Адметна, што большасьць зь іх адразу пасьля адстаўкі зьвязвала свой лёс з расейскім бізнэсам ці пераяжджалі на працу ў Расею.
Пятро Краўчанка: прадаваў расейскія энэрганосьбіты ў Азію
72 гады. Міністрам быў у пэрыяд з 1991-га па 1994-ы.
Першы міністар замежных спраў незалежнай Беларусі. Да гэтага быў сакратаром Менскага гаркаму КПБ. Падчас выбараў 1994 году актыўна падтрымліваў Вячаслава Кебіча, таму пасьля перамогі Лукашэнкі пазбавіўся пасады.
Нейкі час працаваў у Акадэміі навук. Стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня, дзе падпісваўся пад імпічмэнтам Лукашэнкі. У 1998-м па прапанове Лукашэнкі вярнуўся на дзяржаўную службу і стаў амбасадарам Беларусі ў Японіі. Адстаўка ў 2002 годзе была скандальнай. Лукашэнка казаў: «Ён там утварыў такое, што ўсе, ад імпэратара да бамжа, здрыгануліся. Уцёк за 200 кілямэтраў і пячатку схаваў». Лукашэнка заклікаў спэцслужбы «разабрацца і прывезьці яго ў краіну».
У выніку скандал атрымалася залагодзіць і амбасадар вярнуўся ў Беларусь. Краўчанка нават заяўляў, што не выключае ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, шмат і рэзка крытыкаваў Лукашэнку.
Свае далейшыя месцы працы Пятро Краўчанка асабліва не афішаваў. Аднойчы ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што ўладкаваўся ў Маскву, дзе займаецца пастаўкай энэрганосьбітаў у Паўднёвую Карэю, Японію і Кітай. «Мае сувязі і кантакты выкарыстоўвае братняя Расея на сваю карысьць», – казаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пятро Краўчанка: “Улада разумее — мяне лепш не чапаць”Нейкі час Пятро Краўчанка ня быў прыкметным у палітыцы і грамадзкай прасторы. У 2006 годзе ў Маскве ён выпусціў кнігу ўспамінаў «Беларусь на переломе», праз год яна выйшла па-беларуску ў сэрыі «Кнігарня «Нашай нівы”». Экс-міністар часта наведваў культурныя мерапрыемствы ў Беларусі, ён вядомы калекцыянэр старых кніг.
Разам зь іншымі былымі міністрамі ўдзельнічаў у супольных сустрэчах пад дахам МЗС і «Менскага дыялёгу». Быў нават на закрытай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. У палітычнае жыцьцё болей не вяртаўся.
Уладзімер Сянько: паехаў амбасадарам у Францыю і Бэльгію
76 гадоў, міністрам быў у пэрыяд з 1994-га па 1997-ы.
Ураджэнец Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці. Папрацаваў яшчэ ў цэнтральным апараце МЗС СССР. Да прызначэньня міністрам быў амбасадарам Беларусі ў Вялікай Брытаніі, а да гэтага ў Польшчы.
У час знаходжаньня Сянько на міністэрскай пасадзе здарыўся скандал: тады дзяржаўную службу публічна пакінуў ягоны намесьнік Андрэй Саньнікаў, заявіўшы пра сваю нязгоду з палітыкай Лукашэнкі.
Пасьля адстаўкі зь міністэрскай пасады Сянько застаўся ў дыпляматыі. Спачатку ён быў амбасадарам Беларусі ў Францыі (1997–2004), а потым у Бэльгіі (2004–2011). Менавіта ў Францыі пры Сянько пачынаў сваю дыпляматычную кар’еру Ўладзімер Макей.
У 2012 годзе Сянько стаў чальцом Савету Рэспублікі, дзе ўзначальваў камісію міжнародных спраў і нацыянальнай бясьпекі.
Іван Антановіч: паехаў выкладаць у Маскву
85 гадоў, міністрам быў у пэрыяд з 1997-га па 1998-ы.
Ураджэнец вёскі Дамашы Ляхавіцкага раёну. Папрацаваў у ААН і UNESCO яшчэ за савецкім часам, а таксама кіраваў аддзелам культуры ЦК КПБ. Пад канец існаваньня СССР зьехаў у Расею, дзе працаваў у Акадэміі грамадзкіх навук пры ЦК КПСС, а затым сакратаром і членам Палітбюро ЦК кампартыі РСФСР. Па развале СССР атрымаў расейскае грамадзянства. Пры гэтым добра валодаў беларускай мовай.
У Беларусь вярнуўся ў 1993 годзе. Такім чынам, чалавек з расейскім грамадзянствам быў міністрам замежных спраў Беларусі. У адстаўку быў адпраўлены з прычыны зьліцьця ў адно ведамства трох міністэрстваў – замежных спраў, зьнешнепалітычнага ведамства і спраў СНД. Нефармальнай прычынай называўся скандал з высяленьнем заходніх дыпляматаў з Драздоў.
Нядоўгі час папрацаваў выкладчыкам у Беларусі, а потым зноў паехаў у Маскву, дзе выкладаў у МДУ. Піша кнігі, часам эпатуе публіку сваімі выступамі, дзе называе Мэркель «лахудрай» і гаворыць, што зарабляў грошы, «ачарняючы ЗША».
Урал Латыпаў: папрацаваў у бізнэсе ў Расеі і Беларусі
71 год, папрацаваў міністрам у пэрыяд з 1998-га да 2000-га.
Родам з Башкірыі, па нацыянальнасьці татарын. Вучыўся ў Менску на вышэйшых курсах КДБ, так і застаўся ў Беларусі. Да прызначэньня на пасаду міністра замежных спраў быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі.
«Латыпаў – адзін з галоўных арганізатараў антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму ў 1996 годзе», – казаў пра чыноўніка палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, называючы Латыпава сярод людзей, якія найбольш спрычыніліся да ўсталяваньня рэжыму асабістай улады ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Антановіча да ЯнчэўскагаЛатыпаў быў міністрам замежных спраў, знаходзячыся ў рангу віцэ-прэм’ера, што павышала яго статус. Зь міністэрскага крэсла пайшоў на павышэньне і ўзначаліў Савет бясьпекі, потым быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта.
Дзяржаўную службу Латыпаў пакінуў у 2004 годзе і больш туды не вяртаўся. Быў у кансультацыйнай радзе нафтавай кампаніі «Лукойл-Беларусь», якая мае расейскія карані. Потым езьдзіў у Маскву, дзе ўзначальваў кампанію «Директ Менеджмент», якая зарабляла на нерухомасьці. Апошняе вядомае месца працы ў Беларусі – назіральная рада «Альфа-Банку».
Міхаіл Хвастоў: прадстаўнік у ЗША і Жэнэве
73 гады, папрацаваў міністрам з 2000-га па 2003-ы.
Нарадзіўся ў вёсцы Казлоўшчына Пастаўскага раёну. Ад 1982 году на працы ў МЗС БССР. Быў шэфам пратаколу МЗС, калі ў Беларусь прыяжджаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. Да моманту прызначэньня міністрам папрацаваў памочнікам Лукашэнкі, амбасадарам Беларусі ў Канадзе, намесьнікам міністра замежных спраў.
На сваёй пасадзе Хвастоў мала чым запомніўся. Пасьля адстаўкі яго адправілі амбасадарам Беларусі ў ЗША. У той час здарыўся дыпляматычны скандал і краіны абмежавалі сваю прысутнасьць часовымі прадстаўнікамі. Такім чынам, Хвастоў быў апошнім паўнавартасным паслом Беларусі ў Вашынгтоне. У 2020 годзе амбасадарам быў прызначаны Алег Краўчанка, але праз пратэсты ў Беларусі і заўчасную сьмерць да Амэрыкі ён так і не даехаў.
Перад адстаўкай у 2015 годзе Хвастоў быў кіраўніком прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве.
У асабістым жыцьці Міхаіл Хвастоў перажыў трагедыю, сьмерць сына.
Сяргей Мартынаў: пайшоў у расейскі бізнэс
69 гадоў, папрацаваў міністрам з 2003-га да 2012.
Ураджэнец армянскага Гюмры, але школу сончыў у Віцебску. Вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным інстутуце міжнародных адносін (МГИМО). Ад 1975 году служыў у МЗС БССР.
У незалежнай Беларусі быў намесьнікам прадстаўніка краіны ў ААН (1991–1992), часовым павераным і амбасадарам у ЗША (1992–1997), першым намесьнікам міністра замежных спраў (1997–2001) і амбасадарам у Бэльгіі (2001–2003).
Мартынаў быў на пасадзе міністра амаль дзесяць гадоў. Лукашэнка казаў, што ён сам прасіў аб адстаўцы. «Гэта разумны чалавек, яго дзеяньні не выклікалі ў мяне алергіі», – так арыгінальна Лукашэнка разьвітваўся са сваім міністрам. Мартынаву адразу пасьля адстаўкі ўручылі Ордэн Айчыны ІІІ ступені.
Вельмі хутка пасьля звальненьня зь дзяржаўнай працы Мартынаў знайшоўся ў расейскім бізнэсе: ён стаў кіраўніком прадстаўніцтва «Руснефть» (належыць Міхаілу Гуцэрыеву) у Беларусі.
Уладзімер Макей: памёр на пасадзе
64 гады, працаваў міністрам з 2012-га па 2022-ы.
Нарадзіўся ў вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёну. У савецкі час служыў у выведцы, даслужыўся да палкоўніка. Ад 1993-га на службе ў МЗС. Папрацаваў у прадстаўніцтве Беларусі ў Радзе Эўропы, быў памочнікам Лукашэнкі, кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта.
Зь імем Макея зьвязваюць палітычную лібэралізацыю 2015–2020 гадоў. Макей лабіяваў увядзеньне бязьвізавага наведваньня Беларусі грамадзянамі Эўразьвязу, ЗША і іншых краін. Праводзіў у міністэрстве Дні вышыванак, чытаньне вершаў па-беларуску.
У 2020 годзе Макей падтрымаў Лукашэнку ў часе шматтысячных пратэстаў супраць фальсыфікацый выбараў. З таго часу ягоныя кантакты з эўрапейскімі калегамі сталі больш абмежаванымі. У пачатку 2022 году Макей абяцаў, што расейскія войскі пакінуць Беларусь пасьля вучэньняў, а ня будуць пагражаць Украіне.
Уладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада. Прычыны сьмерці дыплямата ўсё яшчэ не называюцца. Быў пахаваны 29 лістапада на Ўсходніх могілках Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дзіўнае разьвітаньне. Лукашэнка і сьмерць МакеяАфіцыянт пры кухары. За што хваляць Макея?Што стаіць за «ачалавечваньнем» МакеяЯкую спадчыну пакінуў Макей? Абмеркаваньне аналітыкаўВыступаў пад Пагоняй, размаўляў па-беларуску, але застаўся верным Лукашэнку. Чым запомніцца Ўладзімер МакейХто замест?
Найбольш часта сярод магчымых пераемнікаў Макея называюць імёны намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Максіма Рыжанкова, намесьнікаў міністра Сяргея Алейніка і Юрыя Амбразевіча, а таксама прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто прыйдзе на месца Макея?