«Лісты блякуюцца сьвядома, каб псыхалягічна ціснуць на людзей»
Алена некалькі месяцаў правяла ў СІЗА № 1 на Валадарскага ўвесну і ўлетку 2022 году — да суду. Ёй прысудзілі два з паловай гады «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову і на нейкі час вызвалілі — да прызначэньня месца адбыцьця пакараньня.
Алена кантактавала зь іншымі палітвязьнямі на Валадарцы і даведалася, што прыкладна да студзеня сёлета лісты даходзілі больш-менш нармальна ад усіх. Потым іх пачалі перадаваць толькі ад блізкіх і дазавана — ад сяброў, а зь лютага пачалося ледзьве ня поўнае блякаваньне.
Аднак жанчына сьцьвярджае, што на Валадарку дагэтуль прыходзіць велізарная колькасьць лістоў, якую цэнзары прачытаць фізычна ня ў стане.
«Мне здаецца, што яны думаюць: прасьцей большую частку выкінуць, чым чытаць. І апэратыўнікі самі вырашаюць, каму перадаваць лісты толькі ад сваякоў, каму зрэдку яшчэ і ад сяброў, а каму наагул не даваць нічога.
Лісты блякуюць сьвядома, каб псыхалягічна ціснуць на людзей за кратамі, каб у тых зьявілася адчуваньне, што нікому яны не патрэбныя, пра іх усе забыліся. Я была ўпэўненая, што пра мяне не забываюцца, а лістоў мне проста не перадаюць», — выказала сваё меркаваньне Алена.
Калі яна выйшла на волю, многія сябры і незнаёмыя людзі прыслалі ёй фота сваіх лістоў, якія да жанчыны так і не дайшлі, і гэта, па яе словах, было вельмі прыемна і кранальна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыва «Письма в клеточку» спыняе працу. Як яшчэ можна дасылаць лісты палітвязьнямАлена раіць людзям у СІЗА слаць паштовыя пераводы, нават сымбалічныя, у 5-10 рублёў, бо на квітку заўсёды пазначана, ад каго гэты перавод, і вязьню вельмі прыемна, што пра яго не забываюцца.
«Таксама ў СІЗА можна слаць бандэролькі зь нейкімі прыемнымі дробязямі: шкарпэткамі, паштоўкамі, шакалядам, гарбатай. Каб за кратамі людзі разумелі, што нічога не спынілася, пра палітвязьняў памятаюць, іх падтрымліваюць, людзі зь імі салідарныя».
Я абавязкова ўсім адказвала і шчыра дзякавала. Шкада, што ня ўсе мае лісты даходзілі людзям.
Вядома, цяжка пісаць незнаёмым, калі ня ведаеш інтарэсаў, захапленьняў людзей. Я пісала пра тое, што раблю, пра свае пляны. Пра свае пачуцьці і адчуваньні. Як я іх усіх люблю і рада, што ў мяне такія сябры і калегі.
Што тычыцца сям’і, спрабавала даваць парады, што рабіць, «кантралявала» сытуацыю з-за кратаў«, — расказала Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем паштовак з Гібральтару. Як пошта ў Беларусі стала карным органам«Я думаю, хоць лістоў і не перадаюць, але начальству дакладваюць пра іх вялізную колькасьць»
Ганна ўжо больш за 2 гады піша лісты палітвязьням. Калі бывае за мяжой, купляе там прыгожыя паштоўкі і маркі, шукае забаўныя паштоўкі ў Менску, сама робіць яркія, прыгожыя канвэрты з каляровай паперы. Да Новага году ёй прыходзіла шмат лістоў з-за кратаў ад палітвязьняў: і ад Марыі Калесьнікавай, і ад Максіма Знака, і ад Міколы Статкевіча. Дарэчы, апошнія лісты ад Статкевіча прыйшлі ёй летам 2021 году яшчэ з Гомельскага СІЗА № 3.
Цяпер ад Статкевіча, які адбывае пакараньне ў Глыбоцкай калёніі № 13, даходзяць лісты толькі ягонай жонцы Марыне Адамовіч. Яна гэтымі лістамі шчыра дзеліцца ў фэйсбуку і расказвае пра іх СМІ.
Паводле Марыны, блякаваць ліставаньне пачалі дзесьці ў лютым 2022 году, з пачаткам вайны ва Ўкраіне. Аднак жонка Статкевіча думае, што і ёй ня ўсе лісты даходзяць.
«Хтосьці вызначае, што я маю права ведаць, а што не. Ня ўсе ягоныя лісты прапускаюць. Мікалаю ствараюць невыносныя ўмовы, ён пра гэта піша, і гэтыя лісты даходзяць, каб усе даведаліся пра гэта і дрыжэлі ад жаху. Аднак сам Мікола да гэтага ставіцца з гумарам. Вось нядаўна яго перавялі ў іншую камэру і пацучкі да яго цяпер не прыходзяць, бо там жыве нейкі голуб і тых пацукоў разганяе.
І цяпер я ведаю, што Мікола даслаў некалькі лістоў, якія зьмяшчаюць дакумэнты, але іх скралі, я іх пакуль не атрымала. Яшчэ крыху пачакаю, а потым учыню скандал», — кажа Марына Адамовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камэра 1 на 3 мэтры, прагулак няма, за вакном пацукі. У якіх умовах трымаюць за кратамі Міколу СтаткевічаУ жніўні ў Міколы Статкевіча быў дзень народзінаў, яму слалі шмат віншаваньняў, але ніводнае зь іх да палітвязьня не дайшло.
«Людзі працягваюць пісаць, за што ім нізкі паклан. Бо я думаю, што, хоць лістоў і не перадаюць, але начальству дакладваюць пра іх вялізную колькасьць, і гэта ўплывае на псыхалягічны стан саміх турэмнікаў», — мяркуе Марына Адамовіч.
«Нават самыя моцныя людзі, калі ім блякуюць перапіску, пачынаюць думаць, што яны нікому не патрэбныя»
Паводле Ганны, палітвязьням цяпер перадаюць лісты ў лепшым выпадку толькі ад сваякоў, ды і тое ня ўсе. Яе вельмі ўразіў ліст Сьцяпана Латыпава, які сябры апублікавалі ў суполцы «Лісты салідарнасьці» ў фэйсбуку, дзе палітвязень разважаў пра тое, што альбо яму пошту блякуюць, альбо людзі проста забыліся на яго і перасталі пісаць.
«Нават самыя моцныя людзі, калі ім блякуюць перапіску і кантакты, пачынаюць сумнявацца ў сабе, думаць, што яны нікому не патрэбны ў самы кашмарны пэрыяд свайго жыцьця.
Блякаваньне пошты — гадкае і дзейнае катаваньне. У СІЗА стала даходзяць толькі перадачкі і грашовыя пераводы. Буду кідаць гэтыя „каменьчыкі“ людзям, пра якіх думаю і памятаю, пакуль магу», — напісала Ганна на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Як адчувае Ганна, цяпер палітвязьням наагул нічога не даходзіць ад сяброў, знаёмых і проста ад людзей, якія спачуваюць ім.
«Машы Калесьнікавай зусім не перадаюць лістоў ад знаёмых і сяброў, толькі крыху лістоў ад таты. Ад Марыны Золатавай пару разоў даходзілі падзякі за пасылкі, але даўно ўжо ні ад кога ніводнага ліста, хоць канвэрты з маркамі я заўсёды ўкладаю.
Пісалі з-за кратаў пра ўсё што можна. Пра настрой, пра тое, што шакалядка, якая дайшла, была смачная, а паштоўкі прыгожыя, пра тое, як пілі зь дзяўчатамі ўсёй камэрай прысланую гарбату з трапічным водарам і якія гэта выклікала ўражаньні.
Я, калі ведаю якія-небудзь навіны пра кейс чалавека, пішу, як да гэтага стаўлюся. Перадаю пажаданьні сіл і здароўя. Пісаць у прынцыпе няцяжка, бо пішаш тым, хто чымсьці сымпатычны і падабаецца. Цяжка знаць, што лісты не даходзяць», — расказвае Ганна пра свой досьвед ліставаньня з палітвязьнямі.
«Пакуль людзі знаходзяцца ў СІЗА, шліце ім бандэролькі, пераводы, каб парадаваць»
Дарэчы, апошнія лісты ад Марыны Золатавай і Валерыі Касьцюговай прыйшлі Ганьне месяцы 3 таму. Слала яна чыстыя паштоўкі і лісты многім палітвязьням: Аляксандру Фядуту, Пятру Марчанку, Мікалаю Брэдзелеву, але ні ад кога адказаў не было, таму, ці дайшлі яны, Ганна ня ведае.
Ірыне Леўшынай, Валерыі Касьцюговай, Марыне Золатавай, Ксеніі Луцкіной Ганна цяпер шле толькі бандэролі поштай.
«Яны даходзяць. Мне пазваніла сяброўка Валерыі Касьцюговай і падзякавала за перадачку. Так што, пакуль людзі знаходзяцца ў СІЗА, шліце ім пасылачкі, бандэролькі, каб парадаваць і падняць ім настрой, бо ў калёніях прымаюць перадачы і пасылкі толькі ад сваякоў», — раіць Ганна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ўсярэдзіне абрываецца, калі адчыняеш паштовую скрыню, а там пуста». Улады пазбаўляюць палітвязьняў перапіскі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дзень палітвязьня замежныя дыпляматы і палітыкі пішуць лісты беларускім палітвязьням і выказваюць ім сваю падтрымку