Уварваньне беларуска-расейскіх войскаў у паўночную Ўкраіну ў раёне Валыні — гэта не фантастычны сцэнар, а зусім рэальныя намеры і адзін зь верагодных плянаў Крамля, да рэалізацыі якога рыхтуюць беларусаў.
Валынскі напрамак
У гэтыя дні генэралы-сілавікі, выконваючы загад Лукашэнкі, езьдзяць па прадпрыемствах і ўстановах Беларусі, каб растлумачыць людзям «мудрую і міралюбівую» палітыку рэжыму і супакоіць грамадзкую думку. Ніякага заспакаеньня не адбываецца, якраз наадварот: устрывожаны люд яшчэ больш наэлектрызоўваецца. Пры гэтым генэралы, ня звыклыя да падобных сустрэч з цывільным насельніцтвам, часам самым нечаканым чынам агучваюць інфармацыю, якую, хутчэй за ўсё, раней атрымлівалі падчас закрытых нарадаў і якая дагэтуль не трапляла ў шырокі друк. Так, на пачатку кастрычніка ўсе даведаліся ад старшыні КДБ генэрала Тэртэля пра тое, што
«калі Расейская Фэдэрацыя якасна правядзе мабілізацыю, забясьпечыць сваю групоўку тэхнічнымі сродкамі і перадавымі ўзбраеньнямі, то баявыя дзеяньні ўступяць у ключавую фазу».
Тэртэль называе і тэрмін гэтага «пераломнага моманту»: зь лістапада да лютага наступнага году. Ад яго ж беларусы даведаліся пра каварныя захопніцкія пляны ўзброенай апазыцыі:
«Зайсьці з тэрыторыі Ўкраіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку... Захапіць найбліжэйшы населены пункт, пажадана райцэнтар... Паступова, наносячы страты праваахоўнікам, прасоўвацца да Менску».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спачатку захопяць Маларыту, потым пойдуць на Менск і рэзыдэнцыю Лукашэнкі». Беларускія ўлады ахапіў мілітарысцкі чадЗ гэтых фрагмэнтаў даволі яўна паўстае адзін з магчымых (і найбольш пажаданых для Крамля) варыянтаў далейшага разьвіцьця падзеяў, на які разьлічваюць і да якога, зусім магчыма, рыхтуюць улады беларусаў. «Якасна адмабілізаваная» і аснашчаная «перадавымі ўзбраеньнямі» расейская армія ў наступныя месяцы стварае «пераломны момант» для будучай перамогі. Усьлед за гэтым падрыхтаваная і адмабілізаваная на тэрыторыі Беларусі «аб’яднаная групоўка» ўрываецца на тэрыторыю Украіны з паўднёвага захаду, адкрываючы такім чынам «другі фронт». Народу абвяшчаецца, што зроблена гэта прэвэнтыўна, каб апярэдзіць уварваньне каліноўцаў у раёне Маларыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ і Мінабароны Беларусі заявілі, што ў лістападзе чакаецца атака з Украіны на МаларытуНасамрэч жа «аб’яднанай групоўцы» ставіцца задача з дапамогай беларускіх войскаў адрэзаць Украіну ад шляхоў камунікацыі і забесьпячэньня з Захаду, найперш з тэрыторыі Польшчы. (Гэтую мэту крамлёўскія стратэгі ставілі ад пачатку ўварваньня. Тады яе ажыцьцявіць не ўдалося. Цяпер яе важнасьць стала асабліва актуальнай: ну што такое ўкраінская армія без паставак заходняй зброі?).
Зразумела, у рэальнасьці, хутчэй за ўсё, ня будзе ні «якасна адмабілізаванай» арміі, ні «перадавых узбраеньняў». Але гэта зусім не азначае, што ня будзе і загаду на ўварваньне з валынскага напрамку. Якім бы нелягічным і нерацыянальным такое рашэньне ні выглядала, загнаны ў кут Пуцін у любым выпадку выкарыстае ўсё што магчыма, што дае хоць які шанец. Інтарэсы Лукашэнкі тут — справа другарадная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка як чырлідэр: бегае, скача, падтрымлівае расейскую каманду — але сам выходзіць на поле не жадае», — палітоляг Ягораў«Калі б ня мы, дык яны першымі на нас напалі б...»
Усё больш частыя запэўніваньні Лукашэнкі, што беларусы ніколі ня будуць ваяваць на чужой зямлі, ні ў чым не пераконваюць нават ягоных заўзятых прыхільнікаў. Яшчэ за некалькі дзён да 24 лютага і ён, і ягоныя міністры ў адзін голас сьцьвярджалі, што ўкраінцам няма чаго баяцца, што зь беларускай тэрыторыі Ўкраіне нічога не пагражае. Лукашэнка ўжо даўно не гаспадар ва ўласным доме.
Агрэсар увогуле рэдка прызнае сябе агрэсарам. Калі б Лукашэнка старанна і ўседліва вывучаў гісторыю, ён, напэўна, не дазволіў бы сабе анекдатычных выказваньняў адразу пасьля ўварваньня ва Ўкраіну. Памятаеце, як ён абгрунтоўваў агрэсію?
«А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсьць гадзін да апэрацыі ня быў нанесены прэвэнтыўны ўдар па пазыцыях (чатыры пазыцыі, я зараз пакажу, мапу прывёз), яны б атакавалі нашы войскі — Беларусі і Расеі, якія былі на вучэньнях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў абмяркоўваў з Пуціным, адкуль нібыта рыхтуецца нападЗ гэтых фразаў дагэтуль рагоча цэлы сьвет, яны сталі мэмам. Справа ў тым, што гэтым немудрагелістым апраўданьнем («Калі б ня мы, дык яны першымі на нас напалі б...») апраўдвалі свае агрэсіўныя ўварваньні амаль усе дыктатары мінуўшчыны: і Гітлер, нападаючы на Польшчу і разьвязваючы Другую сусьветную, і Сталін, абгрунтоўваючы ўварваньне ў Фінляндыю зімой 1939–1940-га. Інакш як з іранічнай усьмешкай яны ў сёньняшнім сьвеце не ўспрымаюцца. Недарэмна Пуцін, які, відавочна, больш за Лукашэнку абазнаны ў гісторыі, ніяк ня стаў разьвіваць лукашэнкаўскі тэзіс пра тое, «адкуль украінцы рыхтавалі напад». І ўвогуле, выразная фармальная падстава для пачатку вайны — casus belli — Пуціным фактычна так і не была названая.
І калі сёньня Лукашэнка і ягоныя міністры раз за разам пачынаюць расказваць, адкуль на іх зноў зьбіраюцца напасьці, гэта яўная прыкмета таго, што яны самі рыхтуюцца да ўварваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніякай мабілізацыі. Гэта хлусьня». Ці здолее Лукашэнка ўхіліцца і не паслаць беларусаў на вайну?Wunderwaffe для Пуціна
Аб’ектыўна ўлада рыхтуе Беларусь да вайны: прыкметаў гэтага ўсё больш. На тэрыторыю краіны паступова ўводзяцца новыя расейскія вайсковыя фармаваньні. Усё больш агрэсіўнай, нецярпімай да суседзяў становіцца рыторыка Лукашэнкі (а ўсьлед за ім — ягонай сьвіты і прапаганды). Улады разгарнулі маштабную кампанію падрыхтоўкі мабілізацыі і нават часткова яе пачалі (хоць і ў прыхаваным выглядзе).
Многія лічаць, што гэта толькі імітацыя, што Пуцін і Лукашэнка такім няхітрым спосабам імкнуцца ўсяго толькі адцягнуць як мага больш украінскіх войскаў з поўдня і ўсходу. А насамрэч ну не самагубцы ж яны: двойчы наступаць на адны і тыя ж граблі... Да таго ж і ўкраінская абарона на гэтым кірунку не такая слабая, як у лютым, і дарогі замінаваныя, і мясцовасьць для наступу зусім не пасуе (лясы ды балоты), і сілаў у расейска-беларускай групоўкі мала, і тэхнікі недастаткова, і матывацыі ў беларускай арміі — ніякай...
Прыблізна такія ж заспакаеньні гучалі напярэдадні 24 лютага 2022-га. Насамрэч жа толькі лёгікай, рацыянальнымі аргумэнтамі дзеяньні Крамля даўно ўжо растлумачыць і спрагназаваць немагчыма.
Няўжо нехта разьлічвае, што Пуцін будзе заклапочаны лёсам Лукашэнкі альбо жыцьцямі беларускіх вайскоўцаў — у хвіліну, калі на кон пастаўлены ягонае асабістае выжываньне і ягоная гістарычная місія (як ён яе разумее)? У такія моманты дыктатары выкарыстоўваюць любыя (часам нават самыя абсурдныя і недарэчныя) спосабы: а раптам нешта спрацуе?
Загнаны ў кут Гітлер на пачатку 1945-га кідаўся то ў адзін бок, то ў другі. То ў яго была надзея на Wunderwaffe (супэрзброю), якую раптам вынайдуць і паставяць на паток у рэйху, то на вырашальны контрудар арміі генэрала Вэнка, то на містычнае «кап’ё Лёсу», уладальнік якога, паводле старажытнай легенды, будзе валодаць сьветам... Пуцін дзейнічае падобным жа чынам. У яго свае і Wunderwaffe (ядзерныя ракеты і «брудная» бомба), і прыцягненьне на свой бок містычных сілаў (рытуальныя ахвярапрынашэньні алтайскім багам); і свой генэрал Вэнк (ручны «саюзьнік» Лукашэнка, якому ў любы момант можна аддаць загад, ад якога той рана ці позна ня здолее ўхіліцца).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу абзвоньвае міністраў абароны NATO і расказвае пра «брудную бомбу»Край лясоў, балот і «бандэраўцаў»
Адзін з галоўных аргумэнтаў тых, хто лічыць пагрозу Ўкраіне з Валынскага напрамку блефам, імітацыяй — тое, што там надзвычай неспрыяльныя для прасоўваньня вайсковай тэхнікі прыродныя ляндшафты. Шмат балот, рэк, лясоў, мала дарог. Што гэта за край — беларуска-ўкраінскае памежжа ў раёне гістарычнай Валыні?
Названая генэралам Тэртэлем Маларыта — звычайны невялікі райцэнтар у самым кутку Беларусі, на паўднёвым захадзе Берасьцейскай вобласьці. Рэдкі турыст дабіраецца сюды. Зь мясцовых славутасьцяў — хіба што арыгінальны бронзавы Ленін у цэнтры гарадка — зь непрапарцыйна вялікай галавой (праз гэта якіх толькі кпінаў і показак пра яго не прыдумалі).
Да ўкраінскай мяжы адсюль — кілямэтраў 15. Да вайны ці не самы прыбытковы занятак у мясцовых — дробны кантрабандны гандаль з украінцамі. Аўтобусы да зусім блізкіх украінскіх Ратна і Ковеля да вайны ў выходныя заўсёды былі перапоўненыя.
Што адметна, з абодвух бакоў мяжы размаўляюць фактычна на адной і той жа паляшуцкай гаворцы, вядуць падобны лад жыцьця, сьпяваюць аднолькавыя песьні і лічаць сябе вельмі блізкімі людзьмі. Ворагаў у суседзях, зь якімі вякамі жылі побач, ніхто ня бачыць.
Гістарычная Валынь адметная тым, што ў гады Другой сусьветнай вайны гэты рэгіён быў апірышчам і адной з асноўных баз Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) — тых самых «бандэраўцаў», змаганьне зь якімі Пуціным было абвешчана адной з галоўных мэтаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Прычым гэта датычыць ня толькі поўначы Ўкраіны, але і паўднёвых раёнаў Берасьцейшчыны (у тым ліку Маларыцкага). У 1943 годзе на Валыні існавалі цэлыя «паўстанцкія рэспублікі» — рэгіёны, зь якіх былі выгнаны нацысты, а ўладу ўтрымлівалі ўкраінскія нацыяналісты з УПА. Адной з такіх рэспублік была Колкаўская — недалёка ад Ковеля, адміністрацыйнага цэнтра цяперашняй Валынскай вобласьці.
Там, на Валыні, ад рук байцоў УПА загінуў адзін з улюбёных сталінскіх генэралаў — камандуючы 1-м Украінскім фронтам Мікалай Ватуцін. Здарылася гэта 29 лютага 1944 года. Генэрал арміі Ватуцін разам зь невялікім картэжам трапіў у засаду ля сяла Міляцін на поўдні Ровенскай вобласьці. Атрымаў цяжкое раненьне, ад якога ўжо не ачуняў, нягледзячы на тое, што ў лячэньні бралі ўдзел усе найлепшыя тагачасныя вайсковыя лекары СССР.
Там жа, на Валыні, трыма гадамі пазьней, у лютым 1947-га, быў забіты і польскі генэрал Караль Сьвярчэўскі, які кіраваў апэрацыяй супраць УПА ўжо ў межах сацыялістычнай Польшчы (ПНР).
Эпізод з гібельлю генэрала Ватуціна, дарэчы, трапіў у вядомую савецкую кінаэпапэю рэжысэра Юрыя Озерава «Вызваленьне», зьнятую на пераломе 60-70-х гадоў, пры Брэжневу. Толькі ў фільме Ватуціна забіваюць не ўкраінскія партызаны (як было ў рэальнасьці), а чамусьці немцы, якія прарываюцца з акружэньня (у Крамлі тады палічылі непажаданым закранаць далікатную тэму ўкраінскага антысавецкага супраціву).
Адметна, што згаданая кінаэпапэя — адзін з самых маштабных савецкіх фільмаў тае пары пра пэрыяд Другой сусьветнай вайны. Уяўленьні пра сутнасьць вайны, пра яе сапраўдныя і ўяўныя ідэалы, пра вобразы военачальнікаў і іхныя палкаводчыя таленты ў такіх асобаў, як Пуцін, Лукашэнка ды іхныя цяперашнія генэралы, складваліся, пэўна, якраз па такіх фільмах: час выхаду «Вызваленьня» на шырокі экран — гэта гады маладосьці сёньняшніх галоўных пэрсанажаў пуцінскай агрэсіі. І ў тыя гады гэты фільм — патасны, прасякнуты стылістыкай «сацыялістычнага рэалізму», але адначасова і запоўнены многімі гістарычнымі падрабязнасьцямі, дэталямі, асобамі — многія ведалі нават па цытатах. «А што на гэта скажа таварыш Жукаў?», — гэтая шырока вядомая сталінская фраза насамрэч упершыню прагучала менавіта ў фільме Озерава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перастаньце хлусіць пра „магутную армію“». Як дыктатары разьвітваюцца зь ілюзіямі пра сваю непераможнасьць«Макраступы» для лукашэнкаўскай арміі
У некалькіх эпізодах той старой савецкай эпапэі ідзе размова пра падрыхтоўку летам 1944-га наступу Чырвонай арміі на захад празь беларускія балоты і лясы.
Як геніяльная стратэгічная хітрасьць падаецца прапанова маршала Жукава, выказаная ім падчас нарады ў Сталіна:
«Прапаную нанесьці галоўны ўдар там, дзе нас не чакаюць — у балоцістых і лясістых мясьцінах Беларусі... Сучасная вайна — гэта раптоўнасьць».
«Усё-ткі вы з Жукавым цягнеце нас у балота, таварыш Ракасоўскі», — ці то ўшчувае, ці то па-бацькоўску ганарыцца сваімі вынаходлівымі палкаводцамі таварыш Сталін, хаваючы ўсьмешку ў сівых пракураных вусах...
У наступных эпізодах кемлівыя чырвонаармейцы паказваюць Жукаву пазычаныя ў мясцовых палешукоў «макраступы», з дапамогай якіх зьбіраюцца заходзіць у нямецкія тылы празь непраходную багну, а таксама апавядаюць, як будуць пракладваць цераз балота гаці, каб перапраўляць туды ж танкавыя калёны (вага кожнага танка — больш за 30 тон).
Але ўсё гэта — у мастацкім фільме. Рэальнасьць найчасьцей была не зусім такой ці зусім не такой. І абутымі ў лазовыя «макраступы» жукаўскія дывізіі сярод дрыгвы ніхто ня бачыў, і танкі праз стокілямэтровыя балоты ніхто не перапраўляў. (Спробы былі, але колькі тых танкаў так і засталося ў палескай багне). Але ў кінакарцінках гэта выглядала эфэктна.
Зусім магчыма, што ў сьвядомасьці сёньняшніх генэралаў ды галоўнакамандуючых з маладосьці заселі і тыя вобразы, і тыя цытаты...І той хітры жукаўскі ўдар па ворагу празь непераадольныя балоты і лясы. Калі атрымалася ў яго, чаму ня можа атрымацца ў іх?
Цяжка сказаць, як там будзе з «макраступамі» і гацямі для пуцінскіх і лукашэнкаўскіх танкаў у 2022 годзе. Пакуль што маларыцкія дзядзькі і цёткі хто зь непакоем, хто з трывогай пільна сочаць за апошнімі навінамі, у якіх усё часьцей гучаць мясцовыя тапонімы: то яшчэ адну дарогу замінавалі, то памежны пераход закрылі, то бесьпілётнік над вёскай зьбілі. «А што, калі ўдараць па Ўкраіне праз Валынь?» — гэтая фраза стала там звыклай.
На поўдзень ад Маларыты, як і падчас Другой сусьветнай, непраходныя палескія балоты і глухія валынскія лясы. А яшчэ — жывая памяць і незабытыя традыцыі жорсткага ўкраінскага супраціву любым захопнікам, адкуль бы яны ні прыходзілі — ці з захаду, ці з усходу. Ці з поўначы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.