На саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) прынялі рашэньне пачаць працэдуру, каб надаць Беларусі статус паўнапраўнага сябра арганізацыі. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў.
Заяўку на ўступленьне ў гэтую арганізацыю Беларусь падала ў ліпені гэтага году, з 2010 году Беларусь мела статус партнэра ШАС, а ў 2015-м атрымала статус назіральніка.
Што такое ШАС
Гэта міжурадавая, міжнародная арганізацыя, якая займаецца пытаньнямі бясьпекі і эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі Азіяцкага рэгіёну.
На цяперашні момант у арганізацыю ўваходзяць:
- Кітай
- Расея
- Індыя
- Іран
- Кіргізія
- Таджыкістан
- Узбэкістан
- Пакістан
- Казахстан
Арганізацыя не зьяўляецца вайсковым блёкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміце ў Самаркандзе заявілі, што Беларусь прымаюць у ШАС. Што гэта такое?«Няма з кім гандляваць»
Для Беларусі ШАС патрэбны, бо трэба разьвіваць гандаль з азіяцкімі краінамі. Пра гэта кажа акадэмічная дырэктарка Beroc Кацярына Барнукова.
«Большую частку гандлёвага абароту Беларусь мае з Расеяй. У мінулым годзе экспарт у Расею — каля 40%, траціна экспарту — у Эўропу, 14% — ва Ўкраіну. Асноўны экспарт у Кітай — калійныя ўгнаеньні, тое самае зь Індыяй. Цяпер Беларусь страціла эўрапейскі рынак, страціла ўкраінскі рынак. Шмат губляецца таму, што няма шляхоў вывазу калію. Таму трэба разьвіваць гандаль з краінамі Азіі, гэта каўкаскія краіны, сярэднеазіяцкія краіны. Кітай Беларусь разглядае як палітычную падтрымку, інвэстыцыі, тэхналягічны рынак», — кажа Кацярына Барнукова.
Аднак пасьля 2020 году разьвіцьцё супрацоўніцтва з Кітаем спынілася. Кітаю Беларусь была цікавая як хаб паміж Эўропай і Расеяй. Як толькі ў Беларусі пачалі псавацца адносіны з Эўропай, цікавасьць да Беларусі пачала зьнікаць, кажа Кацярына Барнукова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кітайскай маскай на твары. Лукашэнка спрабуе памяняць «старэйшага брата»Чым дапаможа сяброўства ў ШАС
У Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прапісаная мэта стварыць зону свабоднага гандлю, але пакуль яна не рэалізуецца, тлумачыць Кацярына Барнукова.
«Я б не разглядала ШАС як нешта эканамічнае, бо ў беларускім разуменьні эканоміка ідзе за палітыкай. Гэта хутчэй спроба сказаць пра двухпалярнасьць сьвету: з аднаго боку — ШАС, з другога — краіны Захаду, а Беларусь абірае свой полюс і чакае падтрымкі ад гэтага полюса. Бо пра саму арганізацыю ня скажаш, што яна эфэктыўная ў прасоўваньні эканамічных узаемадзеяньняў», — кажа Кацярына Барнукова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Беларусі саюз азіяцкіх краінаў? Тлумачыць палітолягЗ кім у ШАС гандлюе Беларусь
Па выніках мінулага году асноўны экспарт зь Беларусі ішоў у Расею — 16,3 мільярда даляраў за год. Што да экспарту па іншых краінах ШАС, то летась тавараў з Беларусі прадалі:
- у Казахстан — на 911,6 мільёна даляраў
- у Кітай — на 867 мільёнаў даляраў
- у Індыю — на 374,4 мільёна даляраў
- у Ўзбэкістан — на 265,4 мільёна даляраў
- у Таджыкістан — на 122,1 мільёна даляраў
- у Кіргізію — на 86,4 мільёна даляраў
- у Пакістан — на 78,1 мільёна даляраў
- у Іран — на 14 мільёнаў даляраў