Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьцерлі з твару зямлі з усім жывым, што было». Расказваюць савецкія вайскоўцы, якія ваявалі ў Аўганістане


Вывад савецкіх войскаў з Аўганістану, 1988
Вывад савецкіх войскаў з Аўганістану, 1988

У жыцьці некаторых украінцаў, якія пайшлі добраахвотнікамі на вайну з сэпаратыстамі ў Данбасе, гэта быў ня першы ваенны канфлікт. Яшчэ ў 1980-я гады гэтыя людзі былі па прызыву адпраўленыя ваяваць у чужую краіну — у Аўганістан.

Што памятаюць і пра што хочуць забыцца былыя байцы «абмежаванага кантынгенту» савецкіх войскаў? Пра гэта — у матэрыяле тэлеканалу «Настоящее время»

*****

Амаль у кожным падразьдзяленьні ўкраінскай арміі ў Данбасе ёсьць байцы, якія ў 1980-я гады прайшлі вайну ў Аўганістане. Казаць пра падзеі таго часу хочуць далёка ня ўсё: многія шчыра прызнаюцца, што ім занадта цяжка ўзгадваць тое, што тады адбывалася.

Анатоль Пляшнік у Аўганістане быў стралком мотапяхотнага палка. Цяпер ён мэдык.

«Проста трэба сказаць, колькі бяды і гора мы прынесьлі гэтым людзям. Колькі мы забілі бязьвінных, цывільнага насельніцтва, — кажа ён. — Колькі мы разбурылі кішлакоў, гарадоў. Калі хто-небудзь што-небудзь будзе казаць супраць, то хай прыгадае чэрвень 1986 году, вялікі горад Талукан (сталіца правінцыі Тахар на поўначы Аўганістану). Мы за адзін дзень сьцерлі яго з твару зямлі разам з усім жывым, што там было: людзьмі, жывёламі».

(Талукан быў акружаны ў ходзе апэрацыі «Манэўр», якую 15 чэрвеня 1986 гады правёў 783-ы асобны разьведбатальён ў складзе 201-й дывізіі савецкіх войскаў. Потым горад быў моцна разбураны — НВ).

Анатоль кажа, што тады ён і яго калегі былі ўпэўненыя: яны паступаюць правільна. Нампаліты пераконвалі салдат тэрміновай службы: ці ты заб’еш, ці забʼюць цябе. Не служыць у савецкай арміі, паводле Анатоля, было сорамна, кепска служыць — ганебна. Таму ў Аўганістане кожны сапраўды стараўся выконваць свой абавязак перад радзімай. І не задаваў лішніх пытаньняў.

«Мне вельмі цяжка казаць гэтую праўду, таму што "аўганцы" нават у нашай раённай арганізацыі, куды я ўваходжу, распавядаюць, як мы будавалі ў іх краіне дарогі і школы, — кажа Пляшнік. — А ў мяне быў адно пытаньне: колькі мы школ пабудавалі, а колькі разбурылі, разьнесьлі?»

Пасьля вяртаньня з Аўганістану і заканчэньня службы ў савецкім войску Анатоль стаў сямейным лекарам. Як толькі пачаліся ваенныя дзеяньні ў Данбасе, ён запісаўся добраахвотнікам у шэрагі ўзброеных сіл Украіны. Па ўзросьце ў баявыя падразьдзяленьні ён ужо не прайшоў, таму займаецца эвакуацыяй параненых і аказвае ім першую дапамогу.

*****

Яшчэ адзін былы «аўганец» у Данбасе — Аляксей. У Аўганістане ён быў снайпэрам у роце спэцназу, а ў Данбасе служыць у рамонтным батальёне на лініі разьмежаваньня.

«Успамінаю нумар сваёй ССД-шкі (снайпэрская стрэльба Драгунова — НВ) — і цяпло ў руках, ведаеце, адчуваецца дагэтуль» — кажа ён.

Аляксей кажа, што яму да гэтага часу сьняцца жахі аўганскай вайны.

«Прапаганда ішла, што амэрыканцы захопяць Аўганістан і паставяць ядзерныя ракеты каля межаў Савецкага Саюзу. А мы ўсе былі патрыётамі Савецкага Саюзу. І каб мы ў палон не здаваліся, нам нават не нампаліты, а асаблівы аддзел паказваў фатаграфіі, што робяць з нашымі палоннымі, — успамінае ён. — Фотаздымкі былі ня вельмі прыемныя. У 18 гадоў лёгка запраграмаваць чалавека, гэта не праблема. Але цяпер пачынаеш думаць: а навошта мы наогул туды ішлі?»

Аляксей кажа, што да гэтага часу мае зносіны з многімі з сваіх аднапалчанаў, зь якімі прайшоў Аўганістан. Кожны год яны стэлефаноўваюцца 15 лютага, у дзень вываду савецкіх войскаў. І заўважае, што адзін званок — ад аднаго з Масквы, які даслужыўся да высокага чыну ў ФСБ, — ён асабліва запомніў. Гэта было ў 2014 годзе.

«Хлопец з Расеі, сказаў па тэлефоне, што рыхтуецца захоп Крыму, што падрыхтоўка ідзе пад Масквой, — прыгадвае Аляксей. — Мы адразу яму не паверылі, а паверылі, ужо калі пачаўся захоп Крыму. Мы паверылі, што будзе нейкая заварушка. Але што будзе такі нахабны захоп — не чакалі».

І Анатоль, і Аляксей асьцерагаюцца, што многія з тых, хто прайшоў вайну ў Аўганістане, цяпер, верагодна, ваююць і па другі бок канфлікту ў Данбасе, і што сярод сэпаратыстаў таксама ёсьць і іх былыя сябры і калегі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG