У расьсьледаваньні ўдзельнічаў кансорцыюм журналістаў з Süddeutsche Zeitung, WDR, NDR, Yahoo News, Delfi Eesti, цэнтра «Дасье», Expressen, Independent, Frontstory, Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) і VSquare. Дакумэнт атрымала рэдакцыя Yahoo.News.
Дакумэнт датуецца летам 2021 году і зьмяшчае 17 старонак. У ім пералічаны палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расейскіх уладаў у Беларусі. Яны падзелены на тры катэгорыі — кароткатэрміновыя (да 2022 году), сярэднетэрміновыя (да 2025 году) і далёкатэрміновыя (2030 год).
У дакумэнце разгледжана ўсё, што зьвязана з абʼяднаньнем краін, сьцьвярджаюць журналісты. Сам дакумэнт яны не публікуюць.
Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч лічыць, што журналіст, які падзяліўся інфармацыяй, «мае чыстую рэпутацыю ў міжнародных расьсьледніцкіх колах».
Рэдакцыя Свабоды ня можа апэратыўна праверыць зьвесткі расьследваньня.
Канстытуцыйная рэформа і войска
У дакумэнце, на які спасылаюцца расьсьледнікі, пішуць, што рэформа Канстытуцыі, якую прынялі ў Беларусі ў лютым 2022 году, павінна быць завершана ў адпаведнасьці з расейскімі інтарэсамі, а законы рэспублікі — «гарманізаваны» з законамі Расеі. А ўплыў NATO варта яшчэ зьменшыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве падпісалі міжурадавае пагадненьне аб адзінай прамысловай палітыцы Расеі і Беларусі. Што яшчэ аб’ядналі?У той жа час сумесныя вайсковыя вучэньні дзьвюх краін прапануюць зрабіць рэгулярнымі і зацьвердзіць адпаведны графік. Удзельнічаць у такіх вучэньнях, згодна з плянам, будуць узброеныя сілы і спэцслужбы дзьвюх краін. Згортваньне такой практыкі можа паставіць пад пагрозу інтэграцыю Расеі і Беларусі, адзначаецца ў «зьліве».
Адна крыніца ў заходняй выведцы дадала: «Лукашэнка заўсёды захоўваў адкрытасьць у адносінах да Захаду. Гэта зьмянілася толькі з выбарамі 2020 году і наступнымі дэманстрацыямі. З таго часу сваёй уладай ён абавязаны толькі ФСБ, якая кінулася на дапамогу КДБ. Пуцін ніколі не хаваў сваёй вялікарускай ідэі і будзе рабіць усё, каб Беларусь не адкрылася Захаду».
На думку аналітыкаў і ўрадавых чыноўнікаў, таксама ёсьць прыкметы таго, што Лукашэнка не глядзіць «з поўным захапленьнем» на пэрспэктыву ператварыцца з кліента ў васала.
«Жаданьня ўступаць у саюзную дзяржаву ні ў палітыкаў, ні ў мясцовых алігархаў няма», — сказаў суразмоўца з заходніх спэцслужбаў.
«Нягледзячы на блізкасьць да Расеі, Лукашэнка ў мінулым заўсёды падкрэсьліваў незалежнасць краіны. Яны з Пуціным ня вельмі любяць адзін аднаго. Адзін чакае, пакуль другі памрэ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад інтэграцыі да далучэньня? Як беларускае заканадаўства зьлівалася з расейскім і да чаго гэта прывяло
Энэргетыка
Энэргетычная інтэграцыя — яшчэ адзін фактар для будучыні «саюзнай дзяржавы». З дакумэнту вынікае, што Астравец-1, адзіны беларускі ядзерны рэактар, які фінансаваўся расейскай дзяржаўнай карпарацыяй атамнай энэргетыкі, плянуецца ўключыць у схему падзелу электраэнэргіі паміж дзьвюма краінамі.
Беларусь ужо імпартуе газ з Расеі. Па словах Дзьмітрыя Крука, старшага навуковага супрацоўніка BEROC, вядучага беларускага эканамічнага аналітычнага цэнтру, які цяпер знаходзіцца ў Кіеве, «Расея па-ранейшаму кантралюе беларускі энэргетычны сэктар, што яшчэ больш паглыбляе залежнасьць краіны ад Расеі. І Беларусі за гэта таксама давядзецца заплаціць».
