Кіеў, баючыся раздражніць і раззлаваць Лукашэнку нават у дробязях (хоць бы згадкай паўстанцаў Каліноўскага ў сьвяточным пасланьні Зяленскага з нагоды юбілею падзей 1863 года або прызнаньнем і згодай прыняць у Кіеве чальцоў кабінэта Ціханоўскай); а Менск — нечаканым камплімэнтам Лукашэнкі ў адрас украінскіх уладаў («Але што мяне захапляе і прыемна зьдзіўляе — Украіна пакуль трымаецца. Яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакт аб ненападзе з Лукашэнкам: спрэчка Краўцова з МажэйкамЯны быццам падахвочваюць і пад’юджваюць адзін аднаго, маючы на мэце зусім пэўныя асабістыя мэты. Украінскі бок панічна баіцца якім-небудзь неасьцярожным словам ці жэстам справакаваць адкрыцьцё Беларускага фронту; беларускі зазірае крыху наперад, у засмужаную недалёкую будучыню, у якой перамога Расеі ў вайне выглядае ўсё больш сумнеўнай, а адпаведна, няпэўна праглядваюцца і пэрспэктывы аднаасобнай дыктатуры, якая для Лукашэнкі ёсьць галоўнай (і ці не адзінай) каштоўнасьцю.
«Гонар і хвала нелегітымнаму Лукашэнку!»
На вайне ў кожнага свае акопы. І з розных акопаў чужыя праблемы і заклапочанасьці бачацца вельмі па-рознаму. Добра абазнаны ў хітраспляценьнях украінскай палітыкі вядомы ўкраінскі і расейскі журналіст Мацьвей Ганапольскі 28 студзеня на ютуб-канале «Живой гвоздь» (гэта спадкаемца закрытай расейскімі ўладамі радыёстанцыі «Эхо Москвы»), разважаючы пра тое, як Кіеву варта сябе паводзіць у адносінах да Лукашэнкі, казаў:
«Трэба заахвоціць Лукашэнку і беларускі народ за тое, што яны непасрэдна ня ўдзельнічаюць у вайне. Лукашэнка ўтрымлівае Беларусь ад прамога ўдзелу ў вайне, нягледзячы ні на што. Гонар яму і хвала, нелегітымнаму прэзыдэнту... Вы кажаце: „Ды ён жа сваю тэрыторыю для нападу дае“? А ты ня дай, паглядзіш, што з табой будзе... Мне напляваць на дэмакратыю ў Беларусі. Для мяне важна, каб беларускія салдаты не пайшлі ваяваць ва Ўкраіну. Мне не патрэбен Беларускі фронт...
Лукашэнка заявіў (і гэта падобна на праўду), што Ўкраіна прапанавала нават Пакт аб ненападзе. Для Ўкраіны вельмі важна, каб не было Беларускага фронту. Я разумею, што ён бандыт, забойца і нелегітымны прэзыдэнт, але я цаню тое, што беларуская армія не ўступае ў вайну з Украінай... Таму я не хачу ніякіх забаронаў для беларускіх спартоўцаў. І Ўкраіна нават супраць санкцый адносна Беларусі... Ня трэба быць бальшавікамі. Прынцыпы не павінны апярэджваць здаровы сэнс. Таму што бальшавізм — гэта гібель людзей... Ну, давайце зараз прынізім Лукашэнку, скажам, што ён падонак, сволач, нелегітымны. А ён тады скажа: „Ах, так? Вельмі добра. Усё, ідзём на Ўкраіну!“ Вось гэтага мы хочам? Я гэтага не хачу».
Маналёг адметны тым, што журналіст Ганапольскі без палітэсу і паліткарэктнасьці агучыў тое, пра што між сабой, відавочна, гавораць тыя, хто прымае ва Ўкраіне рашэньні. Публічна мы ня чуем ад іх падобных аргумэнтаў, але многія дзеяньні і рашэньні сьведчаць пра тое, што яны кіруюцца менавіта гэтымі матывамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спадзяюся, ён усьвядоміць волю беларускага народу». Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША пра саўдзел Лукашэнкі ў вайне і дыялёг з рэжымам«Мы ніколі ня прыйдзем да вас на танках»
Калі раніцай 24 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Кіеў «просіць нас, каб мы ні ў якім разе не ваявалі з Украінай, каб нашыя войскі туды ня рухаліся. Пакт аб ненападзе прапануюць заключыць», многім успомніліся шматлікія папярэднія абяцаньні Лукашэнкі, зробленыя да 24 лютага 2022 года — пра тое, што ён ні за што не дапусьціць агрэсіі супраць Украіны зь беларускай зямлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьбіраўся ў Кіеў на трактары. Цяпер камбінуе, як бы пад гэты «трактар» ня трапіць«Ніколі ня будзе, што з тэрыторыі Беларусі нейкія войскі атакуюць Кіеў. Ніколі!» — патасна абвяшчаў ён у інтэрвію журналісту Гардону ў 2020 годзе. Асабліва адзначаючы, што перадаваў гэтыя запэўніваньні і кіраўніцтву Ўкраіны.
«Мы калі і прыйдзем з поўначы да вас (я хачу, каб гэта некаторыя вайскоўцы ва Ўкраіне пачулі), то на камбайнах, трактарах, тралейбусах і аўтобусах. Мы ніколі ня прыйдзем да вас на танках», — урачыста абяцаў той жа Лукашэнка на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў 2018 годзе.
Вобраз з трактарамі і малацілкамі, якія рухаюцца праз беларуска-ўкраінскую мяжу ў кірунку Кіева, ён неаднаразова выкарыстоўваў і раней — і ў 2017-м, і ў 2016 годзе. Чаго каштавалі ўсе гэтыя абяцаньні і патасныя мэтафары, увесь сьвет убачыў у лютым 2022-га.
Украінскі прэзыдэнт, як вядома, пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі пра «пакт аб ненападзе»:
«Вы чуеце ўсё, што афіцыйна прапануе Ўкраіна. Мы не зьбіраліся і не зьбіраемся нападаць на Беларусь. Такіх намераў няма».
Гэта зусім не азначае, што ніякіх закулісных дамоўленасьцяў паміж Менскам і Кіевам не было і няма. Як не гарантуе і таго, што Ўкраіна сапраўды ні пры якіх абставінах не нападзе на Беларусь. Падчас вайны мала веры ня толькі такім палітыкам, як Лукашэнка, але і палітыкам увогуле. Гісторыя апошняга стагодзьдзя шмат разоў гэта дэманстравала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вярталіся на радзіму, а вярнуліся ў турму». Што чакае ў Беларусі тых «зьбеглых», якія павераць абяцаньням ЛукашэнкіАбяцаў, што не нападзе? Значыць, бойся агрэсіі
Напаўзабытае слова «пакт» — з палітычнага лексыкону 30-40 гадоў мінулага стагодзьдзя. Тагачасны ашалелы сьвет, амаль спрэс апанаваны дыктатарскімі, фашысцкімі і паўфашысцкімі рэжымамі, з аднаго боку, сутаргава рыхтаваўся да войнаў, а з другога — гэтых войнаў асьцерагаўся і ўсяляк імкнуўся іх адцягнуць (прынамсі, вонкава). «Пакты аб ненападзе» і іншага кшталту дамовы і дэклярацыі аб узаемнай адмове ад агрэсіі прымаліся тады, здавалася, паўсюль і ўсюды. І потым з такой жа лёгкасьцю парушаліся.
Звычайна, чуючы слова «пакт», усе адразу ўспамінаюць пра пакт Молатава — Рыбэнтропа ад 23 жніўня 1939 года. Ня пройдзе і двух гадоў, як Гітлер гэты пакт зь лёгкасьцю парушыць і ўварвецца на савецкую тэрыторыю. У сваім патасным выступе па радыё ў дзень нямецкага ўварваньня сталінскі наркам Молатаў з абурэньнем апэляваў да Пакту:
«Гэта нечуваны напад на нашу краіну, нягледзячы на наяўнасьць дамовы аб ненападзеньні паміж СССР і Нямеччынай, зьяўляецца бяспрыкладным у гісторыі цывілізаваных народаў».
Наркам яўна перабольшваў: прыкладаў у 30-я гады было больш чым дастаткова. Гітлер, прыйшоўшы да ўлады, ахвотна падпісваў такія дамовы і пакты. Прычым пераважна якраз з тымі суседзямі, на землі якіх хціва пазіраў і да агрэсіі супраць якіх рыхтаваўся. Напрыклад, у 1939-м была падпісана Дацка-нямецкая дамова аб ненападзе. А 9 красавіка 1940 года Вэрмахт уступіў на тэрыторыю Даніі і, не сустрэўшы супраціву, за адзін дзень акупаваў усю краіну.
Яшчэ раней, у студзені 1934-га, Бэрлін падпісаў «Дэклярацыю пра неўжываньне сілы» з Варшавай. Польшча ўскладала на гэту дамову вялікія надзеі ажно да 1 верасьня 1939 года, да нямецкага ўварваньня. Хоць пасьля таго, як у красавіку 1939-га Гітлер ультыматыўна запатрабаваў ад Варшавы экстэрытарыяльны калідор праз польскую тэрыторыю ў Кёнігсбэрг, было відавочна, што гэту дамову ён выконваць зусім не зьбіраецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэта Расеі ва Ўкраіне тая ж, што і ў Беларусі ў 1654-м». Польскі гісторык пра сапраўдныя прычыны вайны і карані расейскай імпэрскасьціПерамога з адценьнем здрады
Сталінскі СССР у 1930-1940-я гады рабіў у адносінах да сваіх суседзяў прыкладна тое ж самае. У 1932 годзе ў Маскве была падпісана Дамова аб ненападзе з Польшчай. Паводле яе, Масква і Варшава прызнавалі сувэрэнітэт, узаемныя межы і тэрытарыяльную цэласнасьць адна адной і абавязваліся ўстрымлівацца ад агрэсіі. Дамова (пасьля таго, як яе працягнулі ў 1934-м) павінна была дзейнічаць да 31 сьнежня 1945 года. Але гэта зусім не перашкодзіла Сталіну і Гітлеру ў жніўні 1939-га дамовіцца пра зьнішчэньне польскай дзяржавы і падзел Усходняй Эўропы. Зразумела, гэта было грубым парушэньнем савецка-польскай дамовы. А праз паўтара года Гітлер гэтак жа парушыць усе нібыта дзейныя дамоўленасьці са Сталіным і, праігнараваўшы «Пакт аб ненападзе», уварвецца ў СССР.
Ахвяры і драпежнікі мяняліся месцамі, і нічым «бяспрыкладным» у тагачаснай гісторыі гэта не было. Падобнае здараліся тады паўсюль.
Адметная гісторыя адбылася з Пактам аб ненападзе і нэўтралітэце, які Савецкі Саюз незадоўга да пачатку гітлераўскага ўварваньня, у красавіку 1941-га, падпісаў зь Японіяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будзе пакт з Лукашэнкам і што Зяленскі хоча ад Беларусі: ваяр Кабанчук і аналітык СьлюнькінПасьля 22 чэрвеня 1941-га і да канца вайны Японія для СССР — гэта як сёньня Беларусь для Украіны. Токіё падчас Другой сусьветнай — найбліжэйшы саюзьнік Гітлера, складовая частка геапалітычнай восі Бэрлін — Рым — Токіё. Масква, баючыся адкрыцьця другога фронту на Далёкім Усходзе, вымушаная была ўвесь час трымаць там немалыя сілы, востра неабходныя ў эўрапейскай частцы СССР. І ўвесь час у паветры лунала гэта пытаньне: «Нападзе ці не нападзе?» Адзін час савецкія далёкаўсходнія рубяжы былі зусім аслабленыя: немцы рваліся да Масквы і Сталінграда, Сталін перакідваў войскі з Усходу на заходнія франты зь немцамі. Калі б тады японцы ўдарылі ў сьпіну, атакавалі Прымор’е і Забайкальле, невядома, як бы ўвогуле склаўся лёс СССР. Масква ў той пэрыяд усяляк пазьбягала канфлікту зь японцамі, баялася раздражніць яе хоць якімі недружалюбнымі крокамі. І Токіё на працягу ўсёй вайны не парушыў дамовы аб ненападзе.
