Міхась Шавельскі родам з Горадні, вучыўся ў мясцовым унівэрсытэце на псыхоляга, але быў адлічаны пасьля пратэстаў 2020 году. Была пагроза ісьці ў войска, таму Міхась зьехаў у Польшчу. Там працягнуў адукацыю, вучыўся на тэоляга.
Ад пачатку поўнамаштабанага ўварваньня Расеі на Ўкраіну Шавельскі далучыўся да беларускага фармаваньня ва Ўкраіне палку Кастуся Каліноўскага. Выконваў функцыі парамэдыка.
«Ён поўз да параненага, калі прыляцеў аскепак», — сказаў Свабодзе аб сьмерці Шавельскага адзін з байцоў.
Міхась меў пазыўны «Юнгер». Пабрацімы адзываюцца пра яго як пра вельмі актыўнага і вясёлага чалавека.
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны ў пачатку сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў. Пазьней быў сфармаваны трэці.
19 жніўня прэс-служба палка паведаміла, што камандаваньне воінскай часткі Узброеных сіл Украіны, да якой адносіцца беларускае фармаваньне, звольніла камандзіра батальёна «Тэрор» з пазыўным «Вараг». Частка байцоў, якія не пагадзіліся з гэтым рашэньнем, была аддзелена ад палка з захаваньнем назвы падразьдзяленьня.