Расейскія лекары просяць Пуціна спыніць зьдзекі з Навальнага

Аляксей Навальны ў часе судовага паседжаньня

Расейскія лекары зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з патрабаваньнем спыніць зьдзекі з апазыцыянэра Аляксея Навальнага і забясьпечыць яму неабходную мэдычную дапамогу.

Навальнага дзясяты раз за час яго зьняволеньня адправілі ў штрафны ізалятар калёніі строгага рэжыму ва Ўладзімірскай вобласьці.

У лісьце, які публікуе «Медуза», гаворыцца, што ўмовы ўтрыманьня і зьнешні выгляд Аляксея Навальнага выклікаюць вялікую занепакоенасьць за яго жыцьцё і здароўе. Паводле лекараў, адмова прадстаўнікоў Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў перадаваць зьняволенаму апазыцыянэру неабходныя лекі стварае прамую пагрозу жыцьцю грамадзяніна Расеі Аляксея Навальнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць расейскага палітыка Навальнага распачалі справу аб закліках да тэрарызму і экстрэмізму

«З мэдычнага пункту гледжаньня відавочна, што Аляксей Навальны не атрымлівае мэдычную дапамогу ў дастатковым аб’ёме, а ўтрыманьне яго ў ШЫЗА (штрафны ізалятар. — РС) абсалютна супрацьпаказана ў яго стане», — заяўляюць расейскія лекары, якія падпісалі зварот. Яны нагадваюць, што права грамадзян на ахову здароўя і мэдычную дапамогу прапісана ў Канстытуцыі Расеі. Зьняволеныя і тыя, хто адбывае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, згодна з законам, таксама маюць права на аказаньне мэдычнай дапамогі, у тым ліку ў цывільных мэдычных арганізацыях дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя.

У звароце да прэзыдэнта Пуціна як гаранта Канстытуцыі расейскія мэдыкі патрабуюць дапусьціць да Аляксея Навальнага цывільных лекараў і, пры наяўнасьці паказаньняў, шпіталізаваць яго ў звычайны шпіталь для паўнавартаснага абсьледаваньня і лячэньня.

Ліст падпісалі 36 лекараў, большасьць іх з Масквы.

9 студзеня стала вядома, што Аляксея Навальнага 31 сьнежня зьмясьцілі — дзясяты ўжо раз — у штрафны ізалятар. Такім чынам, новы 2023 год ён сустрэў у ШЫЗА.

Адвакат Навальнага Вадзім Кобзеў напісаў у твітэры, што, паводле ягоных дадзеных, Навальны ў ШЫЗА захварэў, у яго тэмпэратура і кашаль. «Спрабуем перадаць яму лекі», — піша Кобзеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свабода прыйдзе». Расейскі палітвязень Навальны з ШЫЗА павіншаваў з Нобэлеўскай прэміяй міру палітвязьня Бяляцкага

25 сьнежня Аляксей Навальны паведаміў, што выйшаў з ШЫЗА пасьля чарговай адпраўкі туды на 12 сутак. Такім чынам, паміж дзьвюма адпраўкамі ў штрафны ізалятар прайшло шэсьць дзён.

Ва Ўладзімірскай калёніі строгага рэжыму Навальны з чэрвеня 2022 году. Прызначаць дадатковыя пакараньні яму сталі пасьля таго, як у жніўні ён абвясьціў аб стварэньні прафсаюзу зьняволеных і пачаў аспрэчваць умовы свайго ўтрыманьня. Сярод нагодаў, зь якіх Навальнага адпраўлялі ў ШЫЗА, былі расшпілены гузік, адмова мыць плот, адсутнасьць курткі, нецэнзурная лексыка, умываньне не па распарадку.

  • Аляксей Навальны пасьля атручваньня ў жніўні 2020 года атрутай «Навічок» лячыўся ў Бэрліне. На пачатку 2021 году палітык вярнуўся ў Расею, дзе яго затрымалі проста ў аэрапорце.
  • Спачатку апазыцыянэру замянілі ўмоўны тэрмін на рэальны па справе «Іў Рашэ», а затым судзілі па справе аб паклёпе на вэтэрана (прысудзілі штраф) і па справе аб махлярстве і абразе судзьдзі (прысудзілі дзевяць гадоў калёніі).
  • Крымінальны перасьлед Навальны і яго прыхільнікі называюць палітычным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнены генэрал ФСБ, які курыраваў НДІ, дзе распрацоўваліся атруты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны падасьць на калёнію ў суд. Яму не паведамляюць дыягназ