Ведаў пра Нарвэгію ў беларускі Алёны перад прыездам у краіну было ня так шмат. Кажа, што толькі чула пра вікінгаў і Алімпіяду ў Лілегамэры. Яна паехала ў Скандынавію, каб працаваць нянькай, а цяпер вядзе курсы для беспрацоўных, дапамагае ім знайсьці новае месца працы.
«Без нарвэскай мовы нікуды»
«Мне даслалі фатаздымак. Там былі фіёрды, горы, нібыта ў тэлевізары глядзела National Geographic, там быў маленькі домік і стрэлачка з подпісам, што я там буду жыць. Больш пра Нарвэгію я нічога ня ведала».
Алёна яшчэ ў Менску пачала мінімальна самастойна вывучаць нарвэскую мову з падручнікаў, якія знайшла ў беларускіх бібліятэках. Працягвала і ў самой Нарвэгіі.
«У мяне пайшоў год на тое, каб больш-менш нармальна пачаць размаўляць па-нарвэску. Мясцовыя жыхары вельмі добра гавораць па-ангельску, амаль кожны. Пры гэтым працы бязь веданьня нарвэскай мовы амаль не знайсьці. Нават ад прыбіральніцы патрабуюць нарвэскую, для іх гэта вельмі важна. Выняткам можа быць хіба што сфэра ІТ, а таксама добрыя спэцыялісты ў газавай і нафтавай прамысловасьці, там можа хапіць і ангельскай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тут як у божачкі ў кішэні». Плюсы і мінусы жыцьця ў Турэччыне
«Не хапае лекараў у малых гарадах»
Беларуска гаворыць, што Нарвэгія сапраўды надзвычай прыгожая краіна, чымсьці нагадвае Новую Зэляндыю.
«Я шмат ежджу па Нарвэгіі, тут вельмі прыгожая прырода — горы, фіёрды, шмат рыбы, я сама рыбачу. У Осла няма фіёрдаў, трэба ехаць у Бэрген, а гэта 8 гадзін ад сталіцы. А то, бывае, прыяжджаюць людзі ў Осла і просяць паказаць ім фіёрды».
Да Осла Алёна пажыла ў розных рэгіёнах і мястэчках Нарвэгіі. Кажа, што ў маленькіх паселішчах свае праблемы. «Калі ты захварэў, то можна не знайсьці адпаведнага лекара, асабліва на поўначы краіны. Цябе на самалёце ці гелікоптэры могуць гадзіну везьці ў іншы горад, дзе зробяць апэрацыю. Бракуе лекараў, а ў лекараў бракуе практыкі — гэта вялікі мінус. У Осла спэцыялістаў хапае, і яны выдатнай якасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новая зямля». «На „двушку“ за 1300 эўра прэтэндавалі 717 чалавек». Беларуска расказвае, як жывецца прыежджым у Бэрліне
«Чаргі да гінэколяга можна чакаць чатыры месяцы»
Алёна расказвае, што ў Нарвэгіі дзяржаўная страхавая мэдычная сыстэма.
«Калі ты плаціш падаткі дзяржаве, то табе часткова спансаруюць паходы да доктара. Нейкую суму ты плаціш сам — цяпер гэта 400 эўра на год, — а астатняе аплочвае дзяржава. Але чэргі да дзяржаўных спэцыялістаў вельмі вялікія. Накіраваньня да гінэколяга можна чакаць каля 4 месяцаў. Тое самае з акулістамі, дэрматолягамі. Калі псыхоляг, то прыёму да яго трэба чакаць нават год ці два», — расказвае суразмоўца.
Пры гэтым у краіне шмат прыватных клінік і лекараў. Існуе таксама прыватная мэдычная страхоўка, але дазваляюць яе сабе ня так шмат людзей.
«Напрыклад, прыём у дзяржаўнага гінэколяга вам абыдзецца ў 30-40 эўра, а ў прыватнага — 100-120 эўра. Цэны ўтрая вышэйшыя. У прыватнікаў таксама трэба часам чакаць, але ня тры-чатыры месяцы».
Алёна гаворыць, што з зубамі ў яе ўсё добра, але лячыць зубы ў самой Нарвэгіі вельмі дорага. Многія нарвэжцы езьдзяць гэта рабіць у іншыя краіны.
«Самая простая працэдура — пачысьціць зубы і іх агледзець — каштуе 100 эўра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба быць альбо вельмі багатым, альбо вельмі здаровым». Плюсы і мінусы жыцьця ў Швайцарыі
«Раней ніхто не выключаў электрычнасьць»
Як і ў большасьці іншых краін, найдаражэйшае жыльлё ў Нарвэгіі ў сталіцы. Алёна расказвае, што купіць невялікую аднапакаёвую кватэру ў цэнтры Осла на 27 квадратных мэтраў будзе каштаваць каля 3 мільёнаў мясцовых крон (285 тысяч эўра).
«Арэнда такой самай кватэры ў цэнтры будзе каштаваць 12000 крон (1150 эўра). Калі будзе яшчэ адзін пакой, то цана вышэйшая — 14000 крон (1340 эўра)», — кажа беларуска.
Што да камуналкі, то цяпер Алёна плаціць за ўсё 2600 крон (250 эўра) — гэта электрычнасьць, ацяпленьне, абслугоўваньне дома.
«Калі дом вялікі, то людзі могуць плаціць за камуналку і 5000 крон (480 эўра). Электрычнасьць вельмі падаражэла — прыкладна ўдвая цягам апошніх шасьці месяцаў. Дзяржава часткова бярэ на сябе выдаткі, але гэта не дапамагае. Калі я толькі прыехала ў краіну, то нарвэжцы нідзе не выключалі сьвятло. Я прывыкла ў Беларусі эканоміць, а тут ніхто не выключаў. А цяпер загаварылі шмат пра эканомію электрычнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сонечных дзён нават болей, чым у Менску». Плюсы і мінусы жыцьця ў Фінляндыі
«Людзі езьдзяць на закупы ў Швэцыю»
Пакунак на шэсьць яек у Нарвэгіі абыдзецца ў 20 крон (2 эўра), літар малака — 30 крон (2,9 эўра). За 400 грамаў ялавічнага фаршу давядзецца аддаць 70 крон (6,7 эўра).
«Купляю 500 грамаў ласося за 70 крон (6,7 эўра). Можна купіць два кіляграмы бульбы за 30 крон (2,9 эўра), яна тут мясцовая. За пачак памідораў у 200 грамаў аддаю 40 крон (3,8 эўра). Рэч у тым, што памідоры прывезеныя, іх тут амаль не вырошчваюць. Адзін яблык — 5 крон (0,5 эўра). Ёсьць таксама нарвэскія яблыкі па 30 крон (2,9 эўра) за кіляграм. Кіляграм бананаў абыдзецца ў 25 крон (2,4 эўра)».
Што тычыцца паходаў у кавярні ці рэстараны, то кава з булачкай абыдзецца ў 70 крон (6,7 эўра). Сама кава — 40 крон (3,8 эўра). Асноўная страва будзе каштаваць ад 260 крон (25 эўра). Піва ў бары — 80 крон (7,6 эўра).
«Калі я раней жыла на мяжы са Швэцыяй, то бачыла, што людзі сапраўды туды езьдзілі на закупы, асабліва таньнейшыя там мяса і алькаголь. Але там таньнейшае і ўсё астатняе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад бюракратыі можна звар’яцець, але людзі вельмі душэўныя». Плюсы і мінусы жыцьця ў Харватыі
«Тут вельмі моцныя прафсаюзы»
«Стрыглася я апошні раз ва ўкраінцаў, а да гэтага нават езьдзіла ў Беларусь. Цана — 70-80 эўра проста пастрыгчыся. А калі з фарбаваньнем валасоў, то абыдзецца ў 200 эўра. Гэта тут вельмі дорага», — расказвае Алёна.
За 15 гігабайтаў інтэрнэту на тэлефоне жанчына плаціць 30 эўра на месяц.
«Тут ёсьць сацыяльная забясьпечанасьць. У мяне быў бальнічны на дзяржаўнай працы, які доўжыўся год, і мяне ня звольнілі. Мне гэты час заробак плаціла дзяржава. Тут вельмі моцныя прафсаюзы, якія абараняюць правы рабочых. Амаль усе людзі — сябры прафсаюзаў. Вам заўсёды нехта дапаможа. Маеце ня толькі абавязкі, але і правы».
Алёне падабаецца, што ў Нарвэгіі начальнік — ня той чалавек, якога трэба толькі слухацца і падпарадкоўвацца, але хутчэй дарадца, які цікавіцца, чаго супрацоўніку не хапае і ці дастаткова ён матываваны.
«Ты не трасесься перад босам, што зрабіў нейкую памылку. У Беларусі я працавала бухгальтарам, працавала па вечарах і суботах, і ніхто мне, натуральна, не даплочваў за гэта. Тут жа рабочы дзень строга 7-8 гадзін, і ніхто не працуе болей, а калі працуеш, то даплочваюць альбо даюць дадатковы адпачынак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі наймаеш кватэру, то трэба зважаць на цьвіль». Плюсы і мінусы жыцьця на Кіпры
«Мне падабаецца абароненасьць»
З словаў Алёны, для нарвэжцаў вялікай каштоўнасьцю ёсьць сям’я і дзеці, таму абсалютна нармальна, калі чалавек сыходзіць з працы а палове на чацьвёртую, каб забраць дзіця з садку.
«Спакойна глядзяць, калі цябе ранкам ня будзе на працы, бо ты вязеш кудысьці дзіця. Калі ты страціў працу, то дзяржава будзе плаціць табе 64% ад твайго апошняга заробку. І два гады будзеш дома шукаць працу, але атрымліваць такія грошы. Гэта добрая опцыя для тых, хто захварэў ці ў дэпрэсіі. Мне вельмі падабаюцца тут умовы працы і абароненасьць. Сыстэму аховы здароўя я хацела іншую, тут кажуць, што лепш не хварэць», — кажа беларуска.
Пасябраваць з нарвэжцамі ня так проста. Яны зь цяжкасьцю падпускаюць да сябе іншых людзей.
«У іх вялікія адлегласьці між гарадамі і фіёрдамі, яны ня звыкліся праз гэта шмат размаўляць. Яны больш любяць быць адныя, ім шмат людзей ня трэба. Яны закрытыя, але калі табе ўдаецца пазнаёміцца і пасябраваць, то гэта проста на ўсе вякі. Многія прыежджыя думаюць, што яны самі вінаватыя, бо ў Менску было шмат сяброў, а тут адзін ці ніводнага. Але гэта ня так. У Осла прасьцей, бо больш прыежджых зь іншых краін і гарадоў».