Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская адказала на крытыку, што яе офіс мала робіць для вызваленьня палітвязьняў


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Афіцыйныя беларускія ўлады ведаюць, што вызваленьне палітвязьняў і спыненьне саўдзелу ў вайне супраць Украіны можа спыніць увядзеньне санкцый і «нават, магчыма, здыме некаторыя дзейныя», гаворыцца ў заяве дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай, якую цытуе BPN.

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты адзначыла, што за апошнія два гады яна правяла «сотні сустрэч, і на кожнай з іх казалі пра тое, як вызваліць палітвязьняў, спыніць катаваньні, рэпрэсіі, што яшчэ трэба зрабіць, каб як мінімум палепшыць умовы ў турмах».

«Праз ААН і Чырвоны Крыж мы спрабуем выратаваць жыцьцё тым, хто ў дрэнным фізычным стане. На кожнай сустрэчы я кажу пра дапамогу для адвакатаў і для сем’яў палітвязьняў. У сотняў зь іх зьявіліся хросныя сярод палітыкаў, якія не даюць сьвету забыцца пра тых, хто ў турмах», — дадала палітык.

«Сяргей Ціханоўскі — таксама палітвязень. Мой муж і самы блізкі чалавек. Бацька маіх дзяцей, зь якім я ўжо трэці год маю зносіны толькі праз адвакатаў, — падкрэсьліла яна. — Шмат у каго ў нашай камандзе найбліжэйшыя сваякі, ня кажучы ўжо пра сяброў ці знаёмых, знаходзяцца за кратамі па палітычных прычынах. Ва ўсіх у камандзе ёсьць свая асабістая матывацыя як мага хутчэй вызваліць палітвязьняў. Таму ні палітычна, ні эмацыйна я не магу зразумець, што маецца на ўвазе, калі хтосьці кажа, што „офіс сабатуе выхад палітвязьняў“».

Ціханоўская піша, што, калі бачыць крытыку, хоча выкарыстоўваць яе для паляпшэньня працы: «Але ў гэтым выпадку я не бачу прапаноў: дык што ж трэба зрабіць? Вы хочаце пачаць гандаль людзьмі? Тады агучце: кім, як, дзе? На якіх умовах? У якім парадку? Якія гарантыі? Як паступіць, каб не пагоршыць праблему? Абменьваць палітвязьняў на зьняцьце санкцый? Фактычна — пераконваць Захад зьняць санкцыі, якія былі ўведзеныя ў адказ на парушэньне міжнароднага права і пагрозу іх інтарэсам: захоп самалёта, міграцыйны крызіс, удзел у ваеннай агрэсіі?»

На яе думку, крытычна важна не дапусьціць, каб, «калі адпусьцяць кагосьці аднаго, набралі ў закладнікі новых двух»: «Менавіта так цяпер адбываецца. Трэба пасьлядоўна патрабаваць вызваленьня ўсіх. Але спыненьне новых арыштаў і вызваленьне хоць нейкай колькасьці чалавек магло б стаць сыгналам, што рэжым гатовы зьмяняць паводзіны і пачынаць дыялёг».

«Для мяне і маёй каманды вызваленьне палітвязьняў было і застаецца прыярытэтам, і я гатовая пачуць усе канкрэтныя прапановы аб тым, як менавіта гэта зрабіць», — сказала на заканчэньне Ціханоўская.

Ціханоўская адзначыла, што яна адкрыта да грамадзкага абмеркаваньня гэтага пытаньня, «каб мы разам пагадзіліся або аспрэчылі прапанаваны плян».

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі на 25 сьнежня 1.442 палітвязьняў, якіх афіцыйна прызналі беларускі праваабарончыя арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG