Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве беларускія і ўкраінскія экспэрты абмеркавалі, як спрыяць даверу паміж народамі падчас вайны і пасьля яе


Круглы стол на тэму «Беларуская плятформа. Кіеў. 8 студзеня, 2023 году
Круглы стол на тэму «Беларуская плятформа. Кіеў. 8 студзеня, 2023 году

У круглым стале на тэму «Беларуская плятформа: публічная размова аб будучыні» ўзялі ўдзел экспэрты, палітолягі, а таксама беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны.

Пасьля таго, як амаль год таму кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў пагоршылася. Многія ўкраінцы палічылі беларусаў вінаватымі, што зь іх краіны летась расейская армія атакавала Ўкраіну.

Што трэба зрабіць, каб папярэдзіць новыя пагрозы зь Беларусі? У якіх умовах краіны змогуць вярнуцца да добрасуседзкіх дачыненьняў і якія крокі для аднаўленьня даверу могуць зрабіць грамадзяне Беларусі і Ўкраіны, а таксама афіцыйны Кіеў, пра гэта пагутарылі на «круглым стале» ў Кіеве.

«Мы не браты. Мы суседзі»

Украінскі палітоляг, кіраўнік Інстытуту ўсясьветнай палітыкі Яўген Магда мяркуе, што павелічэньне інтарэсу да Беларусі зьяўляецца добрай нагодай, каб абмяркоўваць двухбаковыя дачыненьні без табу. Цяпер яны фактычна спыненыя — украінская ўлада публічна не падтрымлівае кантактаў ні з кіраўніцтвам Беларусі, ні зь Сьвятланай Ціханоўскай.

Яўген Магда перакананы, што беларускаму і ўкраінскаму грамадзтву ня варта канцэнтравацца на магчымай сустрэчы Ўладзіміра Зяленскага і Сьвятланы Ціханоўскай, а будаваць і разьвіваць «гарызантальныя сувязі».

«Калі розныя структуры ўнутры Беларусі будуць так ці інакш змагацца выключна за тое, каб трапіць у кабінэт Уладзіміра Зяленскага, гэта будзе контрапрадуктыўна. У нас не манархія і галоўную ролю выконваюць не пэрсаналіі, а сыстэмы і працэсы, якія цяпер існуюць», — перакананы экспэрт.

Яўген Магда
Яўген Магда

Паводле яго, украінская і беларуская нацыі толькі завяршаюць працэс свайго станаўленьня.

«Гэтыя працэсы розныя, але камунікаваць неабходна. Мне падабаюцца зразумелыя параўнаньні. Гэта як чыгуначныя рэйкі, і чым больш мы пракладзём між гэтымі рэйкамі шпалаў узаемнага інтарэсу, тым больш цікавым будзе балта-чарнаморскі наратыў, нашы шматлікія крокі і тым лепш мы будзем разумець адзін аднаго», — дадаў ён.

Яўген Магда мяркуе, што працэс аднаўленьня даверу трэба пачаць «з інвэнтарызацыі ўзаемных прэтэнзій».

«Без таго, што мы не пакладзём карты на стол, мы ня будзем разумець. Гэта мусіць быць шэраг захадаў, формаў дыялёгу. Я мяркую, што парадак дзённы двухбаковых дачыненьняў маюць напрацоўваць экспэрты, але для пачатку іх (экспэртаў) трэба выгадаваць. Ва Ўкраіне мала людзей, якія цікавяцца Беларусьсю, а ў Беларусі мала людзей, якія прафэсійна цікавяцца Ўкраінай. Гэта факт і рэальнасьць. І з гэтага трэба зыходзіць. Сёньня мы робім чарговы крок, каб сфармаваць экспэртнае асяродзьдзе, каб рухацца далей», — адзначыў палітоляг.

Яўген Магда таксама заклікаў экспэртаў адмовіцца ад выкарыстаньня тэзы пра тры братэрскія славянскія народы.

«Гэтая тэза варожая, і ня трэба гаварыць, што мы браты. Мы не браты. Мы суседзі. У канцэпцыі трыадзінага славянскага народу мы былі малодшымі братамі расейцаў безь якой-небудзь магчымасьці стаць старэйшым», — падкрэсьліў ён.

Украінскі экспэрт мяркуе, што ўкраінская ўлада мусіць весьці дыялёг зь беларускай дыяспарай, бо гэта людзі, якія не асацыююць сябе з Аляксандрам Лукашэнкам і працягваюць актыўна кантактаваць са сваякамі ў Беларусі.

«Беларуская дыяспара мусіць стаць каталізатарам дыялёгу, які можа яго прыскорыць», — дадаў Яўген Магда.

«Трэба вырашыць тэрміновыя сёньняшнія праблемы беларусаў ва Ўкраіне»

«Беларусі засталося ўсяго паўкрока да „абдымкаў“ з Расеяй — дастаткова ўвесьці агульную валюту ці Канстытуцыю, і мы згубім Беларусь, і, паверце, вярнуць яе вельмі цяжка, нават калі Ўкраіна пераможа», — сказаў кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.

Дзяніс Урбановіч атрымаў тры раненьні ў баях з расейскай арміяй. Беларускі добраахвотнік спадзяецца, што кіраўніцтва Ўкраіны дапаможа вырашыць праблемы беларусаў, якія ваююць на ўкраінскім баку.

У сваю чаргу Алена Гергель, жонка загінулага пад Лісічанскам беларуса Васіля Парфянкова, дадала, што галоўнай праблемай застаецца легалізацыя іншаземцаў, якія ваююць на баку Ўкраіны, а таксама валянтэраў, якія дапамагаюць Узброеным сілам Украіны.

«Праблемы ўзьнікаюць на кожным этапе, ідзе барацьба за кожную даведку беларусаў... Дарожная карта ёсьць — зрабіце нармальную палітыку легалізацыі ня толькі для тых, хто ваюе, а і тых, хто тут працаваў пасьля 2020 году», — перакананая яна.

«Другое пытаньне — палонныя беларусы. Выяўляецца, што яны — нічыйныя, то бок Брытанія змагаецца за сваіх, Украіна змагаецца за сваіх, Беларусь, вядома, за сваіх не змагаецца. І гэта таксама пытаньне легалізацыі, бо яны да таго не былі легалізаваныя», — заявіла Алена Гергель.

«На ўзроўні дзяржаў няма братэрства, ёсьць нацыянальныя інтарэсы»

Украінскі гісторык Паўло Гай-Ніжнік заявіў, што Ўкраіна мусіць патрабаваць ад Беларусі ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю, каб надаць асаблівы статус рэгіёнам, дзе, на ягоную думку, кампактна пражываюць украінцы.

«На ўзроўні дзяржаў няма ніякага братэрства, ёсьць нацыянальныя інтарэсы. Гэта не культурны фэст, на якім мы сябруем і ходзім адзін да аднаго. І ў гэтым кантэксьце погляд з Кіева — а з кім размаўляць? Беларусь мае адзіны палітычны вызваленчы фронт? Ня мае, бо той, хто знаёмы зь беларускімі апазыцыянэрамі, той ведае, як яны між сабой ужо грызуцца і грызьліся, не ідучы на кампраміс і не распрацоўваючы супольнае меркаваньне, у якім трэба кожнаму саступіць», — сказаў Паўло Гай-Ніжнік.

Гісторык лічыць, што ўлады Ўкраіны ад моманту аднаўленьня незалежнасьці ня мелі ніякай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі, а таксама стратэгіі нацыянальнай бясьпекі і вонкавай палітыкі.

«І яна (Украіна) ня мае яе і цяпер — ні наконт Беларусі, ні наконт міжнароднай палітыкі, ні наконт Расейскай Фэдэрацыі. Больш за тое, Украіна ня мае стратэгіі і бачаньня перамогі», — перакананы ён.

Паўло Гай-Ніжнік мяркуе, што стратэгія Ўкраіны мусіць заключацца ў фармаваньні беларускага ўраду ў экзылі і фармаваньні нацыянальна-вызваленчых сілаў па-за рамкамі Ўзброеных сіл Украіны.

У адказ беларускі паходжаньнем аналітык, экспэрт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч, які браў удзел у пасяджэньні круглага стала, параіў украінскім экспэртам не выкарыстоўваць «расейскія наратывы».

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

«Мяне вельмі ўсьцешыла жаданьне разабрацца зь Беларусьсю... Калі мне кажуць: „А давайце фэдэратыўны лад“, а чым вы адрозьніваецеся ад расейцаў, якія гавораць пра гэта? Каб гаварыць пра беларускую палітыку, трэба спыніць выкарыстаньне менавіта расейскіх наратываў аб „Маларосіі“, „Беларусіі“ і гэтак далей. Бо назва краіны паходзіць зусім зь іншай крыніцы. „Маларосія“, „на Ўкраіне“, „Беларусія“ мае аднаго аўтара і адзін час», — сказаў Ігар Тышкевіч.

«Мала веру ў вызваленчы паход»

Экспэрт Тышкевіч дадаў, што Ўкраіна можа дапамагчы выхаваць новую беларускую армію, калі дасьць магчымасьць беларусам вучыцца ва ўкраінскіх вайсковых ВНУ.

«Украіна мае калясальны патэнцыял з пункту гледжаньня вайсковага. Украіна можа даць месцы ў сваіх вайсковых ВНУ. І гэта будзе новая беларуская армія бяз спробаў пагуляцца ў імпэрыю, таму што на гэта Ўкраіне патрэбныя вялікія рэсурсы. Па-другое. Украіна мае калясальны досьвед у дэцэнтралізацыі, і гэта таксама нешта накшталт інфармацыйнага або інтэлектуальнага допінгу для мясцовых эліт», — прапанаваў Ігар Тышкевіч.

Тышкевіч мяркуе, што цягам апошніх 30 гадоў украінскія палітычныя эліты фактычна ня мелі стратэгіі сваіх дачыненьняў зь Беларусьсю, а ўкраінскія СМІ не выкарыстоўваюць свайго патэнцыялу, каб паўплываць на зьмену ўзаемнага ўспрыняцьця народаў: беларусы і ўкраінцы недастаткова ведаюць адзін аб адным.

«Я мала веру ў вызваленчы паход, таму што па стане на сёньня Ўкраіна мае абмежаваньні, у тым ліку на выкарыстаньне зброі або наступе на расейскую тэрыторыю. Беларускія фармаваньні — гэта фармаваньні Ўзброеных сіл Украіны, якія падпарадкаваны сухапутным войскам або Галоўнаму ўпраўленьню выведкі (Міністэрства абароны Ўкраіны. — РС). Я мала сабе ўяўляю загад „А давайце пойдзем штурмам на Менск!“ Таму давайце адкідаць гэтую фантастыку. Па стане на сёньня гэта немагчыма, калі толькі Беларусь непасрэдна ня ўступіць у вайну», — патлумачыў экспэрт.

Ігар Тышкевіч дадаў, што Ўкраіна ў стане вайны мусіць найперш вырашаць тэрміновыя патрэбы.

«Інтарэс тут і сёньня — каб Беларусь не ўступіла ў вайну, бо гэта адцягне частку сілаў і сродкаў на барацьбу каля мяжы, і другая частка, па магчымасьці, — стварэньне пунктаў непаразуменьня між афіцыйным Менскам і афіцыйнай Масквой. І трэцяе — уплыў на грамадзтва, каб антываенныя настроі ў Беларусі заставаліся».

Паводле экспэрта, гэта і ёсьць галоўнымі задачамі для Ўкраіны да канца вайны.

«Праблема любой супрацы між дзяржавамі — гэта пытаньне або даверу, або прагназаванасьці партнэра. Пытаньне дэмакратызацыі — дадатковае. Таму ў першы час пасьля вайны трэба стварыць сыстэму, якая б гарантавала супрацу бяз рызык, на другім этапе — супраца зь бізнэс-элітамі і працяг супрацы з грамадзтвам, а на трэцім этапе — ужо аднаўленьне больш-менш нармальных дачыненьняў», — мяркуе Ігар Тышкевіч.

Тышкевіч перакананы, што Ўкраіна мусіць кантактаваць з усімі апазыцыйнымі структурамі Беларусі.

«Трэба размаўляць з усімі, бо цяпер, на жаль, няма лідэра, які меў бы падтрымку ўсіх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG