У выніку магутнага землятрусу на паўднёвым усходзе Туррэчыны і на поўначы Сырыі пацярпелі да 23 млн чалавек, у тым ліку 5 млн асабліва ўразьлівых людзей, заявіла на прэс-канферэнцыі ў Жэневе 7 лютага прадстаўніца Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Адэльхайд Маршанг, паведамляе DW.
Урад Туррэчыны ацаніў колькасьць людзей, якія непасрэдна пацярпелі ад землятрусу ў гэтай краіне, у 13,5 млн чалавек. Працягваюцца пошукі тых, хто застаецца пад заваламі, і ліквідацыя наступстваў землятрусу.
Тым часам колькасьць загінулых ад наймацнейшага за некалькі дзесяцігодзьдзяў землятрусу ў Туррэчыне і Сырыі перавысіла 5000 чалавек. Па дадзеных МУС Турцыі, у гэтай краіне колькасьць ахвяр катастрофы ўзрасла да 3419 чалавек. У Сырыі, паводле афіцыйнай інфармацыі, загінулі ня менш як 1602 чалавекі, паранена каля 2000.
Беларуска, якая зьнікла пасьля землятрусу ў Турэччыне, знайшлася
Беларуска Аляксандра Акпінар, якая прапала пасьля землятрусу ў Турэччыне, знаходзіцца ў шпіталі, паведаміла ў сацсетках яе сястра Марыя. Пра стан яе здароўя пакуль няма інфармацыі. Таксама ў мэдустанове зь пераломам нагі знаходзіцца муж Аляксандры Кемаль Акпінар. Пошукі іх маленькага сына вядуцца.
Нагадаем, беларуска перастала выходзіць на сувязь з блізкімі зь вечара 5 лютага. Пасьля паведамленьняў аб магутным землятрусе яе сястра апублікавала ў сацсетках пост аб пошуку жыхароў горада Хатай, якія маглі б дапамагчы знайсьці Аляксандру.
Амбасада Беларусі ў Турэччыне паведаміла 7 лютага, што працягвае адсочваць сытуацыю па наяўнасьці беларусаў сярод пацярпелых у выніку землятрусу.