Дакумэнт таксама перанакіроўвае грузаперавозкі Беларусі, якія ня маюць выхаду да мора, з балтыйскіх суседніх краін у расейскія парты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства эканомікі патлумачыла падзеньне грузаперавозак на 33% заходнімі санкцыяміАдукацыя, культура, мова
Асьцерагаюцца аўтары дакумэнту і «ўзмацненьня» ў атачэньні Лукашэнкі пазыцый «празаходніх і нацыяналістычна настроеных» палітыкаў.
Яшчэ адной мэтай зьяўляецца «забесьпячэньне пераважнага ўплыву Расейскай Фэдэрацыі ў галіне сацыяльнай палітыкі, гандлю, эканомікі, навукі, адукацыі і культуры». Расейскія ўлады зьбіраюцца спрасьціць працэдуру выдачы расейскіх пашпартоў беларускім грамадзянам «у мэтах стварэньня праслойкі расейцаў, зацікаўленых у інтэграцыі, і бізнэс-колаў, арыентаваных на расейскі рынак» — такую стратэгію Расея выкарыстоўвала ў Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, а таксама на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Плянуецца таксама павелічэньне колькасьці беларускіх студэнтаў, слухачоў і курсантаў у вядучых ВНУ Расеі. У той жа час Беларусь павінна адкрыць на сваёй тэрыторыі пункты прыёму Адзінага дзяржаўнага экзамэну альбо распрацаваць мэтодыку ўзаемазаліку вынікаў ЦТ і АДЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічыць расейскую мову роднай для беларусаў, асудзіў гвалт сілавікоў у 2020-м. Што вядома пра новага дэкана журфаку Аляксея БяляеваАсобным пунктам прапісана павелічэньне колькасьці гастроляў расейскіх тэатраў фэдэральнага і рэгіянальнага значэньня ў Беларусі, часовых выстаў расейскіх музэяў сусьветнага, фэдэральнага і рэгіянальнага маштабу.
Пагрозу гэтым плянам, паводле «зьліву», могуць несьці пастаўкі ў Беларусь эўрапейскіх і амэрыканскіх вакцын супраць каранавірусу ўзамен расейскіх прэпаратаў. Непакоіць адміністрацыю Ўладзіміра Пуціна, мяркуючы па дакумэнце, і магчымае памяншэньне ролі расейскіх СМІ ў беларускай інфармацыйнай прасторы.
Пры сярэднетэрміновай пэрспэктыве акцэнт зроблены на адукацыі. Плянуецца адкрыцьцё ў Беларусі філіялаў расейскіх унівэрсытэтаў, стварэньне расейскай школы ў Менску і дадатковых кабінэтаў расейскай мовы ва ўсіх беларускіх унівэрсытэтах.
Сарваць гэтыя пляны, мяркуючы па дакумэнце, могуць намаганьні беларускіх уладаў па беларусізацыі, а таксама поўны ці частковы перавод сыстэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі Беларусі на нацыянальную мову. Асобным пунктам у графе пагроз прапісана «адкрыцьцё паўнавартаснага пасольства ЗША» ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуд нараджэньня нацыі. Выйшла кніга «Чаму Беларусь не Расея»Ацэнка сапраўднасьці дакумэнту
Экспэрты, якім паказалі дакумэнт на праверку, лічаць яго сапраўдным.
«Па сваёй зьнешняй форме дакумэнт нагадвае стандартны дакумэнт расейскай бюракратыі або палітычнага кіраваньня», — сказаў намесьнік дырэктара Стакгольмскага цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў (SCEEUS) Марцін Краг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Гаруноў: «Пераканаць расейскую эліту ў самастойнасьці Ўкраіны і Беларусі немагчыма»Такую ж думку выказалі прадстаўнікі заходніх спэцслужбаў.
«Зьмест дакумэнту абсалютна праўдападобны і адпавядае таму, што мы таксама бачым», — пракамэнтаваў неназваны супрацоўнік выведкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены расейскі апазыцыянэр Навальны выступіў за вяртаньне Ўкраіне Крыму і выплату кампэнсацый