Хто ёсьць хто сярод беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Гайд па фармаваньнях і батальёнах

Полк Каліноўскага, батальён «Тэрор», полк «Пагоня» — гэта адно і тое ж ці абсалютна розныя вайсковыя фармаваньні? Хто імі камандуе? Свабода паспрабавала разабрацца, каму падпарадкоўваюцца беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны.

Полк імя Кастуся Каліноўскага

Самае вялікае ўтварэньне беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Паўстаў 9 сакавіка 2022 году як батальён. Аснову склалі байцы тактычнай групы «Беларусь», якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў 2014–2016 гадах.

Першапачаткова батальён Каліноўскага ўтварыўся на базе батальёну «Азоў», што ўваходзіць у склад Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, якая, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца ўкраінскаму Міністэрству ўнутраных спраў. З пачаткам поўнамаштабнай вайны Нацгвардыя перайшла ў падпарадкаваньне Генштабу Ўзброеных сіл Украіны. У траўні батальён быў перафармаваны ў полк, які складаўся з батальёнаў «Волат» і «Тэрор». На сёньняшні дзень полк складаецца з батальёнаў «Волат» і «Ліцьвін».

Каму падпарадкоўваецца: уваходзіць у склад Інтэрнацыянальнага легіёну. Апроч «каліноўцаў», туды ўваходзяць добраахвотнікі з Грузіі, Чачні, Расеі, а таксама зь іншых краін сьвету. Па словах міністра замежных спраў Украіны Дзьмітрыя Кулебы, на пачатак поўнамаштабнай вайны ў складзе легіёну былі людзі з 52 краін. Полк Каліноўскага, як і большасьць іншых замежнікаў-добраахвотнікаў, знаходзіцца ў падпарадкаваньні Галоўнага ўпраўленьня разьведкі (ГУР) Міністэрства абароны Ўкраіны. Гэта прызнавалі самі ўкраінскія ўлады. Таксама некаторыя беларускія добраахвотнікі атрымлівалі ўзнагароды ад ГУР «Україна понад усе». Сярод узнагароджаных — Юры «Хмель» Гарупа, Васіль «Пацук» Верамейчык, «Булак», «Чэх» (гэта грамадзянін Чэхіі, які далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў), Іван «Брэст» Марчук. Пры гэтым полк Каліноўскага мае вялікую аўтаномнасьць у прыняцьці рашэньняў, найперш праз колькасьць байцоў (фармаваньне не называе лічбаў).

Хто камандуе: першым камандзірам батальёну Каліноўскага быў мянчук Юры Макітаў. Ад траўня камандзірам стаў Дзяніс «Кіт» Прохараў. Яго намесьнік — Вадзім «Ігар» Кабанчук. Сярод заўважных людзей у кіраўніцтве называюць былога маладафронтаўца Міколу Дземідзенку, а таксама Арцёма «Ваніша» Войніча.

Батальён «Волат»

Адзін з батальёнаў Палку Каліноўскага. Па словах суразмоўцаў Свабоды, гэта найбольш баяздольнае беларускае фармаваньне ва Ўкраіне. Батальён названы ў гонар Паўла «Волата» Суслава. Ён быў камандзірам першай роты яшчэ батальёну Кастуся Каліноўскага. «Волат» загінуў у траўні 2022 году, калі падарваўся на расьцяжцы ў Мікалаеўскай вобласьці. Суслаў лічыўся адным з найбольш аўтарытэтных беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне.

У склад батальёну ўваходзілі ўзводы мінамётаў, цяжкіх кулямётаў, разьведкі, мэдычны, інжынэрна-сапёрны.

Апэрацыі, у якіх бралі ўдзел: наступ у Херсонскай вобласьці ў раёне сяла Лазавое. Гэтая апэрацыя доўжылася больш за суткі. У ёй брала ўдзел каля 70–80 беларусаў. Ніхто зь іх не загінуў. Цяжкую кантузію атрымаў кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч з пазыўным «Ваўкалак». У выніку той апэрацыі лінія фронту была прасунута больш як на 10 кілямэтраў. Бралі ўдзел ва ўтрыманьні і адыходзе ўкраінскіх сілаў зь Севераданецку і Лісічанску Луганскай вобласьці. Цяпер працуюць на запароскім кірунку.

Хто камандуе: першым камандзірам батальёну быў Іван «Брэст» Марчук — адзін з сымбаляў палку Каліноўскага. Ураджэнец Берасьця, у мінулым служыў у Францускім замежным легіёне. Іван загінуў у баі напрыканцы чэрвеня 2022 году пад Лісічанскам. Новым камандзірам стаў Ян «Беларус» Мельнікаў. У мінулым анархіст, ваяваў у шэрагах «Правага сэктару» ад 2014 году.

Страты: апроч «Брэста», у апэрацыі пад Лісічанскам загінулі: Васіль «Сябро» Парфянкоў (даўні актывіст нацыянальнага руху, былы палітвязень), Васіль «Атам» Грудовік (музыка зь Пінску), Вадзім «Папік» Шатроў (аршанец, які даўно жыў ва Ўкраіне). У палоне па сёньня застаюцца Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў. У далейшых апэрацыях загінулі яшчэ два байцы «Волата», пазыўныя і імёны якіх не называюцца.

Камандзіры беларускіх валянтэрскіх фармаваньняў ва Ўкраіне

Батальён «Ліцьвін»

Адзін з батальёнаў палку Каліноўскага. Названы ў гонар добраахвотніка Ільлі «Ліцьвіна» Хрэнава — першага беларуса, які загінуў ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. «Ліцьвіна» ня стала на пачатку сакавіка падчас бою з расейскай арміяй у Бучы.

Хто камандуе: пакуль у СМІ не называліся ні імя, ні пазыўны камандзіра. Сярод вядомых ваяроў, што далучыліся да «Ліцьвіна», — «Булак».

Апэрацыі, у якіх удзельнічалі: дапамагалі батальёну «Волат» у эвакуацыі падчас баёў на запароскім кірунку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага аб’явіў аб фармаваньні новага батальёну — «Ліцьвін»

Батальён «Тэрор»

Названы ў гонар добраахвотніка з Смаргоняў Зьмітра «Тэрора» Апанасовіча, што загінуў у сакавіку ў Ірпяні. Першапачаткова былі ў складзе палку імя Кастуся Каліноўскага, але ў жніўні адкалоліся ад фармаваньня. Прычынай сталі асабістыя канфлікты і непаразуменьні. Структура «Тэрору» вельмі закрытая, пра яе мала што вядома. Існуе адмысловы тэлеграм-канал батальёну.

У чыім падпарадкаваньні: як і полк Каліноўскага, застаюцца ў падпарадкаваньні ГУРа.

Апэрацыі, у якіх бралі ўдзел: першапачаткова батальён дзейнічаў у Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны. Цяпер застаюцца на паўднёвым кірунку, значным посьпехам «Тэрору» было ўзяцьцё вышыні Макдональдс у Херсонскай вобласьці.

Хто камандуе: першым камандзірам батальёну быў Алег Васільеў з пазыўным «Вараг», якога ў жніўні звольнілі з шэрагаў УСУ. Цяпер камандзір батальёну — Радзівон «Гена» Батулін. Гэтых ваяроў нярэдка ў СМІ называлі «людзьмі Сяргея Кароткіх», больш вядомага ва Ўкраіне як «Боцман» — у мінулым расейскага нацыяналіста, сябра РНЕ. На адным зь відэа «Тэрор» адмаўляе свае сувязі з «Боцманам». Удзельнікі «Тэрору» расказвалі Свабодзе, што ніводнага разу ня бачылі «Боцмана» ў сваім разьмяшчэньні. Сярод іншых заўважных асоб — Павал «Борт» Горбач (у мінулым старшына ў беларускай арміі), а таксама Віталь «Пума» Пігараў (адзін з найбольш вядомых футбольных фанатаў).

