«Туркі звычайна надта гучныя. Цяпер жа ў горадзе цішыня»
Беларус Вадзім жыве ў турэцкім горадзе Фініке. Гэта практычна за тысячу кілямэтраў ад эпіцэнтру землятрусу. Але ён адчуў штуршкі.
«Недзе каля 4:30 ночы прачнуліся ад таго, што ложак езьдзіў па падлозе, люстра гайдалася. Ускочыў — падлога з-пад ног сыходзіць, як на палубе яхты. Думалі бегчы некуды, але засталіся ў кватэры», — расказвае суразмоўца. Ён таксама дадаў, што «трэсла дом цэлы дзень».
Вадзім зазначыў, што звычайна туркі — «гучныя людзі». Цяпер жа ў горадзе цішыня.
«Звычайна яны музыку гучна слухаюць, на машынах ганяюць па начах. Цяпер жа проста цішыня ў горадзе», — кажа Вадзім.
Суразмоўца дадае, што ў Турэччыне, на яго думку, спэцыфічная сыстэма будаўніцтва, тонкія сьцены, празь якія чуваць усё, што робіцца ў суседзяў. У ягоным горадзе, як і ў большасьці турэцкіх гарадоў, цяпер зьбіраюць дапамогу пацярпелым ад землятрусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад землятрусу ў Турэччыне і Сырыі загінулі больш за 5000 чалавек. Беларуску з горада Хатай знайшлі, яе сына шукаюць«Чакаю, што мае сябры адгукнуцца, суткі няма зь імі сувязі»
Беларуска Марына жыве ў Стамбуле. Яна не пацярпела ад землятрусу, але моцна перажывае за шматлікіх сяброў-туркаў, якія акурат на момант здарэньня былі ў гарадах на паўднёвым усходзе Турэччыны.
«Не магу суткі зьвязацца зь сябрамі і калегамі. Там няма электрычнасьці і сувязі. Таму спадзяюся, што яны жывыя. Правярала сьпісы тых, хто загінуў, — іх там няма. Гора, што многія пасёлкі заваленыя, дарогі разбураныя, і туды ня могуць дабрацца пакуль ратаўнікі», — кажа Марына.
Пад землятрус, паводле Марыны, трапілі яе партнэры па працы, іх жытло было разбуранае. Цяпер яны жывуць у аўтамабілі.
«У Стамбуле арганізаваныя пункты збору дапамогі: зьбіраюць грошы, ежу, цёплую вопратку, абагравальнікі. Вельмі шмат хто, тысячы людзей хочуць трапіць у зону бедзтва, каб дапамагаць там. У аэрапорце ня тое што яблыку — іголцы няма куды ўпасьці. Ужо ўлады просяць, што ня трэба столькі добраахвотнікаў і валянтэраў», — дадала Марына.
Яна кажа, што сытуацыя ўскладняецца анамальным холадам і сьнегам. Ад гэтага дадатковыя праблемы на дарогах, многія зь іх закрытыя і праз шторм, які быў у Стамбуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Муж беларускі, якая пацярпела падчас землятрусу ў Турэччыне, памёр«Людзі паехалі ратавацца на свае лецішчы, а там сьнег ляжыць»
Алеся жыве ў Мэрсіне. Кажа, што адсюль да эпіцэнтру землятрусу каля 200 кілямэтраў. Але моцныя штуршкі адчуваліся і ў ейнай мясцовасьці.
«Гэта адчувалася, асабліва калі землятрус быў ад 6 да 7,5 балаў. Мы жывём на другім паверсе, то ў нас яшчэ больш-менш сытуацыя была: люстра гайдалася, рэчы падалі. Нібыта як палтэргейст у фільмах. Тыя, хто вышэй жыве, іх рэальна там хістала», — кажа Алеся.
Беларуска дадае, што пад разбурэньне ў Мэрсіне трапілі толькі старыя дамы.
«Яшчэ нехта распаўсюджвае чуткі, што будзе яшчэ землятрус. І большы, 8-9 балаў. Мясцовыя людзі напужаліся пасьля ўсяго гэтага і паехалі на свае лецішчы ў гарах. Там жа выпаў сьнег, холадна. Дамкі іхныя там без ацяпленьня. Яны вярнуліся назад. Цяпер начуюць у аўтамабілях, бо ў кватэры баяцца ісьці. Але начаваць у машыне пры такім анамальным холадзе — так сабе задавальненьне», — кажа беларуска.
Яна дадае, што праз мабільную праграму сочыць за штуршкамі і, калі будзе 6 балаў, «трэба бегчы хутка».
«Я палічыла, што мне спусьціцца з другога паверху — 12 сэкундаў», — дадала Алеся.
Беларуска расказала, што ўлады адкрылі адмысловыя пункты, дзе можна пабыць некаторы час, атрымаць дапамогу.
«Таксама на раёнах людзі паляць вогнішчы на вуліцах, каб сагрэцца. І вельмі кідаецца ў вочы, што людзі дапамагаюць адзін аднаму як могуць. Уласьнікі некаторых рэстаранаў адкрылі іх на ноч і бясплатна паілі і кармілі людзей», — кажа Алеся.
Яна дадае, што цяпер па ўсёй Турэччыне адбываецца вялікая міграцыя людзей. «Бягуць далей ад землятрусу, шаша ўся ў заторах», — дадала беларуска.
Алеся мяркуе, што ў Турэччыне «ёсьць пытаньні да якасьці будаўніцтва дамоў».
«Дом, дзе наша кватэра, такі „лёгкі“. Я спрабавала размаўляць з туркамі, якія займаюцца будаўніцтвам, як увогуле яны будуюць? Але не атрымала адказаў. Вядома, гэта сакрэт», — дадала Алеся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяраў землятрусу ў Турэччыне і Сырыі вырасла да 9400. Зь Беларусі накіравалі дапамогу«Зразумела, я пайшоў дапамагаць»
Беларус Яўген жыве ў Антальлі. Ён таксама прачнуўся ноччу, каля чатырох гадзін ад штуршкоў.
«Людзі спалохаліся, выскачылі з кватэр. Але ў нас без разбурэньняў. Зранку пачалі зьбіраць дапамогу пацярпелым. У кожным раёне паставілі адмысловыя намёты. Зьбіраюць дапамогу як ад грамадзян, так і ад уладаў, муніцыпалітэту. Ужо паехалі нагружаныя фуры ад нас у зону бедзтва. Зразумела, я пайшоў дапамагаць», — кажа Яўген.
Ён дадае, што праз абвешчаную жалобу адмянілі заняткі ў школах.
«Таксама ўсе перавозчыкі скінулі моцна цэны на праезд аўтобусамі. Самалёты нават бясплатна перавозяць людзей», — кажа Яўген.
Ён дадаў, што для пацярпелых зьбіраюць «літаральна ўсё» — абагравальнікі, бялізну, коўдры, прадукты, сродкі гігіены.