Ала Пугачова — чалавек надзвычай тонкай інтуіцыі, яна як ніхто адчувае свой народ, настроі, якія пануюць у грамадзтве, а таксама тое, чым канчаюцца палітычныя крызісы.
Палітычны анэкдот брэжнеўскай эпохі, які ёй заўсёды падабаўся:
У школьніка ў ХХІ стагодзьдзі спыталі: «Хто такі Брэжнеў?»
— Ды гэта дробны палітычны дзеяч эпохі Алы Пугачовай.
У гады застою з гэтага жарту сьмяяліся на кухнях, а вось падчас перабудовы і пазьней яго час ад часу публічна агучвала і сама артыстка.
Сёньняшняй моладзі цяжка ўявіць, якой была слава і папулярнасьць Пугачовай у другой палове 70-х і ў 80-я гады. Перапоўненыя стадыёны ў любым горадзе СССР, куды яна прыяжджала. Мільённыя наклады пласьцінак. Выступы на самых прэстыжных канцэртах. Песьні, якія гучалі на тысячах танцпляцовак ва ўсіх кутках Савецкага Саюзу.
Аднаго разу, улетку 1989-га, мне давялося ўдзельнічаць у досыць невялікай прэсавай канфэрэнцыі Пугачовай — калі яна прыяжджала з канцэртамі ў Менск. Добра памятаю агульнае ўражаньне ад таго, як яна сябе паводзіла, што казала. Ужо тады гэта была ўпэўненая ў сабе асоба, якая добра ведае сабе цану, без усялякіх рэвэрансаў у бок высокага начальства, у яе стаўленьні да савецкай рэчаіснасьці выразна былі бачныя кепска прыхаваны нігілізм і фронда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Cалідарная са сваім мужам»: Ала Пугачова папрасіла залічыць і яе да «замежных агентаў» у Расеі. Рэакцыя ўладаўЯкая ж яна «народная», калі не сьпявае пра Леніна?
Нягледзячы на фэнамэнальны посьпех, з боку партыйна-савецкіх бонзаў да асобы Пугачовай заўсёды было вельмі стрыманае стаўленьне. Магчыма, «дарагому Леаніду Ільічу» пераказалі крыўдны для яго анэкдот (а можа, і зь якой-небудзь іншай прычыны), але Крэмль вельмі доўга абдзяляў узнагародамі ўсенародна любімую сьпявачку. Пры ім Пугачова атрымала толькі званьне заслужанай артысткі РСФСР (1980). І гэта пры ейнай нечуванай усенароднай славе.
Пазьней, пры Чарненку, на пачатку 1985-га, яе зрабілі «народнай артысткай РСФСР», але званьне «народнай СССР» упарта і доўга не давалі.Чыясьці рука ў Крамлі ўвесь час выкрэсьлівала яе прозьвішча з адпаведных сьпісаў. І заўсёды знаходзіліся абгрунтаваньні. Яна, і праўда, не сьпявала ні пра Леніна, ні пра партыю, ні пра камсамол. Была незалежная ў меркаваньнях: магла недзе ў кампаніі востра выказацца Але галоўная прычына, выглядае, была ў рэўнасьці — да ейных славы, вядомасьці, посьпеху. І гэта працягвалася вельмі доўга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коміка Максіма Галкіна прызналі ў Расеі «замежным агентам». Ён адказаў: «Я гандлем сумленьнем не займаюся»Народнай артысткай СССР Ала Пугачова стала 20 сьнежня 1991 году, за некалькі дзён да скананьня Савецкага Саюзу. Гэта быў адзін з апошніх указаў, падпісаных Гарбачовым. І Пугачова пра гэта ніколі не забывала. Сёлета, калі Гарбачоў памёр, прыехала разьвітацца зь ім. І напісаныя ёю на разьвітаньне словы — вельмі красамоўныя:
«Даўно я так ня плакала. Сышла эпоха, у якой мы здабылі свабоду, перасталі быць „Імпэрыяй зла“ для ўсяго сьвету і зьнік страх за будучыню нашых дзяцей. І галоўнае. Гарбачоў адрынуў гвалт як спосаб палітыкі і ўтрыманьня ўласнай улады...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве праходзіць цырымонія разьвітаньня зь Міхаілам Гарбачовым, Пуціна на ёй няма. ФотаЗаслугі «чацьвёртай ступені»
Як ні дзіўна, на працягу ўсіх постсавецкіх дзесяцігодзьдзяў супярэчлівае стаўленьне кіроўнага крамлёўскага рэжыму да славутай сьпявачкі захавалася, і гэтак жа, як у СССР, выразна адбівалася ў выглядзе гісторый з адзначэньнем яе дзяржаўнымі ўзнагародамі.