Страты: у верасьні загінуў кіроўца батальёну з пазыўным «Тэд». У кастрычніку ня стала 21-гадовага парамэдыка батальёну Міхася «Юнгера» Шавельскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У батальёне «Тэрор» назвалі прычыны адасабленьня ад палку Каліноўскага

Полк «Пагоня»

Ідэйнымі натхняльнікамі былі колішні рэстаратар Вадзім Пракоп’еў і падпалкоўнік паветрана-дэсантных войскаў Валер Сахашчык. Полк — гэта выключна намінальная назва, колькасьць добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне, не перавышае некалькіх дзясяткаў чалавек. Ня дзейнічаюць як асобная баявая адзінка. «Пагоня» славіцца грунтоўнай падрыхтоўкай добраахвотнікаў, якая адбываецца і ва Ўкраіне, і ў Эўразьвязе.

Дзе служаць: касьцяк сябраў «Пагоні» ўваходзіць у Першую асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня імя Івана Багуна. Яны вырасьлі з падразьдзяленьня лёгкай пяхоты да мотастралковай брыгады. Частка служыць у шэрагах батальёну «Тэрор». Каманда аэравыведкі «Пагоні» нядаўна далучылася да палку імя Каліноўскага. Нядаўна некалькі байцоў «Пагоні» далучыліся да ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну, які ўзначальвае Руслан Мірашнічэнка.

Хто камандуе: хаця ў СМІ часам зьяўляліся паведамленьні, што камандзір «Пагоні» — Валер Сахашчык, але гэта не адпавядае праўдзе. Сваіх камандзіраў «Пагоня» не называе. Вадзім Пракоп’еў ужо ня мае дачыненьня да «Пагоні».

У чыім падпарадкаваньні: непасрэдных камандзіраў і куратараў у «Пагоні» няма. Брыгада імя Багуна ўваходзіць у падпарадкаваньне УСУ.

У якіх апэрацыях бралі ўдзел: у адбіцьці атакі на сяло Грыгор’еўка ў Данецкай вобласьці. Таксама ў баях пад Бахмутам Данецкай вобласьці. Брыгада Багуна ўдзельнічала ў контранаступе на ізюмскім кірунку, але беларусаў там не было.

Страты: у баях пад Бахмутам загінуў Аляксей «Жнец» Вешчайвалаў, грамадзянін Беларусі, этнічны эрзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Частка „Пагоні“ на перадавой, зь іншымі добраахвотніцкімі структурамі мы супрацоўнічаем». Камэнтар прадстаўніка «Пагоні» да апошніх навінаўДва байцы палку «Пагоня» пакінулі гэтае вайсковае фармаваньне, аднаго зь іх падазраюць у супрацы з КДБ

Іншыя беларусы ў складзе УСУ

Найбольш вядомы — беларускі добраахвотнік Ігар «Янкі» Янкоў, які прыцягнуў увагу СМІ сваімі гусарскімі вусамі і сьмеласьцю ў баях. «Янкі» разам са сваім сябрам Андрэем «Бясьсьмертным» Трацэўскім служыць у шэрагах інтэрнацыянальнага батальёну «Тытан». На тэлеграм-канал «Янкі» падпісана 124 тысячы карыстальнікаў. «Янкі» і «Бясьсьмертны» ў мінулым — фанаты менскага «Дынама».

Яшчэ адзін вядомы ўраджэнец Беларусі — Данііл «Маджахед» Ляшук. У мінулым ён служыў у батальёне «Тарнада». У выніку атрымаў 10 гадоў зьняволеньня па рэзананснай справе батальёну, прадстаўнікоў якога абвінавацілі ў катаваньнях і зьдзеках. На волю выйшаў датэрмінова. У сваіх сацыяльных сетках ніяк не ўспамінае пра свае беларускія карані.

Вядомы беларускі добраахвотнік Зьміцер «Зубар» цяпер служыць сапёрам і ніяк не зьвязаны зь беларускімі фармаваньнямі.

Зьміцер «Ліс» абараняе Ўкраіну ў Херсонскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчыма, стану прэзыдэнтам Расеі». Добраахвотнік «Ліс» пра тое, як закідваў «раёнку» яйкамі і як служыў ва ўкраінскай арміі

Страты: Аляксей «Тур» Скобля загінуў у першыя дні вайны. Уваходзіў у склад сілаў спэцыяльных апэрацый Украіны. Пасьмяротна атрымаў званьне Героя Ўкраіны. Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў у красавіку ў Луганскай вобласьці. Перад сьмерцю ён забіў камандзіра расейскай тактычнай групы. Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла загінуў у траўні ў Данецкай вобласьці ў выніку артылерыйскага абстрэлу.

Колькі зарабляюць добраахвотнікі

Стандартны заробак чалавека, які заключыў кантракт з УСУ, — 51 тысяча грыўняў у месяц (1400 эўра). З улікам удзелу ў баявых дзеяньнях заробак даходзіць да 131 тысячы грыўняў (3600 эўра).

Адна з галоўных праблем: грамадзяне Беларусі ня могуць атрымліваць ва Ўкраіне афіцэрскія званьні. Такім чынам, усе яны шарагоўцы УСУ.

Беларусы, якія загінулі ва Ўкраіне

Ільля «Ліцьвін» Хрэнаў (загінуў 3 сакавіка пад Бучай)

Ільля Хрэнаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваў праграмістам, нармальна зарабляў». Хто такі беларус Ільля «Літвін», які загінуў за Ўкраіну

Аляксей «Тур» Скобля (загінуў 14 сакавіка на ўскраіне Кіева)

Аляксей Скобля

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне загінуў беларус, які служыў у элітным украінскім атрадзе

Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч (загінуў 24 сакавіка ў Ірпяні)

Зьміцер Апанасовіч

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служыў у 38-й дэсантнай брыгадзе, снайпэр, ваяр. Хто такі беларус Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, які загінуў ва Ўкраіне

Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі (загінуў 12 красавіка ў Луганскай вобласьці)

Зьміцер Рубашэўскі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страціў вока на вайне. Як загінуў ва Ўкраіне беларускі добраахвотнік Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі

Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла (загінуў 24 красавіка ў Данецкай вобласьці)

Павел «Волат» Суслаў (загінуў 15 траўня ў Мікалаеўскай вобласьці)

Павал Суслаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вайне ва Ўкраіне загінуў камандзір атраду Павал «Волат» — шосты беларускі баец з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі

Іван «Брэст» Марчук (загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам)

Іван Марчук

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я паставіў на кон усё». Няскончанае інтэрвію з Іванам «Брэстам», які загінуў ля Лісічанску

Васіль «Сябро» Парфянкоў (загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам)

Васіль Парфянкоў з сынам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вадзіла дзяцей на могілкі, каб бачылі, якія далей будуць стасункі з татам». Шчыры маналёг удавы загінулага добраахвотніка Васіля Парфянкова

Васіль «Атам» Грудовік (загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам)

Васіль Грудовік

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. Што вядома пра зьніклых пад Лісічанскам беларусаў

Вадзім «Папік» Шатроў (загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам)

Вадзім Шатроў

Неназваны баец батальёну «Волат» (загінуў 28 ліпеня)

Пазыўны «Тэд» (загінуў у верасьні ў Херсонскай вобласьці)

Аляксей «Жнец» Вешчайвалаў (загінуў 26 верасьня пад Бахмутам)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ва Ўкраіне — назаўжды». У Кіеве назвалі імя грамадзяніна Беларусі, які загінуў пад Бахмутам. Што пра яго вядома

Неназваны баец батальёну «Волат» (загінуў 3 кастрычніка ў Запароскай вобласьці)

Міхась «Юнгер» Шавельскі (загінуў 11 кастрычніка ў Херсонскай вобласьці)

Міхась Шавельскі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўз дапамагаць параненаму, калі прыляцеў аскепак». Загінуў беларус-парамэдык з батальёну «Тэрор»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.