Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы зь лютага больш ня змогуць зьвяртацца са скаргамі ў Камітэт ААН у правах чалавека


Сілавікі ізалятару на Акрэсьціна ў Менску б'юць затрыманых пратэстоўцаў. Жнівень 2022
Сілавікі ізалятару на Акрэсьціна ў Менску б'юць затрыманых пратэстоўцаў. Жнівень 2022

У ААН адрэагавалі на дэнансацыю Беларусьсю пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Ахвяры парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ад 8 лютага 2023 году ня змогуць падаваць скаргі ў Камітэт ААН у сувязі з дэнансацыяй Беларусьсю Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Магчымасьць падачы індывідуальных скаргаў у Камітэт, несумненна, зьяўляецца адным са спосабаў, да якога зьвярталіся і па-ранейшаму зьвяртаюцца многія асобы, якія дамагаюцца справядлівасьці. Пазбаўленьне ахвяр такой важнай магчымасьці зьяўляецца сур’ёзнай і выклікае непакой перашкодай для абароны правоў чалавека ў адпаведнасьці з Пактам», — заявіла старшыня Камітэту Фатыні Пазардзы.

Беларусь ратыфікавала Факультатыўны пратакол 30 верасьня 1992 году. За апошнія трыццаць гадоў Камітэт разгледзеў сотні скаргаў у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь па шырокім коле пытаньняў, ад свабоды выказваньня думак і права на мірныя сходы да справядлівага судовага разбору ў справах, зьвязаных са сьмяротным пакараньнем.

Паведамляючы аб сваім рашэньні аб дэнансацыі, Беларусь не прадставіла канкрэтных тлумачэньняў і не правяла якіх-небудзь кансультацый з грамадзянскай супольнасьцю і няўрадавымі арганізацыямі. Рэспубліка Беларусь стала чацьвёртай дзяржавай у гісторыі і адзінай дзяржавай у XXI стагодзьдзі, якая выйшла з Факультатыўнага пратаколу, ратыфікаванага 117 дзяржавамі.

У Камітэце адзначылі, што рашэньне аб выхадзе з Пратаколу набудзе моц 8 лютага 2023 году, праз тры месяцы пасьля таго, як Генэральны сакратар ААН атрымаў адпаведнае апавяшчэньне ад дзяржавы-ўдзельніцы. Камітэт працягне прымаць, рэгістраваць і разглядаць усе скаргі, якія ён атрымае да гэтай даты. Па ўсіх скаргах, якія зараз знаходзяцца на разглядзе Камітэту, будуць вынесены рашэньні.

Акрамя таго, у дачыненьні спраў, у якіх былі ўстаноўлены парушэньні правоў заяўнікаў, па-ранейшаму будзе ажыцьцяўляцца наступная дзейнасьць у адпаведнасьці з палажэньнямі Правілаў працэдуры Камітэту.

«Камітэт спадзяецца, што Рэспубліка Беларусь у будучыні перагледзіць сваё рашэньне і зноў далучыцца да Факультатыўнага пратаколу, адновіць магчымасьць падачы скаргаў, якой доўгі час карысталіся яе грамадзяне», — дадала Пазарцыс. Яна падкрэсьліла, што Камітэт застаецца адданым духу супрацоўніцтва і дыялёгу зь дзяржавамі – удзельніцамі Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Зварот у КПЧ ААН заставаўся для беларусаў адным зь нешматлікіх інструмэнтаў прамой абароны сваіх правоў.

За ўвесь час грамадзяне краіны падалі ў Камітэт больш за 200 скаргаў. Звычайна тэмы скаргаў былі падобныя — парушэньні дзяржавай правоў грамадзян на пратэст, свабоду сходаў, свабоды слова, асацыяцыяў. Але былі, вядома, і іншыя скаргі. Аднак урад у Менску гэтыя рашэньні, калі ў ААН прызнаваліся за дзяржавай парушэньні, проста не выконваў, бо не лічыў гэта сваім абавязкам. І ў гэтым сэнсе, па вялікім рахунку, зьменіцца няшмат. Фактычна і раней абарона не працавала, а зараз яе ня будзе ўжо юрыдычна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG