Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сонечных дзён нават болей, чым у Менску». Плюсы і мінусы жыцьця ў Фінляндыі


Фінляндыя зручная для жыцьця краіна, тут добрая адукацыя, сыстэма аховы здароўя і прыязная бюракратыя. Але варта памятаць, што надвор’е тут пасуе ня кожнаму, а цэны высокія. Сабралі, што трэба ведаць для жыцьця ў Хэльсынкі.

Дзьмітрый — айцішнік. У Хэльсынкі пераехаў напрыканцы 2021 году. Скарыстаўся з прапановы сваёй фірмы па рэлякацыі. Зьмяніў толькі месца жыхарства, але застаўся працаваць на той жа пасадзе і ў тым жа праекце.

Для праекту «Новая зямля» Дзьмітрый падзяліўся асаблівасьцямі жыцьця ў адной з найбольш паўночных краін сьвету.

«Зьдзіўляе актыўнасьць беларускай грамады»

Суразмоўца Свабоды кажа, што ўяўленьне пра Фінляндыю меў ад сваіх калег, але галоўныя стэрэатыпы, якія ўяўляліся, — гэта халоднае надвор’е і высокія цэны.

«Надвор’е — гэта тое, што шмат каго стрымлівае ад пераезду ў Фінляндыю. Насамрэч жа Хэльсынкі — гэта не паўночная частка краіны, таму не сказаў бы, што там вельмі холадна. А сонечных дзён, мне здаецца, нават болей, чым у Менску. Летам у нас былі белыя ночы. Цёмна было хіба што гадзіну на суткі. Летам можна займацца любымі актыўнасьцямі, якія толькі можна ўявіць. Зімой жа сонечны дзень можа быць 2–3 гадзіны. Мы тут менш за год, але па адчуваньнях, то ня горшае надвор’е, чым у Беларусі. Мясцовыя, праўда, кажуць, што ўсё бывае нашмат горш», — расказвае мужчына.

Найбольш жа Дзьмітрыя зьдзівіла вялікая актыўнасьць беларусаў, якія жывуць цяпер у Хэльсынкі. Ён меркаваў, што грамада будзе складацца літаральна зь некалькіх чалавек, але на справе іх нашмат болей.

«Мы сустрэлі некалькіх беларусаў, якія працавалі ці вучыліся з намі побач у Беларусі. Было дзіўна назіраць такія супадзеньні. Займаемся нейкімі культурнымі актыўнасьцямі, прасоўваем у мясцовыя бібліятэкі кнігі па-беларуску, ходзім на піва, дзе размаўляем па-беларуску», — расказвае Дзьмітрый.

Што тычыцца мовы, то фінскую вывучыць даволі няпроста. Але амаль усе жыхары краіны вельмі добра гавораць па-ангельску.

«Гэта адзін з прыемных пунктаў рэлякацыі. Звычайна ангельская мова мясцовых значна лепшая за маю», — сьмяецца суразмоўца.

Кватэра ад 1000 эўра

Хэльсынкі, як сталіца Фінляндыі, — самы дарагі рэгіён у краіны для арэнды жыльля. Нават у прыгарадах Хэльсынкі можна знайсьці істотна таньнейшыя варыянты.

Кватэры ў Хэльсынкі пачынаюцца ад 1000 эўра ў месяц. Бліжэй да цэнтру столькі будуць каштаваць аднапакаёўкі, на ўскраінах — двухпакаёўкі. Фіны, як правіла, называюць аднапакаёўкамі кватэры з адной спальняй, але там яшчэ ёсьць вялікая гасьцёўня з кухняй.

Эспоо — гэта найбольшы прыгарад Хэльсынкі, а таксама другі па велічыні горад Фінляндыі. Дзьмітрый кажа, што там кватэра будзе каштаваць меней — ад 800 эўра.

«Да Эспоо добра ходзяць аўтобусы і цягнікі. Праблем з транспартам тут няма. Праязны на месяц — каля 60 эўра».

Сам Дзьмітрый плаціць за кватэру 1600 эўра на месяц — гэта самы цэнтар фінскай сталіцы. Кажа, што гэта крыху даражэй за сярэднюю цану, але пры пераезьдзе хацелася большага камфорту, таму вырашылі даплаціць.

Асобна электрычнасьць і асобна яе дастаўка

У аплаце камунальных паслуг у Фінляндыі ёсьць свае асаблівасьці. Звычайна чалавек, які наймае кватэру, аплачвае толькі электрычнасьць, дастаўку электрычнасьці (гэта два розныя рахункі), ваду і інтэрнэт. Ацяпленьне, як правіла, уваходзіць у цану арэнды.

Іншы беларускі айцішнік зь Фінляндыі, Анатоль, расказаў нам, што за кватэру плошчай каля 100 квадратных мэтраў ён аддаваў каля 600 эўра на год (звычайна прынята плаціць раз на год, а не штомесяц), а за дастаўку электрычнасьці — каля 340 эўра.

«Цяпер актыўна ідзе абмеркаваньне, што цана на электрычнасьць уздымецца ў сувязі з агульнаэўрапейскімі працэсамі», — расказвае Дзьмітрый. Праўда, абяцаюць, што вясной цэны могуць зноў упасьці.

Вада каштуе ад 12 да 20 эўра на чалавека ў месяц. Плацяць таксама раз на год. Інтэрнэт у Фінляндыі даволі танны. Ёсьць нават бясплатны, але зь невялікай хуткасьцю, калі хочаш лепшы, то давядзецца аддаць каля 15–20 эўра на месяц.

Таксама Анатоль сказаў, што вельмі часта ў аплату ўваходзіць страхоўка — ад 50 да 100 эўра на месяц. Гэта на той выпадак, калі ты зальеш кватэру ці там здарыцца пажар.

Мяса даражэйшае ў два-тры разы

Дзьмітрый кажа, што ў Хэльсынкі ёсьць тры вялікія гандлёвыя сеткі, і цэны ў іх могуць моцна адрозьнівацца. Таму канкрэтных цэнаў ён ня хоча называць, а проста акрэсьліў каэфіцыенты, наколькі той ці іншы прадукт даражэйшы, чым у Беларусі.

«Яйкі і малако даражэйшыя ў паўтара раза. Калі гаварыць пра мяса, то разьбежка вельмі моцная. Але я б сказаў, што цэны вышэйшыя ў два-тры разы».

Па словах Дзьмітрыя, садавіна і гародніна, менавіта фінская, каштуе вельмі дорага, яна лічыць экалягічнай і вельмі якаснай.

«Так, за кіляграм мясцовых клубніц можна аддаць 15 эўра. Але, на шчасьце, хапае садавіны і гародніны зь іншага сьвету. Я б сказаў, што яна ў два разы даражэйшая за беларускую».

Алькаголь дарагі праз падаткі

Паход у кавярню ці рэстаран у Хэльсынкі — ня самая танная забава. Дзьмітрый кажа, што выпіць філіжанку кавы будзе каштаваць3—4 эўра.

«Асноўная страва ў самай простай кавярні, якая не прэтэндуе на незвычайную кухню і дзіўныя прысмакі, абыдзецца ў 16–20 эўра. Ведаеце, увесь сэрвіс у Фінляндыі ня танны. Людзі са сфэры абслугі атрымліваюць аплату таксама па фінскіх расцэнках».

Таксама Дзьмітрый кажа, што піва ў Фінляндыі — гэта адчувальны для бюджэту момант. Выпіць куфаль у бары будзе каштаваць мінімум 6–7 эўра. У краме бляшанку можна набыць за 3–4 эўра. Гэта абумоўлена высокімі падаткамі на алькаголь, як у самой Фінляндыі, гэтак і ў іншых скандынаўскіх краінах.

«Бюракратыя вельмі прыязная»

Мэдыцына ў Фінляндыі даступная ўласьнікам Kela-card — гэта адмысловая сыстэма страхаваньня, якая адкрывае доступ да ўсіх мэдычных установаў.

«Калі ў вас нешта баліць, то вы звоніце ў бліжэйшую ўстанову альбо, найчасьцей, адпраўляеце электронны ліст, з вамі хутка зьвязваюцца і прызначаюць дату прыёму».

Аплата паслуг Kela ідзе з агульных падаткаў. Права на яе маюць ня толькі самі работнікі, але і іх сямейнікі.

«Так атрымалася, што я ніводнага разу ня стрыгся ў Фінляндыі. Ці ў Польшчы гэта раблю, калі прыяжджаю да сяброў, ці яшчэ дзе. Але ведаю, што паслуга каштуе ад 30 эўра. Жонка робіць манікюр ад 60 эўра», — расказвае Дзьмітрый.

Падарожнічаць па Фінляндыі беларусу пакуль ня дужа выходзіць, былі толькі ў старажытнай сталіцы Турку, але плянуюць навярстаць.

«Гэта добрая краіна. Яна вельмі камфортная, асабліва калі ехаць сюды зь дзецьмі. Фінляндыя ўтульная, тут прыемна працаваць, бюракратыя вельмі прыязная. Толькі трэба разумець, што тут ёсьць мінусы з кліматам і цэнамі. Калі гэта для вас не праблема, то Фінляндыя — добры варыянт», — падсумоўвае Дзьмітрый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG