Паводле новага закону, пазбаўляць грамадзянства хочуць «экстрэмістаў», якія выехалі за мяжу.
Прысуды па якіх артыкулах пагражаюць стратай грамадзянства?
Стала вядома, што пад «экстрэмістаў» у гэтым выпадку падпадаюць беларусы, якіх прызналі вінаватымі ў парушэньні артыкулаў:
- арт. 122-137 (артыкулы разьдзелу «злачынствы супраць міру, бясьпекі чалавецтва і ваенныя злачынствы»);
- арт. 287 (стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзел ў ім);
- арт. 289 (акт тэрарызму);
- ч. 2 арт. 290 (садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці);
- арт. 291 (захоп закладніка);
- арт. 292 (захоп будынкаў і збудаваньняў);
- арт. 293 (падрыхтоўка масавых беспарадкаў);
- ч. 4 арт. 294 (крадзеж агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў ці выбуховых рэчываў);
- ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
- ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін);
- ч. 3 арт. 311 (крадзеж або захоп з мэтай крадзяжу чыгуначнага рухомага саставу, паветранага або воднага судна);
- ч. 3 арт. 322 (незаконныя набыцьцё, захоўваньне, выкарыстаньне, збыт або разбурэньне радыяактыўных матэрыялаў);
- ч. 3 арт. 323 (выкраданьне радыяактыўных матэрыялаў);
- ч. 3 арт. 324 (пагроза небясьпечным выкарыстаньнем радыяактыўных матэрыялаў);
- ч. 2 арт. 333 (незаконнае абарачэньне моцнадзейных або атрутных рэчываў);
- арт. 356 (здрада дзяржаве);
- арт. 357 (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
- арт. 359 (акт тэрарызму ў дачыненьні дзяржаўнага ці грамадзкага дзеяча);
- арт. 360 (дывэрсія);
- арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці, удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы, вэрбаваньне ці падрыхтоўка да ўдзелу, садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, праходжаньне навучаньне ці падрыхтоўка да яго для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці);
- арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў, вайскоўца);
- ч. 2. арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак);
- арт. 364 (гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- арт. 366 (гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак);
- ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзыдэнта);
- арт. 388 (гвалт у дачыненьні да судзьдзі ці народнага засядальніка).
Грамадзяне Беларусі, якія атрымалі грамадзянства іншай дзяржавы або дазвол на жыхарства, мусяць паведаміць пра гэта ў органы ўнутраных справаў або дыпляматычныя службы цягам трох месяцаў пасьля атрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон аб пазбаўленьні грамадзянства за «экстрэмізм»Каму зь вядомых беларусаў пагражае страта грамадзянства па нараджэньні?
Страціць грамадзянства Рэспублікі Беларусь, атрыманае па нараджэньні, могуць, у прыватнасьці кіраўніца Аб’яднанага кабінэту дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК) Павал Латушка, усе сябры АПК і НАК. Пазбавіць грамадзянства могуць і кіраўнікоў фондаў BySol і ByHelp Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка адпаведна.
Ануляваць грамадзянства краіны могуць усім байцам палку Каліноўскага, якія вядуць змаганьне за Ўкраіну ў складзе Ўзброеных сіл Украіны, удзельнікам добраахвотніцкіх фармаваньняў, інструктарам і іншым асобам, якія бяруць удзел у падрыхтоўцы байцоў і зьвесткі якіх вядомыя спэцслужбам Беларусі. Сярод іх адзін з стваральнікаў палку «Пагоня» Вадзім Пракоп’еў.
Страціць пашпарты могуць Дзяніс Дзікун, асуджаны на 23 гады пазбаўленьня волі, Алег Малчанаў і Дзьмітры Равіч — адпаведна на 21 і 22 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. А таксама іншыя «рэйкавыя партызаны», імёны якіх сталі шырока вядомыя дзякуючы дывэрсіям, якія яны ўчынілі на чыгунцы, каб расейскія войскі ня здолелі хутка дабрацца да ўкраінскай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэйкаваму партызану» Мельніку, якому пры затрыманьні прастрэлілі калені, прысудзілі 13 гадоў калёнііБезь беларускага пашпарта могуць застацца кіраўнікі каналу NEXTA, прызнанага ўладамі Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй», — Сьцяпан Пуціла і Ян Рудзік, удзельнікі ініцыятывы «Чорная кніга Беларусі», «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар», «Беларускі фонд спартовай салідарнасьці», Аляксандра Герасіменя, Аляксандар Апейкін і іншыя.
Таксама страціць грамадзянства могуць палітзьняволеныя анархісты Зьміцер Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Сяргей Раманаў і Дзьмітры Разановіч.
Беларускі пашпарт могуць забраць і ў яшчэ аднаго чалавека, які знаходзіцца за кратамі, — Паўла Белавуса. Заснавальніка Symbal.by абвінавацілі паводле артыкулу «Здрада дзяржаве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму». Заснавальніка Symbal.by Белавуса вінавацяць у здрадзе дзяржавеБез грамадзянства РБ могуць застацца і палітзьняволеныя журналісты Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык, асуджаны за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» і Ігар Лосік, адзін з крымінальных артыкулаў якога аб «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» таксама знаходзіцца ў пераліку.
Лідэры незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вацлаў Арэшка, Аляксандар Ярашук і іншыя.
Варта адзначыць, што гэта далёка ня поўны сьпіс людзей, якія падпадаюць пад дзеяньне закону ў выпадку яго прыняцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Ігару Лосіку не дазваляюць ліставацца з жонкай Дар’яй, пакуль яна ў СІЗААнаніч: «Пазбаўленьне грамадзянства — пацьверджаньне страты сувязі грамадзяніна зь дзяржавай»
Абноўлены закон аб грамадзянстве ў першую чаргу накіраваны на ўмацаваньне нацыянальнай бясьпекі дзяржавы, заявіла Sputnik намесьніца старшыні камісіі ў правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч, якая зьяўляецца распрацоўніцай гэтага праекту закону і прадстаўляла яго ў Авальнай залі. Паводле яе, у абноўленым законе размова не ідзе аб тым, што грамадзянін, адносна якога набыў законную моц прысуд, аўтаматычна пазбаўляецца грамадзянства.
Яна нагадала, што ў законе ёсьць пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за ўчыненьне злачынства тэрарыстычнай і экстрэмісцкай накіраванасьці, а таксама за злачынствы супраць інтарэсаў дзяржавы і нацыянальнай бясьпекі.
«Пазбаўленьне грамадзянства — гэта не пакараньне за зьдзейсьненыя злачынствы, указаныя ў законе. Пакараньне прадугледжвае рашэньне суду, якое ўступіла ў законную сілу. Само пазбаўленьне грамадзянства — гэта не дадатковае пакараньне, гэта фактычнае пацьверджаньне страты сувязі грамадзяніна зь дзяржавай», — сказала Ананіч.
Гэта норма датычыцца чалавека, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ў адносінах якога ўступіў прысуд аб учыненым злачынстве экстрэмісцкай накіраванасьці.
Ананіч удакладніла, што першапачаткова пытаньне аб пазбаўленьні грамадзянства разглядае камісія па грамадзянстве, але канчатковае рашэньне прымае Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленьне грамадзянства «экстрэмістаў» і амністыя без палітвязьняў. Хто з дэпутатаў стаіць за адыёзнымі зьменамі заканадаўства