Вайна СССР у Афганістане пачалася са штурму падразьдзяленьнямі КДБ палаца прэзыдэнта Аміна (у якім загінулі некалькі дзясяткаў чалавек з абодвух бакоў) і ўводу ў Кабул падразьдзяленьняў Віцебскай дэсантнай дывізіі. У Кабуле і ў правінцыях была разьмешчаная 40-я армія, якая разам з некаторымі іншымі вайсковымі часткамі атрымала назву «абмежаванага кантынгэнту».
Прынятае ў Крамлі рашэньне тлумачылася неабходнасьцю дапамогі афганскаму народу ў ягоным, як лічылася, імкненьні «будаваць сацыялізм» (хаця народ гэты сацыялізм будаваць не зьбіраўся, бо ўвогуле пра яго ня чуў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідэолягаў кампартыі «ўзнагароджвалі» адпраўкай у Аўган. Як беларус правёў 2 гады на вайнеЯк вядома, КПСС афіцыйна не адмовілася ад тэорыі «сусьветнай рэвалюцыі», папулярнай яшчэ пры Леніне. Аднак, адрозна ад пачатку 1920-х, Масква мела адну з самых моцных армій сьвету з сучаснай зброяй, і працяглага супраціву ад маджагедаў зь іхнымі стрэльбамі ўзору XIX стагодзьдзя не чакала.
Рэальнасьць аказалася іншай. Савецкі Саюз захрас у Афганістане надоўга, сутыкнуўшыся да таго ж з астракізмам з боку сусьветнай супольнасьці, эканамічнымі санкцыямі ды байкотам маскоўскай Алімпіяды. Але самае страшнае — чалавечыя ахвяры. Колькасьць палеглых з савецкага боку за дзесяць гадоў вайны, паводле афіцыйных дадзеных, налічвае 15 052 вайскоўцы. Страты ж афганскага народу дакладна не падлічаныя: прынята называць да двух мільёнаў (!) чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чорны туліпан» для расейскай арміі. Ці шкадаваць акупантаў, якія тысячамі гінуць ва Ўкраіне?У першыя гады той вайны пра цынкавыя труны ў савецкай прэсе не пісалі. Увогуле, інфармацыю пра падзеі ў Афганістане савецкія ўлады жорстка кантралявалі і дазвалялі мінімум. Ужо ў часы гарбачоўскай перабудовы мае калегі з газэты «Віцебскі рабочы» пагарталі падшыўкі з мэтай даведацца, што пісала газэта ў пачатку 80-х пра тую вайну — і акрамя рэдкіх афіцыйных паведамленьняў ТАСС не знайшлі ні радка. І гэта ў Віцебску, адкуль паляцелі першыя дэсантныя экіпажы яшчэ ў 1979-м і куды ўжо ў першыя тыдні даставілі першыя цынкавыя труны, якія потым развозілі па ўсім Савецкім Саюзе.
Акрамя адзінкавых выступаў дысыдэнтаў, у амаль 300-мільённай краіне гадамі не было ніводнага масавага пратэсту супраць вайны ў Афганістане. Апублікаваныя стэнаграмы паседжаньняў Палітбюро ЦК КПСС, а таксама сьведчаньні тагачасных высокіх кіраўнікоў пераконваюць, што менавіта Гарбачоў першым выказаў ідэю вывесьці войскі з Афганістану. І менавіта гэта ягоны намер (выказаны спачатку не катэгарычна, а ў парадку абмеркаваньня) зьняў забарону на тэму і даў магчымасьць гаварыць пра вайну адкрыта.
Параўнаньне вайны Крамля ў Афганістане і вайны Крамля ва Ўкраіне дазваляе адчуць глыбіню бездані паміж савецкім і цяперашнім расейскім грамадзтвам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мара падпалкоўніка Лукашэнкі і місія палкоўніка Пуціна. Вайна, якую маглі пачаць толькі тыя, хто сам ніколі не ваяваўЯ не выпадкова прыгадаў атмасфэру першых гадоў вайны — маўчаньне савецкага грамадзтва ва ўмовах жорсткай цэнзуры і поўнай адсутнасьці палітычных свабодаў. Але маўчаньне зусім не азначала прызнаньня: ня памятаю, каб нехта ўхваляў вайну. А прапагандысты ў войску імкнуліся запазьбегчы тлумачэньня, што азначае «интернациональный долг», выкананьне якога лічылася амаль гэткім жа сьвятым абавязкам, як і вайсковы «долг Родине».
Рашэньне ж аб уводзе войскаў, прынятае, як потым высьветлілася, усяго толькі чатырма членамі Палітбюро (Брэжневым, Андропавым, Грамыкам і Ўсьцінавым), напярэдадні распаду СССР ацэньвалася людзьмі не інакш як злачыннае. Нават артадаксальныя камуністы не спрабавалі яго хаця б у мінімальнай ступені апраўдаць.
Зусім іншае мы бачым цяпер. Рашэньне распачаць «спэцыяльную ваенную апэрацыю» Пуцін зацьвярджаў ледзь не ў прамым эфіры, апытваючы, як на допыце, аднаго за другім чальцоў Савету бясьпекі РФ. Усе дзяржаўныя СМІ Расеі (іншых, праўда, практычна не засталося) імгненна, у першы ж дзень пераключыліся на асьвятленьне баявых дзеяньняў. Усе, ад школьнікаў да пэнсіянэраў, імгненна пашырылі ўласны запас вайсковай лексыкі.
Аднак калі ні Брэжнеў, ні ягоныя спадкаемцы і думаць не маглі перамагчы ў афганскай вайне з дапамогай атамнай зброі, дык ад цяперашняга крамлёўскага кіраўніцтва пагрозы прымяненьня ядзерных боегаловак успрымаюцца ўжо як руціна.
Але найбольш уражваюць настроі абсалютнай большасьці расейскага насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перастаньце хлусіць пра „магутную армію“». Як дыктатары разьвітваюцца зь ілюзіямі пра сваю непераможнасьцьПрагнозы тых, хто летась у лютым папярэджваў пра народныя бунты ў Расеі пасьля таго, як пачнуць прыходзіць першыя труны (папярэджаньні, трэба сказаць, цалкам лягічныя), ня спраўдзіліся.
Розныя крыніцы называюць розныя лічбы загіблых расейскіх вайскоўцаў, але ў кожным разе яны сама меней у дзесяць разоў большыя, чым колькасьць палеглых у Афганістане савецкіх вайскоўцаў за дзесяць гадоў вайны.
Тым ня менш большасьць жыхароў Расеі не пратэстуе. Наадварот, кожны з тых 80%, хто, як лічыцца, падтрымлівае Пуціна, ахвотна патлумачыць, чаму трэба захопліваць украінскія землі, зьнішчаць цэлыя гарады, забіваць тысячы людзей і мільёны вымусіць пакінуць родную краіну: бо неабходна вярнуць «веліч Расеі».
І калі лёзунг «пераможнага шэсьця камунізму па плянэце» ў звычайных савецкіх людзей у часы застою выклікаў у лепшым выпадку іронію, дык за «русский мир» жонкі самі выпраўляюць на сьмерць мужоў, а маці — сыноў. Імпэрская ідэя і туга па былой велічы СССР (якой насамрэч не было) аказаліся мацнейшымі за марксісцка-ленінскія догмы.
Беларускае грамадзтва гэтага пазбаўлена. І калі ў нейкай часткі беларусаў засталася пэўная настальгія па часах СССР, яна ніяк не спалучаецца з агрэсіўным імпэрскім імкненьнем наступаць, зьнішчаць, паліць і забіваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянон Пазьняк: «Эўропу і Ўкраіну павінна хваляваць пытаньне, як разлучыць „сіямскіх блізьнятаў“ — Пуціна з Лукашэнкам»Беларусь страціла ў Афганістане, паводле афіцыйных зьвестак, больш як 700 чалавек — пераважна хлопцаў ва ўзросьце 18-22 гадоў.
За што яны ваявалі, за якія каштоўнасьці загінулі? За ідэю сацыялізму, якога няма, за краіну пад назвай СССР, якая даўно распалася? Няма адказу.
Што дакладна — не за Беларусь.
На вайне Расеі супраць Украіны Беларусь ня страціла ніводнага свайго вайскоўца.
Пакуль што ня страціла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч пра Аўган: «Салдатаў пасылалі, каб сталі героямі, а яны вярнуліся злачынцамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьцерлі з твару зямлі з усім жывым, што было». Расказваюць савецкія вайскоўцы, якія ваявалі ў АўганістанеДумкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.