Сёньня чым больш яўным і верагодным становіцца паўнавартасны ўдзел Беларусі ў ваеннай авантуры з усімі драматычнымі наступствамі, тым мацней ён націскае на пэдаль гвалту і беззаконьня.
Матывацыя ў яго адна: вайна — гэта дэстабілізацыя. Спыніш рэпрэсіі — аслабне страх — захістаецца рэжым аднаасобнай улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН: нават пасьля выезду за мяжу многія беларусы жывуць у страхуНовы курс — вяртаньне рэпрэсій
Згадайма вясну 2021-га. Вонкава ў Беларусі нібыта ўсё спакойна. Пратэсты ўжо некалькі месяцаў як задушаныя, завадатары ў турмах альбо ў эміграцыі. Сытуацыя, як у люстэрку, паўтарала тую, што была ў пасьлявыбарных 2006-м і 2010-м гадах. За некалькі месяцаў да таго, у навагоднюю ноч, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў надыходзячы 2021-ы «Годам народнага адзінства». І здавалася, што ён сапраўды зьбіраецца «перагарнуць старонку», як да таго заклікаў і раней. На пачатку 2021-га ўсталёўвалася палітычнае зацішша і ўзьнікала ўстойлівае ўражаньне, што неўзабаве пачнецца звыклы для Лукашэнкі гандаль з Захадам, дзе ў якасьці тавару будуць прапанаваны палітвязьні, «шматвэктарнасьць» і традыцыйнае какетлівае заляцаньне.
Аднак пасярод вясны 2021-га беларускі карабель нечакана павярнуў зусім у іншы бок. Гэты паварот анансаваў міністар замежных спраў Уладзімер Макей 10 красавіка 2021 года:
«Любое далейшае ўзмацненьне санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць перастане існаваць.... Рэжым моцны, ён выстаіць. Таму трэба выбудоўваць зь ім адносіны, зыходзячы з гэтага факту. ... Гэта прывядзе адназначна, калі далей будзе нагнятацца сытуацыя, да таго, што ня будзе той грамадзянскай супольнасьці, пра якую так клапоцяцца нашы эўрапейскія партнэры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля заявы Лукашэнкі пра «зачыстку» ўлады ліквідуюць дзясяткі беларускіх НДА. СЬПІСМенавіта пасьля гэтага ўзнавіліся масавыя арышты, а таксама пачаліся пагромы рэдакцый незалежных СМІ і грамадзкіх арганізацый. Макей гэта тлумачыў заходнімі санкцыямі, аднак ужо тады такое тлумачэньне здавалася занадта простым (ці, прынамсі, няпоўным). Лукашэнка прызнаў, што аддаў загад на масавыя палітычныя рэпрэсіі і зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, у сваім перадсьвяточным выступе 2 ліпеня 2021 года:
«...Я даручыў праваахоўным органам правесьці, груба кажучы, зачыстку па ўсёй краіне. Яны перайшлі рысу. Мы ім дараваць ня можам... Ужо, напэўна, няма аблудных, падманутых у краіне, якія б не пераканаліся, што ў сапраўднасьці адбывалася ўчора і адбываецца сёньня. Засталіся толькі ворагі, якія кажуць: не, гэта ня так, гэта іншае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадырызацыя Беларусі. Як Лукашэнка спрабуе пераймаць тэрор у Чачні«Гэта не апазыцыя, гэта здраднікі...»
Яснасьці гэта не дабаўляла. Якую «рысу» хто перайшоў? Ужо больш як паўгода ніякай вулічнай актыўнасьці ў Беларусі не назіралася. Заціх і затаіўся «трэці сэктар». Надзвычай асьцярожна паводзілі сябе ацалелыя недзяржаўныя СМІ. І менавіта ў гэты момант на загад Лукашэнкі «сілавікі» ўздымаюць дубіну гвалту і пачынаюць малаціць ёй усіх без разбору. Хваля жорсткіх рэпрэсій не спадае ўсю другую палову 2021 года.
«Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі», «Гэта не апазыцыя, гэта здраднікі» — фразы з інтэрвію Лукашэнкі ВВС у лістападзе 2021 года. Адначасова з гэтым на ўсіх заходніх і паўночных межах Беларусі адбываецца ніколі тут ня бачаны раней міграцыйны крызіс, яўна справакаваны і каардынаваны ўладамі. Як цяпер ужо зразумела, гэта была пуцінская і лукашэнкаўская «артпадрыхтоўка», складовая частка гібрыднай атакі перад наступным ультыматумам NATO і Захаду і ўжо распачатай падрыхтоўкай узброенай агрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў інтэрвію ВВС пра ліквідацыю няўрадавых арганізацый: «Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі». ВІДЭАУ сьнежні 2021-га Лукашэнка, адказваючы на пытаньне пра тое, ці адбудзецца ў лютым рэфэрэндум, робіць адметную агаворку: «Калі не пачнецца вайна...». На той час ён, без сумневу, ужо быў паінфармаваны, чаго чакаць ад саюзьніка ў наступныя месяцы.
Найбольш верагодна, што ўжо летам (ці нават увесну) 2021 года ён у агульных рысах ужо ведаў пра пляны і намеры Пуціна. А аднаўленьне масавых палітычных рэпрэсій было ў пэўнай ступені рэакцыяй на ягоныя ўласныя страхі і трывогі. Ці давядзецца самому ўдзельнічаць у агрэсіі? А калі давядзецца — якую рэакцыю гэта можа выклікаць у грамадзтве? Ці не ўспыхнуць зноў масавыя пратэсты (а ўспыхнуць яўна могуць)? Як дамагчыся таго, каб насельніцтва пры неабходнасьці паслухмяна ўспрыняло загад аб мабілізацыі і пайшло на фронт?
І адказ тут для яго мог быць толькі адзін: каб быць пакорнымі, павінны дрыжэць ад страху. Адноўленыя Лукашэнкам на пераломе вясны і лета 2021 года маштабныя палітычныя рэпрэсіі — гэта быў пачатак ягонай асабістай падрыхтоўкі да вайны, якая пагражае дыктатарскаму рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка як чырлідэр: бегае, скача, падтрымлівае расейскую каманду — але сам выходзіць на поле не жадае», — палітоляг ЯгораўПрывід прайгранай вайны і страчанай улады
Тады, у 2021-м, здавалася, што ўсё гэта тлумачыцца толькі глыбокай псыхалягічнай траўмай 2020 года, а таксама ягонай неспатольнай прагай помсты ўсім, хто прымусіў яго калаціцца ад страху ў жнівеньскія дні 20-га году. Насамрэч яго, відаць, ужо тады па-сапраўднаму турбавалі блізкая непазьбежная вайна і зьвязаная зь ёй дэстабілізацыя. З гэтага пярэпалаху і вынікае тое, як зьнянацку на пераломе вясны і лета 2021-га ён перайшоў ад ужо амаль дасягнутага грамадзкага супакаеньня да новага разьдзьмухваньня вугольля ўзаемнай нянавісьці і нецярпімасьці.
Чаго ж так спалохаўся Лукашэнка, даведаўшыся, што расейская вайна супраць Украіны непазьбежная? Чаму па меры таго, як усё больш яўнымі і верагоднымі становяцца драматычныя абставіны і наступствы гэтай вайны для Беларусі, тым мацней ён націскае на пэдаль рэпрэсій і гвалту? Што яму мроіцца ў цьмяных размытых абрысах пасьляваеннага сьвету?
Войны звычайна прысьпешваюць і служаць каталізатарам многіх палітычных працэсаў. Для гісторыі гэта такія дрожджы, з дапамогай якіх усё, што ў мірныя пэрыяды займала дзесяцігодзьдзі, можа адбывацца за месяцы і тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму вучаць паразы беларускіх паўстаньняў? Гутарка з гісторыкам Захарам ШыбекамРасейская і савецкая гісторыя ХХ стагодзьдзя дае багата падстаў для роздуму сучасным дыктатарам пра іхную асабістую будучыню. Напрыклад, няўдалая для расейцаў руска-японская вайна пачатку мінулага стагодзьдзя скончылася для самадзяржаўнага рэжыму рэвалюцыяй.
Царскія ўлады на першым часе жорстка рэагавалі на грамадзкія пратэсты («крывавая нядзеля» ля Зімняга палаца ў Піцеры, «курлоўскі расстрэл» на прывакзальнай плошчы ў Менску«, масавыя арышты і ссылкі). Але ў далейшым, нібыта жахнуўшыся ад наступстваў учыненага і рэзкай нэгатыўнай рэакцыі грамадзтва, рэжым ішоў на саступкі, зьмякчаўся, лібэралізаваўся... А што, калі б не зьмякчыўся і ціснуў да канца, пагалоўна выяўляючы і рэпрэсуючы ўсіх, хто 9 студзеня 1905-га з харугвамі ішоў да Зімняга палаца шукаць у цара справядлівасьці? (Лукашэнка ў жніўні-верасьні 2020-га нібыта таксама спыніўся, схамянуўся і адумаўся... Але што было потым?).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бел-чырвона-белы сьцяг, немцы і Галакост. Гісторыкі з чатырох краін абмеркавалі афіцыйную прапагандуФормула «чырвонага тэрору»
А люты 1917-га? Вось не змаладушнічаў бы Мікалай ІІ, аддаў бы загад «упакаваць» і «завінціць» усіх, хто выйшаў на пратэсты супраць вайны ў Петраградзе: арыштаваў бы генэралаў, якія прыйшлі да яго ў імпэратарскі вагон патрабаваць адрачэньня ад пасаду; распачаў бы ў краіне масавыя рэпрэсіі... Ці адбылася б тады Лютаўская рэвалюцыя і ці абрынуўся б царскі рэжым? І ці быў бы магчымы Кастрычнік 1917-га, калі ўлада валялася пад нагамі на брукаванцы Петраграда, а захапіць яе здолелі некалькі дзясяткаў нецьвярозых матросаў, загітаваных ленінскімі камісарамі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нашых чэкістаў зоркія зраніцы!» Беларуская літаратура пра чэкістаўУ часы, калі Лукашэнка вучыўся ў Магілёўскім пэдінстытуце, сусьветная гісторыя дакастрычніцкага пэрыяду ў савецкіх ВНУ выкладалася абы-як, праз пень-калоду. Чаго ня скажаш пра гісторыю КПСС. Вось яна вывучалася скрупулёзна, да драбніц: навучальны расклад любога факультэту быў перапоўнены гэтымі лекцыямі і сэмінарамі...
І пра ленінскую стратэгію ды тактыку, і пра «дыктатуру пралетарыяту», і пра стаўленьне да «паўстаньня як да мастацтва», і пра «захоп мастоў, тэлеграфа і тэлефона»... Уклалі ў галовы грунтоўна. Прынамсі тое, дзякуючы чаму бальшавікі ўтрымаліся пры ўладзе ў першыя гады пасьля рэвалюцыі, ня маючы ніякай вонкавай падтрымкі і не карыстаючыся колькі-небудзь значнай папулярнасьцю ў грамадзтве. А ўтрымаліся — бо зубамі і кіпцюрамі ўбіліся ў гэту ўладу і не лічыліся ні зь якімі ахвярамі, абы нікому яе не аддаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў Кастрычніцкую рэвалюцыю «сьвятам міру і правоў чалавека». А як насамрэч?«Чырвоны тэрор» — вось што ўратавала бальшавіцкі рэжым ад пагібелі. Тое, што для мяккага, нерашучага і непасьлядоўнага Мікалая ІІ было непрымальным, для жорсткага, бязьлітаснага і непахіснага Леніна стала нормай. Стваральнік і першы кіраўнік ВЧК Фэлікс Дзяржынскі, адзін з кіраўнікоў і ідэолягаў гэтай палітыкі, вызначаў паняцьце «чырвонага тэрору» як «застрашваньне, арышты і зьнішчэньне ворагаў рэвалюцыі паводле прынцыпу іхнай клясавай прыналежнасьці».
Замяніце «клясавую прыналежнасьць» на «ляяльнасьць да дыктатарскага рэжыму» — і вы атрымаеце формулу цяперашняй палітыкі Лукашэнкі. Ад паразы і краху яго можа выратаваць толькі жорсткасьць, лютасьць, нечалавечнасьць. І вайна, якая ў любы момант можа пастукацца ў хаты беларусаў, у ягоным выкананьні будзе падобнай на тую, якую вёў Сталін (а зусім не Мікалай ІІ). Распаўсюджаныя сёньня сэнтэнцыі кшталту
- «Беларусы ня будуць ваяваць супраць украінцаў»,
- «Нашы людзі ня пойдуць на вайну, калі будуць ведаць, што іх пашлюць на ўкраінскі фронт»,
- «Беларускія салдаты адразу здадуцца ўкраінскім войскам»
могуць выклікаць хіба што іранічную ўсьмешку. А ваенны трыбунал за дэзэртырства ці ўхіленьне ад войска навошта? А «загараджальныя атрады», якія страляюць на паражэньне, калі не выконваеш загаду? А расстрэлы на месцы і СМЕРШ? Што, у кагосьці ёсьць сумневы, што Лукашэнка ўсё гэта выкарыстае? Вы што, чулі хоць пра адзін антываенны мітынг у сталінскім СССР?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я палякаў не караю...» Зьнішчэньне польскіх магілаў як апошні аргумэнт ЛукашэнкіКалі спыняцца рэпрэсіі? Не раней, чым скончыцца вайна
Ніякіх спадзяваньняў на блізкую адлігу ў сёньняшняй Беларусі няма. Аддадзены Лукашэнкам у сярэдзіне 2021 года загад не зьніжаць градусу рэпрэсій і страху ў грамадзтве працягвае дзейнічаць.
Якія пачварныя, гіпэрбалізаваныя, абсурдныя формы гэта набыло! Пачаліся арышты тых, хто раней ужо адбыў пакараньні «за пратэсты» ў 2020-м. Выстаўляюцца паўторныя, больш цяжкія абвінавачаньні, і, адпаведна, арыштаваных чакаюць значна больш працяглыя турэмныя тэрміны.
Гэта дакладны паўтор практык сталінскіх палітычных рэпрэсій у 30-40-я гады. Майстры «кіпучай чэкісцкай работы», каб не абцяжарваць сябе пошукамі новых «ворагаў народа», запускалі ў паўторны абарот старыя сьпісы рэпрэсаваных, якія толькі што вярнуліся з ГУЛАГу. Ніводзін былы палітычны вязень, нават адсядзеўшы ад званка да званка, ня мог адчуваць сябе ў бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка не адчувае сябе пераможцам. Дыскусія аналітыкаўУ сёньняшняй Беларусі адбываецца дакладна гэта ж. З папраўкай на сучасныя тэхналягічныя рэаліі. Дзейнасьць цяперашніх «сьледчых» з ГУБАЗІКу значна аблегчана і спрошчана тым, што ў архівах сацсетак заўсёды можна знайсьці імёны тых неспрактыкаваных альбо неасьцярожных людзей, хто дагэтуль ня сьцёр з кампутарнай памяці крытычныя ў адносінах да рэжыму камэнтары альбо проста «лайкі» пад чужымі камэнтарамі ці фотамі.
Паводле старой, шматкроць апрабаванай сталінскай схемы рэжым пачынае жэрці сваіх, калі заканчваюцца «чужыя», — усе тыя, хто насамрэч быў супраць яго. Але ў нашым выпадку да «сваіх» чарга можа і не дайсьці: у кампутарных базах сотні тысяч «чужых» — тых, хто выходзіў на мірныя пратэсты ў 2020-м, хто пакідаў камэнтары ў сацсетках, чые імёны згадалі падчас допытаў і катаваньняў арыштаваныя. Раней у карнікаў з ГУБАЗІКу да іх проста не дайшлі рукі. А цяпер чарга паступова даходзіць. Спрут рэпрэсій, праглынуўшы сапраўдных апанэнтаў рэжыму, паступова аблытвае і душыць нават тых, хто патэнцыйна мог быць ці ў пэрспэктыве мог стаць такім апанэнтам. А то і зусім ні ў чым не вінаватых і ні да чога не датычных.
Размах палітычных рэпрэсій у Беларусі ў найбліжэйшы час, на жаль, не аслабне. Лукашэнку палохае прывід вайны і спадарожных ёй небясьпек: вымушанага ўдзелу ў расейскай агрэсіі, зьяўленьня чалавечых ахвяраў, галечы і народных пратэстаў. Спыніш рэпрэсіі — захістаецца трон. І чым горш у Пуціна і Лукашэнкі справы на фронце, тым мацней яны будуць «закручваць гайкі».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.