«Вымова, потым ШЫЗА, пасьля пазбавілі перадачы»
«Лістоў ад Мікалая не было больш за месяц, практычна паўтара, — расказвае жонка Статкевіча Марына Адамовіч. — Ён спачатку знаходзіўся ў штрафным ізалятары, а пасьля літаральна за некалькі дзён яму вынесьлі сем, здаецца, спагнаньняў. Вымова была, потым ШЫЗА першы раз, пасьля яго пазбавілі адзінай на год харчовай перадачы. Пасьля спатканьня пазбавілі, затым яшчэ два разы ШЫЗА. Вельмі шчыруюць. Мікалай піша, што вельмі хацелі б яго „сплавіць“ у крытую турму з калёніі».
Па словах Марыны Адамовіч, з гэтым могуць быць праблемы, бо Крымінальна-выканаўчы кодэкс не прадугледжвае пераводу з калёніі асаблівага рэжыму ў турму. Мікалай Статкевіч і так знаходзіцца ў камэры, і нават невядома, дзе ён будзе мець горшыя ўмовы ўтрыманьня. У выпадку пераводу ў крытую турму Мікалай Статкевіч мог бы трапіць у Горадню. Марына Адамовіч мяркуе, што трымаць такога «сур’ёзнага злачынцу» побач з цэнтральнай плошчай аднаго з самых пратэставых гарадоў Беларусі ўладам нявыгадна.
«Мікола для іх раздражняльнік, — кажа Марына. — Ён прагназуе, што налета значна пагоршыцца эканамічнае становішча, гэта непазьбежна».
Пасьля пераводу ў глыбоцкую калёнію Мікола Статкевіч патрабаваў зьмясьціць яго ў адзіночную камэру ў якасьці меры бясьпекі ад пагрозаў, якія могуць ісьці з боку адміністрацыі. У «адзіночцы» Статкевіч прабыў большую частку ўтрыманьня ў СІЗА. У выніку ў Глыбокім палітвязень будзе знаходзіцца ў адзіночнай камэры ў выглядзе пакараньня. Адміністрацыя распарадзілася пакінуць Статкевіча там на наступныя шэсьць месяцаў.
«Камэра мае тры нармальныя крокі ў даўжыню, як піша Мікола, і мэтар у шырыню, — расказвае Марына Адамовіч. — Ёсьць нары, якія прышпільваюцца да сьцяны ўдзень. Ёсьць вакно, яно на ўзроўні зямлі. Паўпадвальнае памяшканьне такое. Але можна, дзякуй Богу, пісаць лісты».
«Зьявілася свая „гаспадарка“»
Пасьля пераводу ў адзіночку Статкевічу выдалі ўсе нумары «СБ» і «Аргументов и фактов», якія назьбіраліся па ягонай падпісцы з чэрвеня. Па словах Марыны Адамовіч, палітык быў «ачмурэўшы абсалютна» ад усіх навінаў, якія прачытаў за тры дні. Статкевіч іранізуе, што газэта для пэнсіянэраў на тле «СБ» выглядае вяршыняй журналістыкі.
«Мікола піша, што ўжо адаптаваўся да малых памераў сваёй камэры, у яго ж шклянка заўсёды напалову поўная, — кажа Марына Адамовіч. — Піша, што затое ўсё пад рукой. На прагулкі яго адтуль не выводзяць. Хаця паўгадзіны прагулкі ў дзень яму абавязаныя прадастаўляць. Матывуюць тым, што прагулачныя дворыкі рамантуюцца. Усе адразу, я так падазраю. То Мікола, каб кампэнсаваць адсутнасьць фізычнай нагрузкі, дзьве гадзіны на дзень ходзіць па сваёй камэры. Ну, і яшчэ ён зьмяніў структуру сваіх штодзённых фізычных практыкаваньняў. Бо ў такой камэры, шырынёй мэтар, нават махнуць рукой праблематычна. Піша, што мусіў прыдумаць новыя практыкаваньні».
З забаваў у Міколы Статкевіча цяпер ёсьць гульні з пацукамі, іх ён яскрава апісвае ў лістах да жонкі. Пацукі прыходзяць да вакна камэры Статкевіча і чакаюць ад яго пачастункаў. «Гаспадарка» палітвязьня налічвае ўжо цэлую пацучыную сям’ю.
«Зьявілася свая „гаспадарка“, — піша Мікола ў лісьце да Марыны Адамовіч. — Уваход у аконную нішу з боку галоўнай пацучынай магістралі зараз вельмі лёгкі. І спачатку па ежу наведваўся адзін тоўсты і важны пацук, які, не павітаўшыся і не папрасіўшы, проста правяраў, ці паклаў я яму што-небудзь за краты. Не дачакаўшыся і каб казырнае месца не прападала, гэты пацук прывёў туды дзевачку. Заляцаньні скончыліся скандалам, і да мяне стала наведвацца толькі гэтая дзевачка — ахайная, зь белымі бакамі і чорнай сьпінай. Яна і віталася, і прасілася, але я трымаўся, пакуль тая не прывяла з сабой сваё дзіцятка. Прыйшлося паддацца гэтай цынічнай маніпуляцыі. Цяпер яны прыходзяць пастаянна».
Прадуктовая перадача толькі праз год
Па словах Марыны Адамовіч, у сваёй невялікай камэры Мікола Статкевіч будзе знаходзіцца як мінімум паўгода, бо ён не зьбіраецца адмаўляцца ад сваіх патрабаваньняў. Статкевіч ня хоча адбываць пакараньне ў агульнай камэры, бо не давярае адміністрацыі калёній і турмаў.
Лісты ад несваякоў да Статкевіча практычна перасталі прыходзіць з моманту пачатку вайны ва Ўкраіне. У Глыбокім ён не атрымаў пакуль ніводнага такога паведамленьня. Статкевіч адсьвяткаваў там свой дзень народзінаў, аднак жонцы не вядома нічога пра тое, каб ён атрымаў ад некага віншаваньні. Марына Адамовіч кажа, што пісаць палітвязьням трэба працягваць, спрабаваць слаць заказныя лісты, пісаць скаргі, калі іх ня будуць перадаваць адрасатам.
«У мяне зараз ня будзе магчымасьці зрабіць харчовую перадачу для Міколы, — кажа Марына Адамовіч. — У яго, паводле рэжыму, адна такая перадача на год. Ёсьць яшчэ рэчавая, якой ня могуць пазбавіць. Яна належыць любому вязьню, незалежна ад рэжыму. Бліжэй да халадоў я паспрабую яму перадаць цёплыя рэчы за краты. Вопратку, сродкі гігіены. Цыгарэты нельга толькі, бо гэта ўжо ў харчовую перадачу ўваходзіць. Але Мікола ня курыць, а ў адзіночцы каму ён іх будзе мяняць?»
Марына Адамовіч дадае, што Мікола мае магчымасьць атаварвацца на адну базавую велічыню ў месяц (32 рублі. — РС). У жніўні ён купіў сабе на гэтыя грошы крыху цыбулі, алею і сушанай зеляніны.
Міколу Статкевіча затрымалі 30 траўня 2020 году, калі ён разам з жонкай Марынай ехаў у цэнтар Менску, дзе адбываўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на выбарах 9 жніўня 2020 году. 14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля асудзіў Статкевіча на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму.
Напісаць Статкевічу можна на адрас: ПК № 13, 211791, Глыбокае, вуліца Савецкая, 205, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.