Сьлюнькін: Лукашэнка можа вызваліць палітвязьняў, калі Захад і апазыцыя пачнуць прасіць у яго прабачэньня

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ. 10 кастрычніка 2020 году

Экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносін, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін тлумачыць, пра што (ня) могуць дамовіцца Лукашэнка і Захад; адказвае на пытаньне, чаму рэжым ня можа спыніць рэпрэсіі; і аргумэнтуе, чаму гандаль палітвязьнямі не зьяўляецца добрай ідэяй.

Сьцісла:

  • Лукашэнка можа вызваліць нават усіх палітвязьняў. І калі б ён хацеў таргавацца, калі б бачыў у гэтым нейкі сэнс — ён бы ўжо гэта рабіў.
  • Немагчыма вяртаньне ў стан, які быў да вясны 2020 году.
  • Гандаль палітзьняволенымі Захад не ўспрымае як нешта станоўчае. У такім разе ўсе дыктатарскія рэжымы будуць таксама такім чынам шантажаваць
  • Калі беларускія дэмакратычныя сілы разам з Захадам пачнуць прасіць у Лукашэнкі прабачэньня, прызнаваць ягоную легітымнасьць — той можа пайсьці насустрач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьняў Лукашэнка добраахвотна не амністуе, а вось прадаць ці абмяняць можа. Як ужо зараз ратаваць людзей з турмаў?

— Апошнія тыдні ў беларускім грамадзтве актывізавалася дыскусія наконт таго, ці магчыма дабіцца вызваленьня палітвязьняў, што для гэтага трэба зрабіць, і чаму кіраўнікі дэмакратычных сілаў ня робяць дастаткова захадаў дзеля гэтага. Як вы бачыце гэтую праблему?

— Напачатку — некалькі істотных пунктаў. Не Сьвятлана Ціханоўская і не дэмакратычныя сілы трымаюць за кратамі палітвязьняў, і не яны могуць іх вызваліць. Па-другое, санкцыі супраць беларускага рэжыму ўводзіць таксама ня офіс Ціханоўскай ці іншыя дэмакратычныя сілы. Іх уводзяць заходнія краіны, і не паводле заклікаў беларускіх дэмакратычных сілаў, а паводле сваіх уласных рашэньняў.

Па-трэцяе, няма нават таго патэнцыйнага перамоўнага пункту, які можа прывесьці да істотных вынікаў. Лукашэнка можа вызваліць нават усіх палітвязьняў. І калі б ён хацеў таргавацца, калі б бачыў у гэтым нейкі сэнс — ён бы ўжо гэта рабіў. Але падаецца, што яму не даспадобы тая цана, якую гатовыя заплаціць заходнія партнэры за гэты крок. Гэты кошт падаецца яму занадта малым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Муж палітзьняволенай Слаўнікавай — Офісу Ціханоўскай: «Штаб павінен зьвярнуцца да дыпляматаў ЗША аб іх вяртаньні ў Беларусь і перамовах»

— Што сапраўды на сёньня могуць прапанаваць Лукашэнку ў абмен на вызваленьне палітвязьняў, а што прапанавана ня будзе?

— Галоўная праблема: чаканьні бакоў адзін ад аднаго нашмат вышэйшыя за тое, што яны рэальна могуць прапанаваць. Лукашэнка мог бы вызваліць палітзьняволеных, нават усіх, альбо нейкую частку, падаўшы пэўны сыгнал. Але ён гэтага ня робіць, бо, як мне падаецца, разумее, што за гэты крок ён не атрымае таго, чаго хоча. Ён бы хацеў атрымаць зьняцьцё самых галоўных санкцыяў — супраць нафтаперапрацоўкі, калію, магчыма, банкаўскай сыстэмы.

Але за тое, што ён вызваліць палітзьняволеных, зь яго ня здымуць гэтыя санкцыі. Зь іншага боку, што перш за ўсё цікавіць Эўропу? Гэта не палітвязьні, а вайна і роля Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, наколькі глыбока рэжым Лукашэнкі ўцягвае краіну ў вайну.

Ці можа Лукашэнка тут што-небудзь істотнае прапанаваць Захаду? Фактычна — не. Ён не кантралюе расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі, у яго не пытаюцца дазволу, калі з тэрыторыі Беларусі бамбяць Украіну. Ці можа ён адмовіцца ад падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны? Ня можа.

Ці можа Лукашэнка адмовіцца ад рэпрэсіяў? Рэпрэсіі сталі для рэжыму формай існаваньня, формай жыцьця. Бязь іх ужо складана ўявіць, як гэты рэжым можа вярнуцца да таго стану, у якім быў раней. Рэпрэсіі перасталі выконваць нейкую канкрэтную ахоўную ролю — раней былі чырвоныя лініі, хтосьці іх пераступаў, і за гэта яго рэпрэсавалі. А зараз рэпрэсіі ўжо ня маюць нейкай канкрэтнай лёгікі, пад іх можа падпасьці хто заўгодна за што заўгодна.

— Але калі б рэжым спыніў рэпрэсіі пад ціскам нейкіх міжнародных абставін — няўжо гэта стала б яму пагрозай? Няўжо рэжым рэальна баіцца, што пасьля спыненьня рэпрэсій людзі адразу выйдуць на вуліцы з патрабаваньнем зрынуць рэжым? Вось у 2015 годзе, калі былі выбары прэзыдэнта, на фоне анэксіі Крыму, апазыцыя нават не гаварыла пра Плошчу, і ніякіх масавых пратэстаў не было. Якія такія страшныя наступствы для рэжыму могуць надысьці, калі ён спыніць рэпрэсіі?

— Абмежаваць, аслабіць рэпрэсіі магчыма. Але пытаньне ў тым, што немагчыма вяртаньне ў стан, які мы мелі да вясны 2020 году. Стан, у якім працуе Tut.by, журналісты Радыё Свабода робяць рэпартажы, выконвае свае функцыі «Вясна», працуюць многія грамадзкія арганізацыі.

Ці можа Лукашэнка вярнуць усё гэта, ці можа ён дазволіць людзям выказваць свае антываенныя думкі? Падаецца, што не. Структурная і стратэгічная зьмена гэтага рэжыму ўжо адбылася, крытыка ўладаў стала злачынствам. Такога ніколі не было. Складана ўявіць, каб Лукашэнка ад гэтага адмовіўся.

Таму, калі вяртацца да магчымасьцяў «торгу» — дык што могуць атрымаць заходнія краіны? Па ваенных пытаньнях — нічога. У справе спыненьня рэпрэсій — таксама наўрад ці. Застаюцца палітзьняволеныя. Вызваліць ён кагосьці — можна ў адказ прапанаваць яму прыбраць са сьпісу санкцый нейкіх чыноўнікаў ці адзін банк назад у SWIFT вярнуць. Атрымліваецца, што стратэгічна няма парадку дня для патэнцыйных перамоваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адказала на крытыку, што яе офіс мала робіць для вызваленьня палітвязьняў

— Аднак гэта не спыняе прэтэнзіі да кіраўніцтва дэмакратычных сілаў, Пераходнага кабінэту, — нібыта яны робяць недастаткова для вызваленьня палітзьняволеных. Што нібыта ёсьць нейкія шляхі, якія можна выкарыстоўваць. У тым ліку ўзгадваюць, што ў свой час ФРГ выкупляла палітзьняволеных у ГДР...

— ФРГ была дзяржавай. У беларускіх дэмакратычных сілаў няма сваёй краіны, няма свайго міністэрства фінансаў. Хто будзе выкупляць?

— Захад?

— Хто канкрэтна? Якая краіна возьме на сябе гэтую ролю і чаму?

— З гуманістычных і палітычных меркаваньняў. Чаму Захад, напрыклад, дапамагае бедным афрыканскім краінам, дае ім грошы і харчаваньне?

— Чаму яны дагэтуль не выкупляюць? Значыць, ёсьць нейкія абставіны і рэзоны, якія даказваюць ім, што гэта нелягічна і бессэнсоўна. Бо тады ты сам дазваляеш сабой маніпуляваць. Гэта як зь мігранцкім крызісам. Можна было «пайсьці насустрач» Менску, сказаць Лукашэнку — спыняемся, давай сябраваць. Не, у выніку Захад зрабіў так, каб гэты міграцыйны шантаж не спрацаваў. І менавіта праз гэта ўдалося спыніць мігранцкі крызіс.

Таму і гандаль палітзьняволенымі Захад не ўспрымае як нешта станоўчае. Бо гэта стане прыкладам, і ўсе дыктатарскія рэжымы будуць таксама такім чынам шантажаваць. Да таго ж Лукашэнка можа паставіць такую нерэальную цану, на якую ніхто ня пойдзе. Гэта нейкія адарваныя ад рэчаіснасьці фантазіі.

Тэарэтычна магчыма «таргавацца», але пакуль перамоўныя пазыцыі бакоў радыкальна не супадаюць. Аднак, калі адзін бок істотна зьмяняе сваю пазыцыю, саступае, адмаўляецца ад сваіх прынцыпаў — тады ўсё магчыма. Калі эўрапейцы раптам скажуць: санкцыі не працуюць, мы іх здымаем, выпусьціце хаця б Бяляцкага — канечне, Менск пагодзіцца. Ёсьць жа такія экспэрты, якія кажуць, што санкцыі нічога ня вартыя, не працуюць, можна хоць усе іх зьняць, абы дабіцца вызваленьня хаця б аднаго чалавека.

Так што, калі беларускія дэмакратычныя сілы разам з Захадам пачнуць прасіць у Лукашэнкі прабачэньня, прызнаваць ягоную легітымнасьць — то той можа пайсьці насустрач. Калі гуляць па ягоных правілах, то ён будзе рады, пачне торг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Вольгу Гарбунову прадстаўніцай у сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага Кабінэту