Справаздачу Валер Сахашчык зрабіў на ўласным ютуб-канале, а таксама распаўсюдзіў яе у тэкставым варыянце.
Сярод асноўных вынікаў працы Валер Сахашчык адзначыў:
- «Удалося практычна з нуля стварыць рабочую структуру Дэпартамэнта нацыянальнай бясьпекі. Мы прыцягнулі ў каманду шэраг выдатных спэцыялістаў з Узброеных сілаў Беларусі, а таксама прафэсіяналаў у сфэры сучасных тэхналёгій».
- «Удалося ўсталяваць канструктыўнае супрацоўніцтва з кіраўніцтвам ЎСУ, вынікам чаго стала стварэньне новай беларускай вайсковай часткі. Дадзеная частка павінна вырашыць галоўную праблему — зьнізіць баявыя страты за кошт аздабленьня самымі сучаснымі сродкамі выведкі і агнявога паражэньня, магчымасьці весьці ўзброеную барацьбу на высокім якасным узроўні, вырашаючы задачы ня коштам жыцьцяў людзей, а наяўнасьцю сурʼёзнай тэхналягічнай перавагі над супернікам».
- «Запусьцілі праект „Паспалiтае Рушэньне“ на тэрыторыі Польшчы. Гэта ваенна-патрыятычны рух беларусаў, які выконвае цэлы комплекс задач, у першую чаргу — абʼяднаньне і згуртаваньне беларускіх дыяспар, адраджэньне нацыянальнага духу, вывучэньне сапраўднай гісторыі нашай нацыі, скрадзенай расейскімі акупантамі, адраджэньне нацыянальнай культуры і звычаяў».
- «У супрацоўніцтве з прадстаўніком па транзыце ўлады вядзецца праца над праектам люстрацыі, якая дазваляе без залішняй радыкалізацыі выразна аддзяліць прыстойных супрацоўнікаў у сілавых структурах і органах дзяржаўнага кіраваньня ад людзей, якія ўчынілі і працягваюць зьдзяйсьняць злачынствы супраць свайго народа».
- «Падрыхтаваныя санкцыйныя прапановы, накіраваныя супраць супрацоўніцтва ваенна-прамысловых комплексаў Расеі і Беларусі для ажыцьцяўлення агрэсіі супраць Украіны».
Таксама Сахашчык назваў пункт, які ацаніў як прыярытэтны для супрацоўніцтва з эўрапейскімі структурам: «Калі мы марым аб свабоднай дэмакратычнай Беларусі, мы ня можам дазволіць сабе ні на якім этапе парушэньня законаў. Мы ўпэўненыя, што такія сцэнары існуюць і яны рэальныя. Ніхто ў цывілізаваным свеце не зацікаўлены ў грамадзянскай вайне і кровапраліцьці ў цэнтры Эўропы».
Сахашчык падкрэсьліў, што праца Дэпартамэнту «практычна на 100% фінансуецца за кошт падтрымкі беларускіх патрыётаў. Пытаньне фінансаваньня зьяўляецца па сутнасьці галоўным стрымліваючым фактарам на шляху далейшага развіцьця нашай структуры».
Заявіўшы пра дапамогу ўкраінскаму народу, дэзакупацыю Беларусі і забесьпячэньне ў ёй дэмакратычных пераўтварэньняў як мэты сваёй дзейнасьці, Сахашчык прапанаваў дыялёг сакратару Рады бясьпекі генэралу Аляксандру Вальфовічу.
«Я разлічваю, што мы зможам вырашыць пытанне ўвогуле без супрацьстаяньня, — сказаў Сахашчык. — Умовы для гэтага несумненна складуцца ў агляднай будучыні. І сама акупацыйная адміністрацыя пачне шукаць варыянты перамоваў, як гэта зараз робяць крамлёўскія авантурысты. Менавіта таму я прапанаваў дыялёг генэралу Вольфавічу. Я ўпэўнены, што змагу ў жывым эфіры адказаць на ўсе пытаньні афіцэраў Узброеных сілаў Беларусі і пачаць шукаць кампрамісы, каб не ўкінуць краіну ў бездань вайны і страты шанцаў на нармальную будучыню. Спадзяюся, што разумны сэнс возьме верх».