Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятро Краўчанка: “Улада разумее — мяне лепш не чапаць”


Міхась Скобла, Менск

Пасьля скандальнага сыходу з дыпляматычнай службы і заявы аб удзеле ў прэзыдэнцкіх выбарах Пятро Краўчанка ўзяў палітычны тайм-аўт. Ён актыўна кантактуе з інтэлігенцыяй, выступае на розных культурніцкіх імпрэзах, нават заняўся дабрачыннай дзейнасьцю, што для палітыка, пагадзіцеся, нехарактэрна. А яшчэ ён робіць выгляд дасьведчанага і ўпэўненага ў сваіх сілах чалавека. Сёньня былы міністар замежных справаў і былы амбасадар Беларусі ў Японіі — госьць “Вольнай студыі”.

(Міхась Скобла: ) “Пятро Кузьміч, хачу пачаць нашую гутарку з камплімэнту: вы заўсёды маеце імпазантны выгляд. Адпаведна апранацца, трымаць сябе ў форме раней абавязваў міністэрскі, амбасадарскі ранг. Пасьля вашага сыходу з дыпляматычнай службы прайшоў ужо даволі працяглы час. Ці ўладкаваліся вы на працу?”

(Пятро Краўчанка: ) “Доўгі час я нідзе не працаваў, і толькі гэтай восеньню я змог уладкавацца ў Маскве. Цяпер займаюся некалькімі праектамі адначасова, адзін зь іх зьвязаны з пастаўкамі энэргетычных рэсурсаў у Паўднёвую Карэю, Кітай і Японію, што дазваляе мне часта выяжджаць за мяжу. Я таксама займаюся інфармацыйна-аналітычнай дзейнасьцю й думаю, што праз пэўны час будзе створаная адпаведная структура.

Калі родная Беларусь ня можа мне нічога прапанаваць (я тут ня скарджуся на Радзіму-маці, а, зразумела, маю на ўвазе іншыя колы), то мае здольнасьці, мае сувязі й кантакты выкарыстоўвае братняя Расея на сваю карысьць”.

(Скобла: ) “А дзе вы жывяце?”

(Краўчанка: ) “Пераважна ў Маскве. Гэта напамінае вахтавыя мэтады працы нашых людзей, якія лётаюць працаваць на нафтавых і газавых радовішчах у Цюмені, Сургуце ды іншых рэгіёнах Расеі. А трымаць сябе ў добрай форме – імпэратыў любога палітыка. Сёньня палітык павінен быць рэспэктабэльны, людзям надакучылі маргіналы, якія ня сочаць за сабой, абы-як апранаюцца і нецывілізавана паводзяць сябе”.

(Скобла: ) “Вы ахвотна наведваеце розныя культурніцкія імпрэзы, літаратурныя вечарыны. Гэта патрэба душы, ці гэтага вымагае ваша дзейнасць як палітыка, які як найчасьцей павінен бываць у гушчыні народу?”

(Краўчанка: ) “Сваімі ўдзеламі ў культурніцкіх мерапрыемствах я проста хачу засьведчыць сваю павагу да творчай інтэлігенцыі, якая сёньня перажывае ня лепшыя часы. Мне хочацца добрым словам, сваім прыкладам, сваёй невялікай спонсарскай дапамогай падтрымаць інтэлігенцыю і сказаць: ня ўсё так безнадзейна, давайце верыць у лепшую будучыню.

Толькі цягам апошніх месяцаў мне давялося ўдзельнічаць у дзясятку розных акцыяў. Днямі ў Доме літаратара прайшла ўрачыстая вечарына, прысьвечаная 100-годзьдзю нашай вялікай паэткі Натальлі Арсеньневай, зь якой я меў гонар быць знаёмы і некалькі разоў сустракаўся ў ЗША. Вечарына прайшла без удзелу дзяржавы, але якая цёплая сяброўская атмасфэра была на ёй! Таксама днямі я езьдзіў у Маладэчна на адкрыцьцё помніка гісторыку Міколу Ермаловічу. Быў і ў Зэльве, дзе на цьвінтары царквы ўстаноўлены помнік славутай паэтцы Ларысе Геніюш. Прынагодна мне хацелася б выказаць падзяку ўладыку Філарэту, які даў дазвол на ўстаноўку помніка каля царквы. Мне прыемна, што я зьяўляюся адным са спонсараў гэтага праекту. Я дапамог таксама адліць з бронзы і мэмарыяльную дошку ў гонар Натальлі Арсеньневай, якую неўзабаве мяркуецца ўстанавіць у Вільні на будынку Беларускай гімназіі, дзе вучылася паэтка”.

(Скобла: ) “Будучы яшчэ міністрам замежных справаў Беларусі, вы часам надзявалі кашулю-вышыванку зь беларускім нацыянальным арнамэнтам. Вы яе знасілі ці прыхавалі да лепшых часоў?”

(Краўчанка: ) “Кашуляў-вышыванак з рознымі ўзорамі ў мяне, можа, пяць ці шэсьць. Адна зь іх мае цікавую гісторыю. Яе ў свой час прэзэнтаваў Панцеляймон Панамарэнка Якубу Коласу, Якуб Колас — Максіму Лужаніну, а Лужанін — мне. Я захоўваю яе як каштоўную рэліквію, як сьведчаньне таго, што і сярод кіраўнікоў КПБ, прытым не беларусаў па крыві, былі людзі, якія шанавалі нашыя традыцыі, адносіліся з павагай да беларускай культуры. А тую кашулю, якую я надзяваў, мне падаравалі жанчыны зь Менску. Я зьяўляўся ў ёй на трыбуне ААН, разумеючы ўсе наступствы гэтага кроку. Але я рабіў гэта сьвядома. Па-першае, лічыў, што беларускі традыцыйны строй ня горшы за строі іранцаў ці інданэзійцаў, якія прыходзілі ў ААН у сваім нацыянальным адзеньні. Па-другое, мне хацелася зацікавіць, нават эпатаваць дыпляматычную публіку. Я рабіў усё, каб прыцягнуць увагу да Беларусі.

Але я ня толькі вышыванку надзяваў. У кожным сваім выступе ў ААН я выкарыстоўваў цытаты зь беларускіх клясыкаў. З ААНаўскай трыбуны гучалі радкі Купалы, Коласа, Багдановіча, Жылкі, Дубоўкі, Геніюш, Арсеньневай. І на эмацыйныя нетрадыцыйныя выступы маладога міністра незалежнай Беларусі зьвярталі ўвагу замежныя калегі”.

(Скобла: ) “Вы былі міністрам у той час, калі ўлада была больш інтэлігентная. Сёньня яна больш жорсткая, брутальная й цынічная. Як у такіх умовах змагацца й перамагаць? Як увогуле інтэлігент можа перамагчы хама, які разумее толькі сілу?”

(Краўчанка: ) “Выйсьце толькі адно — інтэлігент можа перамагчы сваёй творчасьцю. Сёньня ўсе беларускія пісьменьнікі й мастакі павінны працаваць з падвойнай, патройнай энэргіяй і ствараць такія творы, якія б паказвалі ўсю недарэчнасьць гэтай улады. Мы забываем, якая гэта магутная зброя — сатыра і гратэск. Таму давайце будзем сьмяяцца з гэтай улады, будзем яе высьмейваць і паказваць усю яе нікчэмнасьць і разбэшчанасьць. Яна сёньня нічога ня вартая. І яна будзе зьнішчаная народным сьмехам. Так што сатыра, гратэск і гумар — сёньня нашая галоўная зброя”.

(Скобла: ) “А самі вы як ставіцеся да насьмешак, да крытыкі на свой адрас?”

(Краўчанка: ) “На крытыку я рэагую таксама сьмехам, сьмяюся разам з тым, хто мяне крытыкуе. Ні ў якім разе ня трэба ставаць у хваравітую позу. Калісьці паэт Рыгор Барадулін напісаў эпіграму на мяне:

Дыпляматычныя валізкі
Цяпер цягае, як свае.
Пра блізкі крах капіталізму
Ужо пытаньня не ўстае.


Гэтыя радкі дапамаглі мне многае зразумець”.

(Скобла: ) “Наступнае маё пытаньне не зусім дыпляматычнае. Вядомы філёзаф-сатырык Станіслаў Ежы Лец пісаў, што многія ўладары адсякалі бы сваім падначаленым рукі, каб ня мелі патрэбы ў аплядысмэнтах. За пяць гадоў працы амбасадарам у Токіё колькі разоў вам даводзілася пляскаць у ладкі таму, хто вас туды прызначыў?”

(Краўчанка: ) “Тут патрэбнае невялічкае адступленьне. А чаму Лукашэнкам з усёй апазыцыі толькі мне была прапанавана пасада пасла? Думаю, што ён разумеў: я для яго канкурэнт. Нягледзячы на тое, што я быў сярод тых 68 дэпутатаў, якія падпісаліся пад імпічмэнтам (дарэчы, ад свайго подпісу я не адмовіўся нават тады, калі быў паслом). І ўсё ж ён у 1998 годзе падпісаў указ аб маім прызначэньні. Сытуацыя была вельмі простая: Краўчанку як палітычную фігуру трэба было зьняць з шахматнай дошкі й адсунуць убок. Гэта было формай палітычнай нэўтралізацыі й нават палітычнага зьнішчэньня. Лукашэнка разумеў, што апазыцыя таксама адрэагуе адпаведна”.

(Скобла: ) “Так яно й сталася”.

(Краўчанка: ) “Так і сталася, і часткова ён дамогся сваёй мэты. Але тут прысутнічалі яшчэ й падыходы Расеі, якіх ён ня мог ня ўлічваць. Пэўныя расейскія палітычныя колы зрабілі ўсё магчымае, каб палітычна мяне захаваць. А я хацеў працаваць на карысьць беларускай дзяржавы і разумеў, што ў наступныя пяць-сем гадоў у апазыцыі няма чаго рабіць. Выводзіць моладзь на вуліцу, на барыкады? Рызыкаваць яе жыцьцём? Я не хацеў гэтага рабіць, разумеў, што яшчэ не прыйшоў час. Паехаўшы ў Японію, я служыў не Лукашэнку, а Беларусі. Я апынуўся ў тым асяродзьдзі, якое ведаў, змог прафэсійна аднавіцца і — самае галоўнае — змог усталяваць патрэбныя мне палітычныя кантакты на Ўсходзе і Захадзе. Я скантактаваўся з эўрапейскімі палітыкамі, пазнаёміўся з усёй расейскай палітычнай элітай, якая бывала ў Токіё, я пачаў умацоўвацца. Што й стала прычынай маёй адстаўкі й таго скандалу, які быў справакаваны беларускімі ўладамі.

А што датычыць плясканьня ў ладкі, то я ніколі гэтым не займаўся. За пяць гадоў майго знаходжаньня ў Японіі вы ня знойдзеце ні ў прэсе, ні ў дакумэнтах ніводнага майго дыфірамбу на адрас Лукашэнкі. Я шчыра працаваў для Беларусі й дазволіў сабе крытычныя выказваньні ў бок улады толькі тады, калі пакінуў пасаду пасла. У красавіку гэтага году, выступаючы перад ідэалягічным актывам Беларусі, Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што “даў дазвол сакрэтным службам выкрасьці Краўчанку з Токіё і прывезьці ў Беларусь”. Выкрасьці й прывезьці — як мяшок з бульбай. І калі мне стала зразумела, хто стаяў за гэтай правакацыяй, я адказаў ударам на ўдар. Я не шукаў сваркі, але калі мне б’юць па твары, я вымушаны адказваць. У палітыцы нэўтралітэту не бывае. На кожны крок з боку афіцыйных уладаў я буду адказваць адэкватна. І сёньня я магу сказаць, што ёсьць пэўная раўнавага: улада разумее, што мяне лепш не чапаць”.

(Скобла: ) “Ці не зарана вы заявілі пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах? За тры гады ўлады могуць прымусіць вас — рознымі спосабамі — адмовіцца ад сваёй задумы”.

(Краўчанка: ) “Я думаю, што ў іх гэта не атрымаецца. Рубікон пяройдзены. Пра свой удзел у выбарах я заявіў у Токіё — пасьля вядомай правакацыі. Пра гэта я заявіў паўторна, выступаючы ў верасьні на тэлеканале ТВЦ, які кантралюецца Лужковым, і гэта таксама цікавы факт. Тры гады — аптымальны тэрмін для падрыхтоўкі прэзыдэнцкай кампаніі. За меншы тэрмін палітык проста ня мае шанцаў, даруйце за вульгарызм, раскруціцца”.

(Скобла: ) “Вы часта вымушаныя езьдзіць у Маскву. У маскоўскім цягніку выспацца не пасьпееш. Што вы бераце пачытаць у дарогу?”

(Краўчанка: ) “Я вельмі люблю чытаць творы Ларысы Геніюш — яе “Споведзь” я перачытаў разоў сем і лічу гэтую кнігу адной з самых выдатных у 20 стагодзьдзі. Яе павінен прачытаць кожны малады беларус. Часам я бяру з сабой кнігу Натальлі Арсеньневай “Між берагамі”, вось і цяпер яна ў мяне з сабой. На ёй ёсьць аўтограф: “На добрую памятку даражэнькаму Пятру Краўчанку — таму, хто любіць і разумее паэзію і паэтаў. Натальля Арсеньнева. Красавік 1992 году”. Дарэчы, у мяне ёсьць і яе ўнікальнае выданьне — зборнік “Сягоньня”, выдадзены яшчэ ў 1944 годзе ў Вільні”.

(Скобла: ) “І вы носіце гэткія рарытэты з сабой?”

(Краўчанка: ) “А часам вельмі хочацца пачытаць! І я бяру іх і чытаю ў цягніку, не баюся. Апрача таго, я люблю паказваць беларускія рарытэты землякам, якія жывуць у Маскве. Гэта можа быць манэта, мэдаль, кніга, рукапіс, старадрукі. У мяне вялікая калекцыя, я зьбіраю ўсё, што працуе на беларускую ідэю, што служыць сьведчаньнем тысячагадовай дзяржаўнасьці Беларусі. Мая мара як калекцыянэра — знайсьці й мець у сваім зборы Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. А ў палітыцы я быў і застаюся дзяржаўнікам і ўпэўнены, што беларуская дзяржава зойме пачэснае месца між эўрапейскімі краінамі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG