Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН: нават пасьля выезду за мяжу многія беларусы жывуць у страху


Анаіс Марэн
Анаіс Марэн

Спэцыяльны дакладчык ААН Анаіс Марэн на прэс-канфэрэнцыі 27 кастрычніка, прысьвечанай штогадоваму дакладу па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, зазначыла, што дзеяньні беларускіх уладаў за апошнія два гады нагадваюць помсту.

Як адзначыла Анаіс Марэн, беларускія ўлады ўзмацняюць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці. Дзеяньні рэжыму, паводле яе слоў, нагадваюць чыстку ад непажаданых элемэнтаў, якімі сталі недзяржаўныя арганізацыі, абаронцы і г.д.

Спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі лічыць, што палітыка беларускага ўраду выглядае як помста за падзеі 2020 году. Усе тыя, хто нейкім чынам крытыкаваў улады, у тым ліку за іх пазыцыю ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, сутыкаюцца з жорсткім перасьледам.

Анаіс Марэн адзначыла, што беларускае грамадзтва цяпер жыве ў страху, і гэта адчуваюць таксама беларусы, якія ўжо пакінулі Беларусь, бо сілавікі могуць ціснуць на іх сваякоў або разграміць іх маёмасьць на радзіме.

Паводле Анаіс Марэн, колькасьць беларусаў, якія за апошнія два гады пакінулі радзіму, можа складаць некалькі сотняў тысяч чалавек. Аднак назваць дакладную лічбу тых, хто зьехаў, з розных прычын немагчыма.

Асаблівае месца ў сваім дакладзе Анаіс Марэн адвяла праблемам зь легалізацыяй, зь якімі сутыкаюцца беларускія эмігранты. Напрыклад, у выпадку заканчэньня тэрміну дзеяньня пашпарта людзі, якія ня маюць сталага віду на жыхарства за мяжой, мусяць вяртацца па новы дакумэнт на радзіму, дзе іх могуць арыштаваць.

Яшчэ адным выклікам у пэрспэктыве стане пазбаўленьне грамадзянства, якое цяпер магчымае паводле беларускага заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG