Сьцісла:
- Беларусь цяпер — дзяржава-сатэліт пры агрэсары.
- Я бачу жаданьне Менску зацягнуць сытуацыю нібыта ўдзелу (аднак на самой справе няўдзелу) у вайне
- Дзеяньні Лукашэнкі ўпісваюцца менавіта ў лягічны шэраг устрыманьня. Нават у малых, сымбалічных рэчах ён ня надта саступае.
- Калі ў Дзяржаўнай Думе заяўляюць, што «мы пасылаем войскі, каб супакоіць Аляксандра Рыгоравіча», — магчыма, за гэтым хаваецца і частка праўды.
- Дэмакратычная супольнасьць Беларусі — натуральны саюзьнік Украіны ў вайне, як дэ Голь быў саюзьнікам Чэрчыля.
— Што ў стратэгічным сэнсе азначаюць апошнія навіны вакол мілітарызацыі Беларусі: прыбыцьцё расейскіх вайскоўцаў у Беларусь, адпраўка беларускай тэхнікі ў Расею, узмацненьне мяжы, праверка боегатоўнасьці? Ці азначае гэта, што менскі рэжым усё ж наважыцца на актыўныя ваенныя дзеяньні і беларускія войскі пойдуць ва Ўкраіну? Ці ўсё ж Лукашэнка яшчэ спадзяецца адкласьці гэты крок, які не прынясе яму нічога добрага?
— У стратэгічным сэнсе сытуацыя са знаходжаньнем расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі паглыбляе залежнасьць Беларусі ад Расеі ва ўмовах вайны. Беларусь цяпер — дзяржава-сатэліт пры агрэсары. Сытуацыя вельмі падобная да таго, як у часы Другой сусьветнай вайны існавалі рэжымы, залежныя ад Нямеччыны.
Разам з тым ідзе працэс імплемэнтацыі, рэалізацыі «дарожных мапаў», што паглыбляе інстытуцыйную залежнасьць Беларусі, вядзе да таго, што сувэрэнітэт краіны захаваецца толькі ў папяровай вэрсіі.
Але ў тактычным сэнсе мы можам казаць, што цяпер не адбываецца нічога асабліва новага пасьля 24 лютага, пачатку інтэрвэнцыі Расеі. Бо дэ-факта «сумесная групоўка войскаў» ужо тады была разгорнутая, яна была задзейнічаная ў нападзе. Беларускія войскі ўдзельнічалі ў падтрымцы агрэсіі, у лягістычнай, інфраструктурнай дапамозе, тылавым забесьпячэньні. Адзінае, чаго не было, — уводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.
У тым, што адбываецца цяпер, я бачу імітацыйныя дзеяньні беларускага рэжыму, спробы Менску зацягнуць сытуацыю нібыта ўдзелу (ці няўдзелу) у вайне. Я б назваў гэта стратэгіяй «чырлідэра». Лукашэнка як чырлідэр: бегае, скача, падтрымлівае расейскую каманду — але сам выходзіць на поле не жадае. Гэта ягоная тактыка: любымі сродкамі пазьбягаць непасрэднага ўдзелу ў вайне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі будзем мець інфармацыю, што ўдар па Ўкраіне з поўначы немінучы, нанясём прэвэнтыўны ўдар па Беларусі», — украінскі вайсковы экспэрт— На сёньня, як падаецца, пераважаюць меркаваньні, што гэтага Маскве ўжо мала, што Крэмль прымусіць Лукашэнку «выйсьці на поле», што беларускія войскі так ці іначай будуць удзельнічаць у вайне. Якія ў вас аргумэнты, што гэтага не адбудзецца?
— Дакладна мы ня можам ведаць, што адбудзецца. Чалавек, які (як я) сьцьвярджае, што Менск працягвае стратэгію ўхіленьня ад прамога ўдзелу ў вайне, ці іншыя, якія заяўляюць, што ўсё ўжо вырашана і трэба толькі дачакацца, — усё гэта гіпатэтычныя канструкцыі, які базуюцца на суме нейкіх фактаў, аналізе іх і прыкладаньні іх да існай сытуацыі. Я падкрэсьліваю адзін шэраг фактаў, а апанэнты — іншы шэраг, адрозны. Таму я не хацеў бы даваць прагноз, ён у прынцыпе тут немагчымы.
Але пакуль што мне падаецца, што дзеяньні Лукашэнкі ўпісваюцца менавіта ў лягічны шэраг устрыманьня. Бо ўсё, што ён робіць, — нават у малых, сымбалічных рэчах, — не асабліва саступае. Не прызнаЕ Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, хоць і прыехаў у Сухумі. Няма афіцыйнага прызнаньня Крыму, няма прызнаньня рэфэрэндумаў, якія прайшлі на захопленых частках Украіны. А гэта ж значна меншыя крокі, чым увод войскаў. І Расея патрабуе іх зрабіць, і нават агучвае гэта, ціск тут ёсьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі будзе выбар — страціць уладу і жыцьцё ці ўступіць у вайну, Лукашэнка выбера вайну, — Котаў— Усё ж хіба можна казаць, што стратэгічна сытуацыя не мяняецца, як вы гэта заявілі на пачатку інтэрвію? Калі за гэтыя месяцы вайны расейскія войскі спачатку ажыцьцявілі агрэсію з тэрыторыі Беларусі, потым зусім яе пакінулі, і нават не было абстрэлаў, потым абстрэлы і авіявылеты аднавіліся, а цяпер, як паведамляецца, 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў зноў будуць разьмешчаныя ў Беларусі. Хіба гэта не дае падставаў гаварыць пра стратэгічныя зьмены сытуацыі?
— Мне не падаецца, што гэта стварае нейкую новую сытуацыю. Бо расейскія войскі і так прысутнічалі на тэрыторыі Беларусі з пачатку вайны, на гэта ніколі не патрабавалася ніякага дазволу ад Лукашэнкі. Украінцы ўмацавалі мяжу, пабудавалі абарончую інфраструктуру. Я ня бачу, як гэта стратэгічна мяняе сытуацыю.
Ёсьць нейкія рэчы, якія сапраўды зьмянілі б усё — напрыклад, мабілізацыя ў Беларусі. Ня нейкая дзіўная, «прыхаваная», а рэальная, з позвамі ў ваенкаматы. Але пакуль мы такога ня бачым.
— Але гэтыя 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў (хоць досьвед падказвае ня верыць уладам, таму невядома, колькі іх будзе на самой справе) — для чаго яны тады прыбываюць у Беларусь?
— Тут у Расеі могуць быць ваенныя рэзоны дзеля таго, каб канцэнтраваць тут войскі ў такім маштабе. Хоць некаторыя знакі таксама варта разглядаць. Калі ў Дзяржаўнай Думе заяўляюць, што «мы гэта робім, каб супакоіць Аляксандра Рыгоравіча», — магчыма, за гэтым хаваецца і частка праўды. Бо Лукашэнка вельмі ўзбуджаны інфармацыяй пра полк Каліноўскага, пра тое, што на тэрыторыі замежных дзяржаў беларусы навучаюцца вайсковай справе, — гэта значыць, што яму ў вушы гэта ўводзяць спэцслужбы. Магчыма, гэта настолькі ўсхвалявала Лукашэнку, што ён просіць Пуціна яму дапамагчы, і той прысылае дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уступленьне Лукашэнкі ў вайну можа стаць пачаткам грамадзянскай вайны ў Беларусі— Асобная тэма — уплыў гэтых падзей на ўнутрыпалітычную сытуацыю. Ці можна сказаць, што пад маркай унутранай мілітарызацыі адбываецца ўзмацненьне рэпрэсій, ужо з новымі матывамі?
— Рэпрэсіі хутчэй ідуць у фонавым рэжыме — так, як яны былі пастаўленыя на паток з канца 2020 году. Адзінае, што яны пачалі выкарыстоўваць рэпрэсіўныя практыкі ў адносінах і да эканамічнага рэгуляваньня, спрабуюць крымінальнымі справамі спыніць рост цэнаў. Заводзяць крымінальныя справы супраць людзей, нібыта адказных за рост цэнаў, запісваюць зь імі пакаяльныя відэа — рэпрэсіўная практыка распаўзаецца як спроба ўсталяваньня кантролю над новымі сфэрамі.
— Апошнія тыдні максымальна гарачай стала тэма беларуска-ўкраінскіх адносін. Ці можна сказаць, што ўкраінцы пачалі аналізаваць і пераасэнсоўваць сваё «ваеннае» стаўленьне да беларусаў?
— Для беларусаў вельмі добра, што ва Ўкраіне пачалася ўнутраная дыскусія наконт палітыкі адносна Беларусі. Бо дагэтуль такая палітыка фактычна адсутнічала. Калі паглядзець дактрыну зьнешняй палітыкі Ўкраіны, то Беларусі быў прысьвечаны адзін абзац.
Пакуль ва Ўкраіне няма ўяўленьня, якая Беларусь ёй патрэбная, якія адносіны павінны скласьціся паміж краінамі. Цяперашнія дэбаты вызначаюцца некаторымі вельмі цьвярозымі пазыцыямі: што Кіеву трэба ўмацоўваць дэмакратычны рух Беларусі, ня варта спрыяць расколу ў ім. Але гучаць і іншыя галасы, якія крытыкуюць адну частку беларускіх дэмакратычных лідэраў, проціпастаўляючы ім іншых. Або кажуць, што Ўкраіна павінна ствараць на сваёй тэрыторыі беларускія сілы, якія будуць потым мяняць сытуацыю.
Сама такая дыскусія — гэта добра, але да чаго яна прывядзе, складана сказаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перастаньце хлусіць пра „магутную армію“». Як дыктатары разьвітваюцца зь ілюзіямі пра сваю непераможнасьць— Усё можа радыкальна зьмяніцца, калі зь беларускай тэрыторыі пойдуць беларускія войскі на Ўкраіну.
— Але нейкія рэчы ня зьменяцца. Бо ва Ўкраіне ёсьць два падыходы. Першы: Украіна дзейнічае разам з тымі беларусамі, якія стаяць на праўкраінскіх пазыцыях, і, адпаведна, штосьці робіць для будучыні Беларусі. Бо дэмакратычная супольнасьць Беларусі — натуральны саюзьнік Украіны ў вайне, як дэ Голь быў саюзьнікам Чэрчыля.
І ёсьць іншая мадальнасьць: маўляў, мы, украінцы, самі без усялякіх беларусаў будзем вызначаць, што мы будзем зь імі рабіць. У такой мадальнасьці ня вельмі і важны кантакт з дэмакратычнымі лідэрамі, якія прадстаўляюць гэтую праўкраінскую беларускую супольнасьць.
І пакуль Украіна дзейнічае хутчэй тымі інструмэнтамі, якія не патрабуюць удзелу саміх беларусаў. Абмежаваць кантакты, увесьці візавы рэжым, ударыць па беларускіх аб’ектах — усё гэта не патрабуе ніякага саўдзелу дэмакратычнай Беларусі. То бок гэта нежаданьне ўлічваць, што там у Беларусі хто думае і што робіць. Гэта ігнараваньне стратэгічнай мэты, таго, чаго хоча Ўкраіна ад будучай Беларусі пасьля вайны.