А вось СССР, як і ў выпадку з Польшчай, калі гэта яму стала выгадна і бясьпечна, калі Японія ў жніўні 1945-га стаяла ўжо на краі бездані і, па сутнасьці, не магла супраціўляцца, груба парушыў уласныя абавязаньні і напаў на Японію, якая і без таго была асуджаная на паразу. Японскае кіраўніцтва да канца спадзявалася, што Масква застанецца вернай дамове, што СССР выступіць на будучых мірных перамовах нэўтральным пасярэднікам, а амэрыканцы, спалохаўшыся вялікіх стратаў, ня будуць настойваць на поўнай капітуляцыі. Аднак Пакт аб ненападзе быў Масквой растаптаны і ніяк не ўратаваў Японію.
Тут варта заўважыць, што ў пасьляваенным Савецкім Саюзе абедзьве гэтыя перамогі, якія грунтаваліся на вераломнай агрэсіі супраць суседзяў, зь якімі былі падпісаны дзейныя пакты аб ненападзе, асабліва не афішаваліся. Савецкі рэжым нібы трохі саромеўся за свае паводзіны, адчуваў нейкую ніякаватасьць і двухсэнсоўнасьць. Праўда, пачаткова, у 1945 годзе, дзень перамогі над Японіяй адзначалі і зрабілі нават выходным. Але праз два гады ранейшы ўказ Сталін адмяніў і гэта дата перастала адзначацца як сьвяточная.
І Акт аб капітуляцыі Японіі ад імя СССР Сталін паслаў падпісваць не кагосьці са сваіх славутых маршалаў, а ўсяго толькі малавядомага другараднага генэрала Кузьму Дзеравянку. Тое ж было і з днём 17 верасьня: у Савецкім Саюзе гэту ня надта прывабную старонку гісторыі, зьвязаную з пактам Молатава — Рыбэнтропа і грубым парушэньнем міжнароднага права, асабліва не адзначалі. Праўда, усё зьмянілася пры Лукашэнку і пры Пуціну. Ім тая даўняя гісторыя здрады і двурушніцтва, відаць, ня надта муляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страх перад Украінай». Гісторык Энн Эплбаўм пра тое, што рухае Пуціным і расейцамі ў вайне«Чорная метка»
З вышыні часу ўся гісторыя 30-40-х гадоў ХХ стагодзьдзя з «пактамі аб ненападзе» выглядае зусім цынічнай і падступнай. Атрымлівалася так, што, папраўдзе, ніякай гарантыяй ад ненападу такая дамова для слабейшых краін не зьяўлялася, а якраз наадварот: гэта была своеасаблівая «чорная метка», якая паказвала на высокую верагоднасьць агрэсіі з боку той краіны, якая такую дамову прапаноўвала. Прынамсі, гісторыя ХХ стагодзьдзя паказала менавіта такую заканамернасьць: вялікія дзяржавы часьцей распачыналі войны са сваімі «партнэрамі», зь якімі падпісвалі «пакты аб ненападзе», чым з краінамі, зь якімі такіх дамоў ня мелі.
Нехта запярэчыць: на дварэ не 30-я і не 40-я гады, іншая эпоха. А мне ўсё часьцей здаецца, што часы якраз вельмі падобныя (прынамсі, у нашай частцы кантынэнту). З грэблівым стаўленьнем да чалавечай годнасьці і свабоды, са спробамі гвалтам і крывёю перакроіць міжнародна прызнаныя дзяржаўныя межы, з дэвальвацыяй любых слоў, дэклярацый і ўрачыстых абяцаньняў, якія даюць палітыкі. Мы неяк неўпрыкмет за вельмі кароткі прамежак часу вярнуліся на 80-90 гадоў назад. І ў грамадзкіх настроях, і ў палітычных тэндэнцыях, і ў лексыцы палітыкаў, стылістыцы іхных паводзінаў. Трагічны досьвед нашых дзядоў і прадзедаў, такой вялікай крывёй здабыты і аплочаны, раптам аказаўся не запатрабаваным.
У сёньняшняй рэальнасьці зусім ня важна, ці ёсьць паміж Беларусьсю і Ўкраінай нейкі таемны, сэпаратна падпісаны Пакт аб ненападзе, або яго няма і ніколі ня будзе. Нікому ніякіх гарантый ён не дадае.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.