У 1999 годзе Ельцын, уручаючы ёй ордэн «За заслугі перад Айчынай» ІІ ступені, нават прасіў прабачэньня, што ня першай: маўляў, першая прызначана толькі для кіраўнікоў дзяржаў.
Пры Пуціну ўсё зьмянілася: гэтым жа ордэнам першай ступені ён адзначыў многіх дзеячоў культуры — і Міхалкова, І Кабзона, і Дароніну... Толькі не Пугачову. Пугачовай у 2009 годзе Мядзьведзеў уручыў ордэн ІІІ ступені, а Пуцін у 2014 — самай нізкай (чацьвёртай). У 2019-м, да 70-годзьдзя, Пугачова ўвогуле ніякага ордэна ад Пуціна не атрымала.
На працягу ўсіх постсавецкіх дзесяцігодзьдзяў і ва ўсіх постсавецкіх краінах Ала Пугачова заставалася жывым сымбалем савецкай эпохі. Сымбалем прывабным, прыцягальным, настальгічным, паколькі добрая палова насельніцтва колішняга СССР зьвязвае з гэтым імем і гэтым вобразам свае найлепшыя ўспаміны маладосьці. Таму і Лукашэнка гэтак любіў прыхінуцца да ейнай славы, водбліскі якой у такія моманты падалі і на яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія СМІ не згадалі словы Пугачовай пра «гібель нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты» ў навіне пра яе зварот да Мін'юстуЦукеркі ад Лукашэнкі
У 2019-м, напярэдадні 70-годзьдзя Пугачовай, Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджаньні яе ордэнам Дружбы народаў (далёка ня самым высокім і ганаровым у пераліку беларускіх ордэнаў). Меркавалася што ўручыць яго асабіста, падчас вялікага канцэрту Пугачовай у Менску. І тут стала вядома, што ад Пуціна сьпявачка ніякага ордэна не атрымала.
Ала Пугачова ў лістападзе 2019 году прыляцела ў Менск, канцэрт дала. А Лукашэнка, спаслаўшыся на занятасьць, на гэты канцэрт не прыйшоў. Замест яго прыйшла Качанава. Сказала са сцэны, што ордэн ёй уручаць пазьней, у беларускай амбасадзе ў Маскве. А ад Лукашэнкі ў падарунак перадала каробку шакалядных цукерак (Істотная дэталь: Ала Пугачова з 2006 года хварэе на цукровы дыябэт і салодкага ня есьць).
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне яна доўга, красамоўна і гучна маўчала. Але тое, што яна перапыніла гэтае маўчаньне і даволі адназначна выказалася — дрэнны знак для расейскай (як і для беларускай) улады. Яна — чалавек надзвычай тонкай інтуіцыі, як ніхто адчувае свой народ і настроі, якія пануюць у грамадзтве. У іншым выпадку яна ня стала б кумірам мільёнаў. Сьпявалі многія, але такую славу ў СССР здабыла толькі яна.
Вось тэкст Пугачовай, які нарабіў гэтулькі шуму ў Расеі і на ўсёй постсавецкай прасторы. Зьвяртаючыся да расейскага Мін’юста, Пугачова піша:
«Прашу залічыць мяне ў шэрагі інаагентаў маёй любімай краіны, бо я салідарная са сваім мужам, сумленным, прыстойным і шчырым чалавекам, сапраўдным і непадкупным патрыётам Расеі, які зычыць Радзіме росквіту, мірнага жыцьця, свабоды слова і спыненьня гібелі нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты, якія робяць нашу краіну ізгоем і абцяжарваюць жыцьцё нашых грамадзян».
Гэта як у Беларусі яна напісала б заяву да ўладаў з просьбай уключыць яе ў сьпіс экстрэмістаў — усьлед за мужам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Але Пугачовай падарылі вышыванкі і беларускамоўны радаводТут самі сабой напрошваюцца і больш далёкія гістарычныя паралелі — з жонкамі дзекабрыстаў, якія дзеля сваіх мужоў ахвяравалі дабрабытам, багацьцем, уласным лёсам — і ехалі ў ссылку ў Сібір. На чыім баку тады былі сымпатыі большасьці расейскага грамадзтва?
Дзяржаўная прапаганда ў Беларусі на мужны грамадзянскі ўчынак Алы Пугачовай пакуль не адклікнулася. У афіцыйных выданьнях перадрукоўваюцца сьціслыя нэўтральныя паведамленьні з расейскіх агенцыяў. Зрэшты, зразумела, што пасьля сваіх слоў пра «гвалт як спосаб утрыманьня асабістай улады» і пра «ілюзорныя мэты» вайны ва Ўкраіне ні на ордэн, ні нават на цукеркі ад Лукашэнкі Ала Пугачова болей разьлічваць ня можа.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.