Палітвязьні ў турэмных камэрах на Валадарцы і ў Амэрыканцы чуйна ловяць гукі перадсьвяточнага Менску, якія даносяцца з-за закратаваных вокнаў, і адчуваюць сябе ў такія імгненьні асабліва самотнымі і забытымі.
Нам нават цяжка ўявіць сапраўдныя маштаб і глыбіню людзкіх драм, якія адбываюцца за тоўстымі турэмнымі сьценамі. Адтуль апошнім часам нават галасы не даносяцца, бо застрашаныя ўсе, бо, нават пераказваючы турэмны ліст іншым людзям, жонка ці маці рызыкуе ці сама трапіць туды ж, ці нашкодзіць блізкаму чалавеку. Дзеці забываюць, як выглядаюць іхныя зьняволеныя тата ці мама. Палітвязьням і іхным блізкім патрэбны ня столькі ўсё новыя санкцыі супраць рэжыму, колькі хоць бы маленькія канкрэтныя крокі, накіраваныя на тое, каб іх вызваліць. Сёньня. Цяпер. Яны прагнуць бачыць, што дзеля гэтага робіцца хоць нешта, апроч дзяжурных заяў і заклікаў. І ня трэба ім адказваць, што нічога зрабіць немагчыма. Бо магчыма.
У мяне ёсьць знаёмая менская сям’я — маці і сын. Ён 20-гадовы студэнт, цяплічны, дамашні хлопчык, выхаваны і прыстойны, марыў быць філёлягам, перакладчыкам. Ягоная мама — 40-гадовая самотная жанчына, якая адна гадавала яго і ў якой бліжэйшых і раднейшых людзей, чым ён, няма і ня будзе на гэтым сьвеце. У абаіх жыцьцё скончылася ў тую лістападаўскую раніцу 2020 году, калі яго забралі. Асудзілі на шэсьць гадоў — за тое, што нешта пісаў у пратэставых чатах у жніўні 2020-га, што засьвяціўся на фатаздымках з маршаў з карыкатурай на Лукашэнку ў руках.
Апошнія два гады для яе — гэта няспынныя сьлёзы над ягонымі рэдкімі лістамі з турмы; збор рэчавых і харчовых перадач; бясплённыя хаджэньні па розных установах — спроба хоць чымсьці палегчыць ягоны лёс. Што найбольш даймае і яе (і, відавочна, яго) — адчуваньне несправядлівасьці, бездапаможнасьці, жыцьцёвага тупіка. А яшчэ — крыўды на тых, хто, як ім здаецца, можа нешта зрабіць дзеля вызваленьня, а ня робіць.
Можна, вядома, разважаць пра ступень адказнасьці тых, хто паклікаў людзей на вуліцу ў жніўні 2020-га, хто гэту вуліцу рыхтаваў. Дзіўна, але яны яўна не прадугледжвалі ніякіх іншых сцэнароў, апроч паўтарэньня «аксамітных рэвалюцый» узору 1989–1990 гадоў. Задумваўся, відаць, гэткі карнавал са сьмешнымі крычалкамі, вясёлымі карыкатурамі, песьнямі, братаньнямі зь міліцыяй і высьмейваньнем бездапаможнасьці рэжыму.
Такое ўражаньне, што ніхто асабліва ня дбаў ні пра кансьпірацыю, ні пра бясьпеку, ні пра тое, што рабіць, калі «рэвалюцыя» скончыцца зусім ня так, як яны на тое разьлічваюць. Хоць якая «аксамітная рэвалюцыя» магла быць ва ўмовах рэжыму сталінскага тыпу?
Тут хутчэй напрошваюцца аналёгіі з расейскімі рэвалюцыямі пачатку мінулага стагодзьдзя, дзе з аднаго боку быў жорсткі самадзяржаўны рэжым, які не жадаў зьмяняцца і саступаць уладу, а з другога — арганізацыі прафэсійных рэвалюцыянэраў са шматгадовым досьведам падпольнага змаганьня, псыхалягічна гатовых да дзесяцігодзьдзяў катаргі і казэматаў Петрапаўлаўскай крэпасьці дзеля сваіх высокіх мэтаў, галоўнай зь якіх было якраз зьвяржэньне самадзяржаўя. Яны ўмелі выкрываць правакатараў і засланых агентаў «ахранкі», ведалі, што такое праца ў падпольлі і жорсткія ўмовы кансьпірацыі, мелі разгалінаваныя абароненыя структуры...І ўрэшце перамагалі.
У савецкі час усё гэта нават вывучалася ў школах і ВНУ, як прыклад ленінскага стаўленьня да «паўстаньня як да мастацтва». Але хто цяпер тое памятае?
Лукашэнка і міласэрнасьць
Лукашэнку цяжка ўявіць у якасьці велікадушнага і незлапамятнага палітыка, які даруе сваім палітычным праціўнікам і шчодрай рукой расчыняе дзьверы турмаў. Эмпатыя, суперажываньне, спачуваньне — гэта яўна не пра яго. Можа, калі б за сьпінай была іншая біяграфія, калі б самому давялося перажыць нешта падобнае, калі б сам плакаў над турэмнымі лістамі ўласных сыноў, магло б быць іначай...
Зрэшты, гэта зусім не азначае, што ключоў да Лукашэнкавых турмаў нельга падабраць увогуле. Яны ёсьць, і неаднаразова выкарыстоўваліся. Лукашэнка ня раз і ахвотна выкарыстоўваў палітвязьняў у якасьці тавару. Праўда, вытаргаваць сёньня прызнаньне рэжыму, ягоную легітымізацыю на Захадзе наўрад ці магчыма. Але ж ёсьць і іншы тавар для гандлю.
Лукашэнка, вядома, ня з тых, хто паддаецца на ўгаворы, просьбы ці санкцыйны ціск — тут сумневаў мала. І якая ягоная стратэгія адносна палітвязьняў, больш-менш зразумела. За мінулыя два з паловай гады ён яўна ўвайшоў у смак: пераканаўся, наколькі дзейсным зьяўляецца страх дзеля татальнага падпарадкаваньня грамадзтва. Думаць пра сваю палітычную рэпутацыю яму ўжо даўно няма патрэбы. А вось пра тое, як утрымаць уладу ў бліжэйшыя гады, задумвацца даводзіцца.
Менавіта таму сёньня, у канцы 2022 года, каток палітычных рэпрэсій у Беларусі ня толькі не спыняецца — наадварот, набірае хаду. Як засьведчылі аўтары даклада «Беларускі трэкер перамен», калі яшчэ летам у Беларусі ў сярэднім затрымлівалі па 100-120 чалавек за месяц, то ўвосень — у 3,5 раза больш. Вырасла і колькасьць палітычна матываваных судоў: увосень іх было ў сярэднім 145 у месяц, тады як у папярэднія месяцы — па 84.
Павялічыліся тэрміны крымінальных пакараньняў. Калі летам сярэднемесячныя сукупна прысуджаныя тэрміны зняволеньня складалі прыкладна 125-127 гадоў, то ў верасьні гэты паказчык склаў 412, у кастрычніку — 426 гадоў. Растуць тэмпы прызнаньня зьняволеных палітычнымі. Летам іх штомесяц станавілася больш у сярэднім на 87 чалавек, восеньню — на 110 (а ў лістападзе наагул плюс 139 чалавек).
Па сутнасьці, рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на новую ступень. Калі раней, у 2020-м і 2021-м, арыштоўвалі пераважна тых, хто хоць нейкім чынам удзельнічаў у пратэстах, то цяпер усё часьцей кідаюць у турмы тых, хто МОГ мець да гэтага дачыненьне, чыё імя ўсяго толькі прамільгнула ў допытах затрыманых ці хто зьвязаны з палітвязьнямі сваяцкімі сувязямі.
«Свабоду Луісу Карвалану!»
Такіх, як цяпер, палітычных рэпрэсій на памяці сёньняшніх пакаленьняў не было. Хрушчоўскі і брэжнеўскі рэжымы ў параўнаньні з лукашэнкаўскім — вэгетарыянскія. Канечне, дысыдэнты і «ворагі сацыялізму» былі і тады. Былі і «псыхушкі» для «антысаветчыкаў». Але да сталінскіх мэтадаў тагачасны КДБ усё ж імкнуўся не апускацца. Саслалі ў Горкі акадэміка-дысыдэнта Андрэя Сахарава (не ў турму, не ў лягер: Сахараў у Горкім жыў у звычайным шматкватэрным доме).
Выслалі з краіны на Захад Аляксандра Салжаніцына і яшчэ некалькі дзясяткаў яркіх «нязгодных». Здараўся і гандаль палітвязьнямі. Адзін з найбольш адметных і памятных — абмен савецкага дысыдэнта Ўладзіміра Букоўскага на лідэра чылійскіх камуністаў Луіса Карвалана. Букоўскі адбываў пакараньне за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» (два гады лягераў і пяць гадоў ссылкі). А Карвалан трапіў у чылійскую турму пасьля піначэтаўскага вайсковага перавароту 1973 года.
У Савецкім Саюзе лёсам Карвалана чамусьці былі азадачаныя мацней, чым у самой Чылі і, здаецца, ва ўсіх іншых краінах сьвету. Штодзённыя рэпартажы ў СМІ, мітынгі пратэсту ў заводзкіх цэхах і ва ўстановах: «Свабоду Луісу Карвалану!». У школах савецкім вучням расказвалі, як пакутуе палітвязень у турме на аддаленай высьпе Дасон у Магеланавым праліве і як сумуюць бяз бацькі ягоныя дзеці.
Мы спачувалі і палітвязьню, якога кінуў за краты крывавы дыктатар Піначэт, і ягоным дзецям. І на знак салідарнасьці выразалі нажніцамі з «Пионерской правды» адмыслова надрукаваныя там «паштоўкі салідарнасьці з палітвязьнямі», дасылалі іх у Чылі. Савецкая пошта абяцала даставіць усё бясплатна на другі канец Зямлі.
15 сьнежня 1976 года абмену Карвалана на Букоўскага было прысьвечана адмысловае пасяджэньне Палітбюро ЦК КПСС. Была арганізавана цэлая спэцапэрацыя — з адпраўкай адмысловага самалёта ў Швайцарыю. Карвалан і ягоная сям’я атрымалі ў Савецкім Саюзе палітычны прытулак і ўсе даброты. А ў народнай памяці ўся спэцапэрацыя засталася дзякуючы ня надта цэнзурнаму вершыку невядомага аўтара:
Обменяли хулигана
На Луиса Корвалана.
Где б найти такую бл#дь,
Чтоб на Брежнева сменять?
А што, калі мяняць на ваеннапалонных?
Ці магчыма сёньня выменяць палітвязьняў у Лукашэнкі? А чаму б і не? Лукашэнка гандляваў палітвязьнямі ня раз і ня два: і пасьля 2006-га, і пасьля 2010 года. Ды і сёлета, пакуль быў жывы Макей, Захаду падаваліся выразныя сыгналы пра тое, што гандаль магчымы. Увесну Макей даслаў у Брусэль свой знакаміты ліст, у якім наракаў на «нешчасьлівую чараду падзеяў» і прапаноўваў Захаду аднавіць дыялёг. А ўвосень, у верасьні, Лукашэнка недвухсэнсоўна гаварыў пра тое, што амністыя можа закрануць многіх палітвязьняў:
«Ёсьць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова... Часам і перагібы дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў: „Усіх мачыць, саджаць і так далей“. Ведаеце, адзінства ў грамадзтве гэта ніколі не дабаўляла».
Праўда, урэшце ніхто з палітычных пад амністыю ня трапіў, што азначае: з Захадам пачаць перамовы не ўдалося, гандаль не адбыўся.
Уявіць сёньня, што на Захадзе пагодзяцца на ранейшыя схемы гандлю (палітвязьні ў абмен на частковае палітычнае прызнаньне альбо адмену санкцый), сапраўды, складана. Але ж гандляваць ці абменьвацца можна ня толькі гэтым.
Пры пэўных умовах у якасьці «абменнага фонду» маглі б выступіць палонныя расейскія вайскоўцы, захопленыя ва Ўкраіне. Праўда, пакуль што гэты «тавар» востра патрэбен самім украінцам: падобныя абмены сваіх на чужых адбываюцца там пастаянна. Але ўжо ў блізкай пэрспэктыве, калі наступальныя апэрацыі будуць пасьпяховымі, у «катлах» у акружэньні могуць апынацца і тысячы, і дзясяткі тысяч вайскоўцаў (падчас Другой сусьветнай колькасьць ваеннапалонных часам вымяралася сотнямі тысяч).
Цалкам можа скласьціся сытуацыя, калі Ўкраіне проста ня будзе як доўга трымаць у сябе вялікія масы палонных, і беларуская апазыцыя магла б дамовіцца пра гэта з Кіевам. Калі Масква будзе зацікаўленая ў вызваленьні сваіх грамадзянаў, Лукашэнка наўрад ці здолее пярэчыць настойлівым пажаданьням Крамля.
Яшчэ больш лягічным выглядаў бы абмен, калі б мянялі беларускіх вайскоўцаў на беларускіх жа палітвязьняў. Сцэнар хуткага ўступленьня арміі Беларусі ў вайну выглядае сёньня зусім не фантастычным. І тое, што «абменны фонд» у такім выпадку зьявіцца вельмі хутка і зусім не малы, вельмі верагодна. Тым больш што беларускія палітвязьні сёньня — таксама, па сутнасьці, палонныя, закладнікі рэжыму.
