Сьцісла:
- На тле прыбыцьця ў Беларусь расейскіх вайскоўцаў заявы беларускіх афіцыйных асобаў становяцца ўсё больш ваяўнічымі.
- Улады імкнуцца апраўдаць «другое прышэсьце» расейскіх войскаў на беларускую тэрыторыю.
- У разгортваньні сумеснай беларуска-расейскай рэгіянальнай групоўкі войскаў бачацца пэўныя элемэнты імітацыі, чагосьці несапраўднага.
- Процідзеяньне наступу беларускіх вайскоўцаў з Украіны становіцца важным кірункам дзяржаўнай палітыкі.
Ваяўнічая рыторыка
У Беларусь прыбываюць 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў і вайсковая тэхніка. Гэтаму спадарожнічае выклік на вайсковыя зборы вялікай колькасьці вайсковаабавязаных. На такім тле заявы беларускіх афіцыйных асобаў становяцца ўсё больш ваяўнічымі.
17 кастрычніка памочнік міністра абароны Валерый Равенка зачытаў заяву Міністэрства абароны, паводле якой Рэспубліка Беларусь «пакідае за сабой права прымяненьня комплексу прэвэнтыўных захадаў стратэгічнага стрымліваньня ў мэтах недапушчэньня нападу або нэўтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту».
Гатоўнасьць прымяніць «прэвэнтыўныя захады» азначае, што кіраўніцтва Беларусі можа зьдзейсьніць напад на суседзяў, не чакаючы нейкіх адпаведных дзеяньняў зь іхнага боку. Такая заява робіцца ўпершыню. Гэта насьцярожвае.
Што ўсё гэта азначае? Ці зьбіраецца Лукашэнка ўцягнуць Беларусь у паўнавартаснаю вайну?
На мой погляд, гэты мілітарысцкі чад закліканы вырашыць дзьве задачы.
Апраўданьне расейскай вайсковай прысутнасьці
Па-першае, апраўдаць, легітымізаваць «другое прышэсьце» (першае было ў лютым-сакавіку) расейскіх войскаў на беларускую тэрыторыю ў момант рэзкай эскаляцыі вайны. Мяркуючы па ўсім, адмовіцца ад гэтага нашэсьця афіцыйны Менск ужо ня ў стане. Бо так вырашылі ў Крамлі.
Гэта балючая для Лукашэнкі праблема. Справа нават ня ў тым, што ў розных камэнтарах зноў паўстае пытаньне аб расейскай акупацыі Беларусі, аб тым, што яна страціла вайсковы сувэрэнітэт, а Лукашэнка цалкам падпарадкоўваецца загадам Пуціна, стаў ягонай марыянэткай. Больш важна тое, як на гэта паглядзіць беларуская намэнклятура. Ці ня стане яна паварочвацца ў бок новага гаспадара, Пуціна?
І вось для апраўданьня, абгрунтаваньня гэтай інтэрвэнцыі прыдумалі два прапагандысцкія канструкты.
Першы традыцыйны: новыя абвінавачаньні ў адрас Украіны і Захаду, якія, маўляў, вось-вось зьбіраюцца напасьці на Беларусь. Абсурд сытуацыі ў тым, што, чым больш незалежнасьці Беларусі пагражаюць з Усходу, тым больш абвінавачваюць у гэтым Захад.
Другі канструкт нібыта лягічна выцякае зь першага. Войскі РФ зьяўляюцца ў Беларусі пад выглядам разгортваньня сумеснай беларуска-расейскай рэгіянальнай групоўкі.
У гэтым разгортваньні бачацца нейкія элемэнты імітацыі, чагосьці несапраўднага. Бо калі сапраўды надышоў «пагражальны пэрыяд», узьнікла пагроза нападу на Беларусь з захаду ці поўдня, то варта было б абвесьціць ваеннае становішча, паўнавартасную мабілізацыю. Але пакуль гэтага няма.
Паводле беларускай ваеннай дактрыны (пункт 43 главы 8), «у пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы ствараецца Аб’яднанае камандаваньне рэгіянальнай групоўкай войскаў». Сфармулявана дакладна: менавіта «ствараецца», без усялякіх варыянтаў, кшталту «можа быць створана». І гэта лягічна. У рэальнай вайсковай групоўкі ня можа быць двух камандзіраў. Такая прырода войска. Але ў нашай сытуацыі адзіная групоўка ёсьць, а адзінага камандаваньня няма. Ва ўсялякім разе пра гэта нічога не чуваць.
Таму ўся гэтая гісторыя з разгортваньнем сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў падобная на апэрацыю прыкрыцьця. Трэба ўвесьці сюды расейскіх вайскоўцаў і неяк легалізаваць іхнае знаходжаньне тут. Вось і выцягнулі з архіву гэтую згадку аб адзінай групоўцы.
Страхі і траўмы
Але ёсьць і другая задача, якую выконвае гэтая эскаляцыя ваеннай напружанасьці. У згаданай вышэй заяве Міністэрства абароны зьвяртае на сябе ўвагу згадка аб прэвэнтыўных захадах дзеля «нэўтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту». Здавалася б, пры чым тут Міністэрства абароны і ўнутраны канфлікт, тым больш узброены? Для яго нэўтралізацыі існуюць МУС, унутраныя войскі. Але гэтую ж думку выказаў і міністар абароны Віктар Хрэнін падчас выступу на Менскім трактарным заводзе 17 кастрычніка: «Людзі ў пагонах не дапусьцяць разьвязваньня ўзброенага канфлікту на тэрыторыі Беларусі» Дык пра што гаворка?
Кропкі над «і» расставіў старшыня КДБ Іван Тэртэль падчас выступу на тым жа МТЗ. Паводле яго, сілавыя ведамствы непакоіць стварэньне беларускіх узброеных фармаваньняў на тэрыторыі краін-суседак, найперш Украіны. І гэтыя фармаваньні актыўна рыхтуюцца «да вырашальнай фазы».
Тэртэль гаворыць:
«Калі яна можа надысьці? Некаторыя зь іх разьлічваюць, што гэта будзе лістапад бягучага году. Гэта шмат у чым увязваецца са спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй Расеі на тэрыторыі Ўкраіны. Яны разьлічваюць, што Расея ня зможа аказаць Беларусі садзейнічаньне ў рамках саюзьніцкіх адносін, пацярпіць паразу, вымушана будзе пайсьці на саступкі, і ў гэтых умовах яны змогуць зайсьці з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку. Групоўка складзе ад 100 да 300 баевікоў з сучасным узбраеньнем, паводле іх плянаў, павінна будзе захапіць найбліжэйшы населены пункт, пажадана райцэнтар. Затым да іх далучацца найміты зь іншых краін на аснове добраахвотнікаў з Украіны. Паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць прасоўвацца да Менску».
Вось, аказваецца, у чым справа. І ўся гэтая гісторыя з «контратэрарыстычнай апэрацыяй», выкрыцьцё на БТ «тэрарыстаў», мабілізацыйныя мерапрыемствы для праверкі боегатоўнасьці, вучэньні МУС па вызваленьні райцэнтру павінны прадухіліць «вызваленчы паход» палка Каліноўскага. Пра гэтыя беларускія фармаваньні ва Ўкраіне ўжо рэгулярна згадвае Лукашэнка.
Аказваецца, улады ўспрымаюць гэтую пагрозу вельмі сур’ёзна. Адметна, што небясьпеку яны бачаць, дапускаючы два сцэнары: паразу расейскіх войскаў у вайне і лёгкае прасоўваньне беларускіх добраахвотнікаў з Украіны па тэрыторыі Беларусі. Абедзьве пагрозы ўлады разглядаюць як рэальныя. Апошняя асабліва ўражвае.
«Групоўка ў складзе ад 100 да 300 баевікоў... наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць прасоўвацца да Менску».
А што ж войска, тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэньне, КДБ, МУС, восем структур з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці, супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацый, якім нібыта раздалі зброю? А таксама лесьнікі, паляўнічыя і рыбаловы, якія таксама мабілізаваныя на абарону рэжыму? Яны ўсе разьбягуцца, паўцякаюць, убачыўшы 100 баевікоў?
Старшыня КДБ выказаў падсьвядомыя страхі, якія заселі ў сьвядомасьці палітычнага кіраўніцтва ў 2020 годзе. А хто баіцца, у таго, як вядома, уваччу дваіцца. Усё ж такі якія моцныя траўмы атрымалі гэтыя людзі два гады таму!
У любым выпадку процідзеяньне магчымаму наступу беларускіх вайскоўцаў з Украіны становіцца важным кірункам дзяржаўнай палітыкі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.