Сумеснае расьсьледаваньне журналістаў розных краін, у тым ліку Беларусі, расказала пра распрацаваны ў Крамлі дакумэнт аб паступовай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі.
У дакумэнце, як сьцьвярджаюць аўтары расьсьледаваньня, па этапах расьпісаны пляны Расеі на Беларусь, у тым ліку ў вайсковай, энэргетычнай і адукацыйнай сфэрах.
Плян нібыта прадугледжвае поўнае падначаленьне Рэспублікі Беларусь уладзе Расейскай Фэдэрацыі да 2030 году.
Рэдакцыя Свабоды ня можа апэратыўна праверыць зьвесткі расьсьледаваньня.
Сьвятлана Ціханоўская з нагоды гэтай публікацыі напісала:
«Мы ніколі ня спынім барацьбы за незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. У новым дакумэнце, які трапіў у міжнародныя СМІ, нібыта падрабязна расказваецца аб плянах Расеі цалкам паглынуць Беларусь да 2030 году. Але мы ня можам дапусьціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна».
Франак Вячорка, палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, адзначыў ролю Аляксандра Лукашэнкі ў рэалізацыі расейскіх плянаў на Беларусь.
«Лукашэнка заўсёды быў самым зручным, бо яны ведаюць, як паводзіць сябе зь ім, як яго кантраляваць, як яго палохаць. А праз Лукашэнку вельмі лёгка кіраваць эканомікай, вайскоўцамі, і так крок за крокам.
Кожны год беларускі сувэрэнітэт скажаўся і перадаваўся Расеі. Апошнія два гады беларускі сувэрэнітэт знаходзіўся на мяжы поўнага зьнішчэньня. Цяпер Расеі ня трэба мяняць Лукашэнку, каб рэалізаваць гэты плян, бо Лукашэнка зьяўляецца найлепшым выканаўцам гэтых папер».
Пракамэнтаваў матэрыялы расьсьледаваньня і Валер Сахашчык, сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі.
«Ужо зараз Беларусь выконвае ўсё, што ад яе хоча Масква. І расейцы адчуваюць сябе ў Беларусі як дома, не пра ўсё пытаюцца і нават не пра ўсё інфармуюць наша вайскова-палітычнае кіраўніцтва. Я думаю, што далей гэта будзе толькі нарошчвацца».
Што гавораць замежныя экспэрты
Ёсьць таксама рэакцыі некаторых замежных аналітыкаў і экспэртаў.
Анна Марыя Дынэр, аналітык Польскага інстытуту міжнародных спраў, варшаўскага аналітычнага цэнтру, заявіла, што стратэгічная мэта Расеі — захаваць пастаянную расейскую вайсковую прысутнасьць у Беларусі.
«Гэта ў прынцыпе гарантуе рэалізацыю астатніх стратэгічных задач па ўзяцьці палітычнага і эканамічнага кантролю над краінай. Гэтая сытуацыя гарантуе Расеі падвышэньне стабільнасьці бясьпекі, г. зн. у першую чаргу нейкае прыкрыцьцё з боку краінаў NATO пры флянгах ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне», — сказала яна.
«Мэты Расеі ў адносінах да Беларусі тыя ж, што і ў дачыненьні да Ўкраіны. Толькі ў Беларусі яна разьлічвае на прымус, а не на вайну. Яе канчатковай мэтай па-ранейшаму зьяўляецца масавая інкарпарацыя», — заявіў Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.