Як гандлявалі палітвязьнямі ў ГДР
У 60-80-я гады палітвязьнямі актыўна і ў вялізных маштабах гандлявала ГДР — Усходняя Нямеччына. Гандаль той, праўда, ні адным, ні другім бокам не афішаваўся. Але пасьля падзеньня Бэрлінскага муру і краху камунізму ўсе падрабязнасьці сталі вядомыя. Выявілася, што з 1983 па 1989 год Заходняя Нямеччына выкупіла з засьценкаў Штазі больш як 33 тысячы «ворагаў сацыялізму». Плаціла спачатку гатоўкай, потым — дэфіцытнымі тады ў ГДР заходнімі таварамі, шырспажывам (гэта каб валюта не трапляла адразу ў кішэні камуністычных функцыянэраў). Цана за адну «галаву» даходзіла ў канцы 70-х гадоў да 96 000 заходненямецкіх марак. Прычым яна адрозьнівалася — у залежнасьці ад стану здароўя, прафэсіі палітвязьня. За лекараў і інжынэраў рэжым Хонэкера патрабаваў больш высокую цану. Цалкам паводле правілаў гандлю рабамі.
Урад Заходняй Нямеччыны трохі саромеўся гэтых угод, імкнуўся праводзіць іх пры пасярэдніцтве пратэстанцкай царквы. Хоць па сутнасьці маральная пазыцыя Бона была беззаганнай: ён ратаваў людзей, сваіх суайчыньнікаў з засьценкаў нялюдзкага таталітарнага рэжыму. А вось Усходні Бэрлін займаўся менавіта гандлем рабамі, тут сумневу няма.
На жаль, адрозна ад ГДР, у Беларусі па суседзтве няма іншай альтэрнатыўнай Беларусі — дэмакратычнай і заможнай, якая была б гатовая заплаціць Лукашэнку за вызваленьне людзей. Але ж магчымы і гандаль іншага кшталту. Напрыклад, за кожнага вызваленага палітвязьня — дазвол на экспарт у Эўразьвяз вагона калію. Ці вагона драўніны. Ці яшчэ якога-небудзь важнага для Беларусі тавару, на экспарт якога накладзены санкцыі.
Прадчуваю, якія контраргумэнты будуць гучаць у адказ. «Гэта толькі ўмацуе рэжым»; «Лукашэнка выпусьціць аднаго палітвязьня — а на ягонае месца пасадзіць двух новых»; «Гандаль палітвязьнямі ў такім разе будзе пастаўлены на паток»...
Нібыта ўсё так, усё правільна — калі глядзець на праблему абагулена, цалкам. І ў ГДР, дарэчы, было так. Адчуўшы смак заходніх грошай, Штазі кідала людзей у турмы дзясяткамі тысяч. Да падзеньня Бэрлінскага муру ў 1989-м колькасьць палітвязьняў там складала 87 000 (насельніцтва ГДР было сувымерным з насельніцтвам Беларусі). Даведаўшыся, наколькі прыбытковы гэты бізнэс, свой гандаль людзьмі распачаў неўзабаве румынскі дыктатар Чаўшэску. Той атрымліваў грошы за дазвол на эміграцыю — ад Нямеччыны, ЗША, Ізраіля.
Так, дзясяткі тысяч людзей працягвалі заставацца ў турмах, а рэжым працягваў браць новых закладнікаў. Але дзясяткі тысяч атрымлівалі свабоду. А яшчэ мільёны заняволеных таталітарнымі рэжымамі людзей — надзею і сьведчаньне таго, што іх не пакінулі ў іхнай бядзе.
Сьцьвярджэньні пра тое, што гэтыя выкупы і абмены толькі ўмацуюць рэжым, у пэўным сэнсе амаральныя. Гатовых і дзейсных рэцэптаў сёньня няма ўсё роўна. А ў справе выратаваньня людзей заўсёды лепш рабіць хоць штосьці, чым не рабіць нічога. Грошы, атрыманыя ад гандлю людзьмі, не ўратавалі ні Эрыха Хонэкера (толькі перад самай сьмерцю быў вызвалены зь нямецкай турмы і памёр у выгнаньні), ні Нікалае Чаушэску (расстраляны ў выніку антыкамуністычнага паўстаньня). Не дапамогуць яны і Лукашэнку.
Нават калі толькі пару чалавечых жыцьцяў удасца ўратаваць, калі хоць бы для некалькі сем’яў скончыцца чорная паласа пакут, усе высілкі ня будуць марнымі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.