Апошнім часам ён быў дырэктарам Інстытуту магістарскай падрыхтоўкі БДЭУ. Яшчэ раней выконваў абавязкі дэкана факультэту міжнародных бізнэс-камунікацыі БДЭУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У БДУ прызначылі новага дэкана факультэту журналістыкі, ім стаў праўладны палітолягАляксей Бяляеў нарадзіўся ў 1974 годзе ў Віцебску. Там жа скончыў мясцовы ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Расейская мова і літаратура». Працаваў настаўнікам, служыў у войску.
У 1999 годзе паступіў у асьпірантуру гістарычнага факультэту БДУ. Навуковыя зацікаўленасьці новага дэкану журфаку — гісторыя калябарантаў у Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны. «Мясцовая дапаможная адміністрацыя як складовая частка нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі 1941–1944», — назва працы, якую Бяляеў абараніў у 2002 годзе.
Пасьля заканчэньня асьпірантуры Аляксей Бяляеў уладкаваўся на працу ў БНТУ, дзе спачатку выкладаў на катэдры гісторыі, а потым на катэдры паліталёгіі і сацыялёгіі. Ад 2018-га Бяляеў ужо супрацоўнік БДЭУ.
Ад 2011 году Аляксей Бяляеў становіцца штатным камэнтатарам у дзяржаўных СМІ, дзе ва ўсім падтрымлівае беларускую ўладу і ганіць яе праціўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БЧБ-сьцяжок на пінжаку, сын Альгерд. Расказваем гісторыю любімага гісторыка Лукашэнкі«Асуджаю дзеяньні прадстаўнікоў сілавых структур»
У лютым 2017 годзе ў эфіры перадачы «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ Бяляеў заявіў, што роднай мовай для беларусаў зьяўляецца расейская.
«Давайце зыходзіць з рэальнасьці. У нас сёньня пераважная большасьць грамадзян выкарыстоўвае расейскую мову ў якасьці мовы паўсядзённых зносін. У нас у школе ўсе вучаць беларускую мову, але пры гэтым у нас ёсьць родная мова — гэта, няхай на мяне ня крыўдзяцца, расейская мова. У нас быў сумны досьвед 1990-х, калі гвалтам спрабавалі навязаць беларускую мову паўсюль», — сказаў ён.
Нават вядоўца перадачы Вадзім Гігін тады стаў пярэчыць Бяляеву, што ня трэба рабіць такіх адназначных высноваў.
На сваёй старонцы «УКантакце» ў Бяляева ёсьць фотаальбом, які называецца «Где-то в Белоруссии». Ёсьць і іншыя допісы, дзе Бяляеў піша менавіта «Белоруссия». Ён задаецца пытаньнем, якую выгаду «Белоруссия» можа атрымаць у Саудаўскай Арабіі, пакідаючы спасылку на свой артыкул на беларускай філіі «Спутнику». Прычым у гэтым артыкуле напісана «Беларусь».
У 2020 годзе Бяляеў сьцьвярджаў, што за альтэрнатыўнымі кандыдатамі «стаялі людзі, якім замінае беларуская дзяржаўнасьць».
Аднак у першыя дні пасьля выбараў 2020 году Бяляеў асудзіў ужываньне гвалту з боку сілавікоў.
«Сытуацыю ў краіне разглядаю як крызісную. Пры гэтым прынцыпова супраць гвалту, з чыйго бы боку ён не ішоў. Асуджаю дзеяньні прадстаўнікоў сілавых структур, зьвязаныя зь неправамернымі затрыманьнямі і біцьцём сапраўды мірных грамадзян. Агідна, што стала прымяняцца агнястрэльная зброя. Гэта моцна зьмяніла маю пазыцыю ў адносінах да таго, што адбываецца. Заўсёды быў прыхільнікам прававой дзяржавы. На жаль, яе ў нас у цяперашні момант не назіраецца, і ўсё гэта выдатна ўсьведамляюць», — напісаў Бяляеў 12 жніўня 2020.
Допіс пакуль застаецца ў адкрытым доступе. Паглядзець яго можна таксама ў вэб-архіве.
У той самай публікацыі Бяляеў сьцьвярджае, што лічбы ЦВК выклікаюць недавер, але пры гэтым падкрэсьліваў, што іншых дадзеных няма. У жніўні 2020 году палітоляг бачыў выйсьцем з сытуацыі скліканьне круглага стала.
У далейшым жа Бяляеў стаў шукаць у беларускіх падзеях ня ўнутраны чыньнік, а абвінавачваў «калектыўны Захад». Пры гэтым ён сьцьвярджаў, што ў «Беларусі і Расеі адна пупавіна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці ў ЗША, быў вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы. Адкуль узяўся прапагандыст Андрэй МукавозчыкКарэкцыя падрыхтоўкі журналістаў
Ад траўня 2022 году Аляксей Бяляеў вядзе калёнку ў газэце «Рэспубліка». Вось некалькі сьцьверджаньняў зь яго публікацый:
- «На захадзе адбываецца гераізацыя нацызму»,
- «Новы санкцыйны пакет як прыкмета выраджэньня Захаду»,
- «Падтрымка Ўкраіны дорага абыходзіцца жыхарам краін Захаду» і г.д.
Сам палітоляг, калі меркаваць зь ягоных сацыяльных сетак, доўгі час быў аматарам паезьдзіць у краіны Эўропы. Быў ён у Аўстрыі, Баўгарыі, Італіі, Літве. У Вільні прычым адносна нядаўна — у 2019 годзе.
«Прэзыдэнцкі палац маленькі такі... Ну якая дзяржава, такі і палац», — камэнтар Бяляева да фатаздымку на фоне палаца літоўскага прэзыдэнта. Сам палітоляг на здымку ў майцы з надпісам «Нью-Ёрк».
Падчас прадстаўленьня на пасаду Аляксей Бяляеў сказаў, што ён бачыць неабходнасьць у карэкцыі падрыхтоўкі журналістаў. Як менавіта гэта будзе адбывацца, новы дэкан не патлумачыў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баскава 37 штрафаў, Азаронак пачынаў кар'еру ў дзіцячым садку. Што вядома пра ўдзельнікаў «камісіі па вяртаньні зьбеглых беларусаў»