Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба быць альбо вельмі багатым, альбо вельмі здаровым». Плюсы і мінусы жыцьця ў Швайцарыі


Ці сапраўды Швайцарыя вельмі дарагая для жыцьця? Колькі тут каштуе зьняць кватэру, паесьці ў кавярні? Пра гэта Свабодзе расказаў беларус зь Цюрыху Алесь, які 5 гадзін штодня траціць на дарогу да працы.

Алесь працуе ў невялікай фармацэўтычнай кампаніі ў Люгана на поўдні Швайцарыі, але жыве зусім у іншым месцы — пад Цюрыхам. Штодня на дарогу да працы ён траціць па пяць гадзін. Пра жыцьцё ў альпійскай краіне мужчына расказаў Свабодзе ў рамках праекту «Новая зямля».

«Блыталі Швэцыю і Швайцарыю»

Перад тым, як трапіць у Швайцарыю, Алесь жыў і вучыўся ў Швэцыі. Кажа, што многія сябры ў Беларусі ў яго пыталіся, ці купіў ён сабе ўжо гадзіньнік «Ролекс» і ці надзейныя банкі ў Швэцыі.

«І мне даводзілася часта тлумачыць, што Швэцыя — гэта не Швайцарыя. Але так сталася, што мая тагачасная дзяўчына, будучая жонка (цяпер мы ў разводзе), пераехала ў Швайцарыю працаваць, а мяне якраз запрасілі на стаж UNHCR у Жэнэву, арганізацыю “пад парасонам” ААН, якая займаецца ўцекачамі і людзьмі без грамадзянства».

Так у беларуса і пачаўся пэрыяд жыцьця ў Швайцарыі.

«Калі сябры потым пыталіся ў мяне пра Швэцыю, то я з гонарам адказваў, што зьбіраю грошы на «Ролекс» і прыглядаю банк, дзе адкрыць рахунак (сьмяецца). У нейкім сэнсе пераезд быў спантанны. Я быў прыемна ўражаны пасьля халоднай Швэцыі, калі ўбачыў амаль летні лагодны клімат у Швайцарыі. Мне было ўсё вельмі цікава. Я хадзіў з шырока расплюшчанымі вачыма».

Тым ня менш Алесь кажа, што проста для яго тады не было. Стажаваньне праходзіла ў Жэнэве, а яны зь дзяўчынай жылі ў Цюрыху. Дарога штодня займала па 3,5 гадзіны ў кожны бок.

«Пераадоленьне падобных адлегласьцяў у Беларусі ўявіць немагчыма, у нас цягнікі ходзяць ня так часта. Гэта было цяжка і фізычна, і псыхалягічна. Было дзіўна выяжджаць зь нямецкамоўнага кантону ў франкамоўны, на працы размаўляць па-ангельску, тады як дома часьцей гаварыў па-расейску ці беларуску. Вельмі часта ў галаве блыталіся словы».

Ангельскай мовы Алесю ў той час цалкам хапала. Цяпер ён працуе ў Люгана і большасьць ягоных калег італамоўныя, але ўсе таксама ведаюць ангельскую.

«Люгана — гэта зусім курортны горад у параўнаньні зь іншымі ў Швайцарыі. Італьянскую мову я разумею, але пакуль ня вывучыў. Нямецкую давялося вывучыць, бо ў мяне нямецкамоўная дачка. Француская мова мне ніколі тут не была патрэбная», — кажа мужчына.

Алесь купляе праязны адразу на год, ён распаўсюджваецца на ўсе віды транспарту, нават паромы і караблікі, каштуе такі 3800 франкаў (курс прыкладна роўны эўра) на год. Рэгіянальны праязны каштуе каля 100 франкаў на месяц.

«Каб выгадна зьняць кватэру, трэба добрыя знаёмствы»

Цяпер Алесь жыве за дзесяць кілямэтраў ад Цюрыху. Кажа, што, хоць гэта нявыгадна паводле лягістыкі, але міграцыйная сыстэма Швайцарыі ўладкаваная так, што пры пераезьдзе нават у суседні кантон (раён) могуць значна пагоршыцца твае міграцыйныя ўмовы. І гэта адна з галоўных прычын, чаму людзі застаюцца ў тым жа кантоне, у які прыехалі першапачаткова.

«Вялікія гарады, як Жэнэва і Цюрых, вельмі запатрабавальныя ў пляне жытла. Гаворка нават не пра грошы, а пра магчымасьць зьняць кватэру. Попыт надзвычай вялікі. Я б сказаў, што сярэдняя цана на аднапакаёвую кватэру цяпер — гэта каля 1100 франкаў. Тут ёсьць цікавы тэрмін «паўтарапакаёўка». Ёсьць пакой, дзе гасьцёўня сумешчаная з спальным месцам, але асобная кухня. Ёсьць кватэры-студыі — гэта ўжо канкрэтна аднапакаёўка. Можна знайсьці два з паловай пакоі, тры з паловай».

Алесь расказвае, што ў Швайцарыі ёсьць выгадная опцыя кватэраў, якія здымаюць у каапэратываў. Такая кватэра будзе каштаваць таньней, але трэба заплаціць наперад унёсак у памеры 13000-15000 франкаў. Не ва ўсіх людзей ёсьць такія магчымасьці. Калі нехта зьяжджае раней, то частку грошай вяртаюць. Сям’я Алеся здымала такую каапэратыўную кватэру ў Цюрыху і плаціла 1300 франкаў за тры пакоі. Цяпер Алесь здымае пакой у трохпакаёвай кватэры, уся кватэра абыходзіцца ў 1800 эўра.

«На гэты момант я жыву ў трохпакаёвай кватэры, дзе кожны мае свой пакой. Тут гэта распаўсюджаная зьява, жыць крыху ў камунальных умовах. Гэта вельмі выгадна на фоне асобнага жытла», — кажа Алесь.

«Камуналка пароўну дзеліцца на ўвесь дом»

Па словах беларуса, у Швайцарыі вельмі арыгінальная сыстэма камунальных паслуг. Яшчэ пры ўезьдзе ў жытло падпісваецца дамова аб суме камунальных, якая будзе фіксавана аплочвацца штомесяц. Раз на год падлічваюцца ўсе траты, і тады жыльцоў просяць ці даплаціць нейкую суму, ці наадварот, нешта аддаюць.

«Цяпер сума камуналкі значна павялічваецца. Раней нам вярталі каля 600-800 франкаў на год, цяпер мы, наадварот, даплочваем 400-600. Баюся падумаць, што будзе сёлета. Сума разьбіваецца на ўвесь дом. У камуналку ўваходзяць ацяпленьне, гарачая і халодная вада, паслугі чалавека, які глядзіць за парадкам, вываз сьмецьця. Адзінае, на аплату чаго ты можаш сам паўплываць, — электрычнасьць і інтэрнэт. Астатняя сума разьбіваецца на ўвесь дом пароўну».

Алесь кажа, што арэндадаўцы ім ужо прапанавалі плаціць сёлета трошкі большую суму камуналкі, каб у канцы году сальда не было такім шокавым.

«Цяпер на кватэру мы плацім у месяц 180 франкаў. У маім пакоі вельмі холадна: старая сыстэма ацяпленьня, якая працуе праз столь. Гэта значыць, мне трэба, каб сусед зьнізу ўключаў ацяпленьне, каб мне было цёпла, а сусед зьнізу не ўключае, бо ўжо ягоны сусед зьнізу стварае яму камфортныя ўмовы. Бывала, што ў кагосьці ў нашым доме ў пакоях плюс +30, а ў кагосьці +17, але за ацяпленьне плацяць усе аднолькава — такі парадокс».

«Швайцарскія прадукты даражэйшыя за вырабленыя ў ЭЗ»

Хлеб у Швайцарыі можна купіць за 2-2,2 франка за кіляграм, хаця звычайная цана ад 5-6 франкаў. Па словах Алеся, вельмі дапамагаюць зьніжкі, які звычайна выстаўляюць у крамах у канцы дня.

«Гэта распаўсюджваецца ня толькі на хлеб, але і на мяса, каўбасы, садавіну. Зьніжкі могуць быць ад 25 да 50%. Мяса ў чыстым выглядзе я купляю рэдка. Цана на фарш пачынаецца ад 10 франкаў за кіляграм. Тут лічыцца, што фарш выраблены ў ЭЗ, настолькі кепскі, што будзе каштаваць на 20-30% таньней за мясцовы. Тое самае з малаком: яно каштуе ад 1 франка, а ад альпійскіх кароваў будзе каштаваць 1,6 франка».

Алесь кажа, што цана на сыры ў крамах будзе пачынацца ад 8-9 франкаў за кіляграм, але звычайна швайцарскія будуць каштаваць 16-18, ёсьць і прэміяльныя сыры за 40-50 франкаў.

«Шакаляд Lindt пачынаецца — ад 2,5 да 3 франкаў за 100-грамовую плітку. Можна купіць нямецкае, бэльгійскае, ірляндзкае піва за 2-3 франкі».

Садавіна, як шмат дзе, часта залежыць ад сэзону. У нейкі пэрыяд нешта бывае таньнейшае, нешта даражэйшае.

«Бананы заўжды каштуюць 1,4-1,5 франка, побач могуць ляжаць прэміяльныя бананы за 2,2 франка, але з 50-працэнтнай зьніжкай. Памідоры каштуюць ад 3 франкаў за кіляграм. Вінаград у сэзон — 2-3 франкі. Пэрсікі, абрыкосы — 2-3 франкі. Але амаль на ўсё можна атрымаць зьніжку. Бульба прыкладна 1,2-1,3 франкі за кіляграм».

«Гэта мой пэрсанальны боль»

А вось схадзіць на вячэру ў рэстарацыю – гэта ўжо зусім ня таннае задавальненьне.

«Гэта мой пэрсанальны боль. Я магу пералічыць па пальцах выпадкі, калі карыстаюся сыстэмай грамадзкага харчаваньня. Нядаўна ў нас быў карпаратыў на працы. Елі ў кавярні, дзе дэсэрт каштаваў 25 франкаў, самая танная страва — 35 франкаў, а звычайная цана на страву — 50-70 франкаў. Не скажу, што адчуваў сябе там вельмі камфортна».

Цана на кубачак кавы ці гарбаты ў Швайцарыі пачынаецца ад 5 франкаў. Прычым вельмі часта ў выпадку з гарбатай вам прынясуць проста кубачак цёплай вады і пакецік з гарбатай. У сетцы «Старбакс» кава каштуе ад 8 франкаў і даражэй.

«Кебаб ці сэндвіч абыдзецца ў 7-8 франкаў. Самая танная піца пачынаецца ад 16-17 франкаў. Піва ў барах ад 9 франкаў. Я аднойчы пайшоў у бар і купіў піва за 10 франкаў, там была добрая кампанія, было няёмка сядзець безь нічога. На наступны дзень мне пазваніла маці, сказаўшы, што хацела купіць шалік, але ён быў дарагі. Мне стала сорамна, і я адмовіўся пасьля гэтага ад піва ў барах», — расказвае Алесь.

Ён перакананы, што заробленыя ў Швайцарыі грошы лепш патраціць на адпачынку ў іншай краіне ці дапамагчы сваякам у Беларусі.

«Самая танная мэдстрахоўка — ад 200 франкаў за месяц»

«У Швайцарыі кожны чалавек абавязаны мець мэдыцынскую страхоўку. Цана пачынаецца ад 200 франкаў за месяц. Ты прагназуеш, наколькі часта будзеш зьвяртацца да лекара, і выбіраеш сабе тарыф. Страхоўка пачынае дзейнічаць з таго моманту, як ты заплаціў за мэдыцынскія паслугі 2500 франкаў. Ёсьць людзі, якія плацяць штомесяц 600 франкаў. Кожны сам для сябе выбірае стратэгію, ці шмат ён разьлічвае хварэць у канкрэтны год. Тарыфы можна мяняць раз на год».

Самая танная страхоўка пакрывае толькі самыя базавыя хваробы. Каб трапіць да лекара, найперш трэба патэлефанаваць свайму хатняму доктару альбо ў страхавую кампанію, а ўжо потым яны вас накіруюць куды трэба.

«Шараговы візыт да лекара абыдзецца ў 200–250 франкаў. Прычым ня важна, наколькі ён вам дапамог. Зубы страхоўкай не ахопліваюцца. Страхаваць ты можаш толькі цалкам здаровыя зубы, а калі ёсьць нейкая плёмба, то не. Шараговы тарыф — 250–300 франкаў за гадзіну. Пульпіт будзе каштаваць 2000 франкаў. Імплянты — 18-20 тысяч. Трэба быць альбо вельмі багатым, альбо вельмі здаровым чалавекам».

«Швайцарцы езьдзяць на закупы ў Нямеччыну»

Хатні інтэрнэт у кватэры Алеся абыходзіцца ў 59 франкаў на месяц. Кажа, што пры жаданьні можна знайсьці больш танныя варыянты. Разам зь інтэрнэтам у пакеце ідзе і тэлевізія.

«Мая фрызура вельмі простая, таму я стрыгуся сам. А так мужчынская стрыжка ад 60 франкаў, жаночая — ад 80-90. Многія езьдзяць стрыгчыся ў суседнюю Нямеччыну, дзе нашмат таньней. Тое самае тычыцца і прадуктаў. Нярэдкая гісторыя, што нейкі немец з батонам можа прастаяць паўгадзіны ў чарзе, калі затарваецца швайцарац».

На думку беларуса, жыць у такой дарагой краіне таксама можна. Ён кажа, што бывалі месяцы, калі на харчаваньне ён аддаваў усяго па 200 франкаў за месяц.

«Лічу, што гэта былі гераічныя сумы. Але я ведаю людзей, якія ня маюць дзяцей, працуюць абое, зарабляюць па 6-7 тысяч франкаў і скардзяцца, што ім не хапае на жыцьцё. Дарэчы, тут вельмі кароткі дэкрэтны адпачынак — тры месяцы. Дзіцячы садок абавязковы з чатырох гадоў, а да чатырох ты плаціш сам. І цана за садок — 2500–4000 франкаў у месяц. Часта адзін з бацькоў проста не ідзе на працу, каб зэканоміць. Гэта атрымліваецца больш выгадна, чым працаваць толькі на дзіцячы садок».

Па словах Алеся, афіцыйна ў Швайцарыі пражываюць 1100-1200 беларусаў без грамадзянства Швайцарыі. Мужчына шмат удзельнічаў у жыцьці дыяспары, кажа, што актыўных некалькі сотняў. Алесь сьмяецца, што можна гадзіну прагаварыць з чалавекам, а потым даведацца, што ён з Наваполацку.

«Швайцарыя — добрая краіна для людзей, якія хочуць спакою і кантрасту. Мясцовыя вялікія гарады людзям пасьля Нью-Ёрку ці Масквы могуць здацца нецікавымі. Але, няглядзячы на кампактнасьць (20% ад Беларусі), Швайцарыя дазваляе табе самыя розныя варыянты: раўніны, горы, нямецкамоўная частка, франкамоўная, у Цюрыху холадна, а ў Люгана — сонейка, можна летам залезьці ў горы і пабачыць сьнег. Мне падабаецца такі кантраст».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG