палата прадстаўнікоў дэнансавала пратакол аб падачы скаргаў у Камітэт правоў чалавека ААН. Таксама праз ужываньне сьмяротнага пакараньня Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, таму і туды рэпрэсаваныя беларусы скардзіцца ня могуць. Выяўляецца, што грамадзяне Беларусі на сёньняшні дзень пазбаўленыя міжнароднай абароны. Таму і застаюцца толькі мой мандат і яшчэ дадатковы Вярхоўнага камісара. Але мы робім усё магчымае, каб жахлівая сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не зьнікала з сусьветнага парадку дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН: нават пасьля выезду за мяжу многія беларусы жывуць у страху