Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем паштовак з Гібральтару. Як пошта ў Беларусі стала карным органам


Паштоўкі беларускім палітвязьням
Паштоўкі беларускім палітвязьням

Дыктатура як рак у апошняй стадыі, мэтастазы пранізваюць усё: школы і шпіталі, царкву і камунальную службу. Пошта ў Беларусі стала карным органам.

Мае лісты ў беларускія турмы калегам, знаёмым журналістам, незнаёмым людзям перасталі даходзіць зусім. Адказаў я асабліва не чакаў, бо дзе ў турме возьмеш маркі для замежжа, але весткі з-за кратаў раней даходзілі, а цяпер глухая сьцяна. Ня толькі мае — тысячы, дзясяткі тысяч лістоў тысячам палітвязьняў не дастаўлены адрасатам.

Старшыня Сэнату Чэхіі Мілаш Выстэрчыл піша журналістам Свабоды за кратамі і пры сустрэчы пытаецца, ці атрымалі, а я ня ведаю, што адказаць. 98-гадовы Ян Рочэк, прафэсар Ілінойскага ўнівэрсытэту, які перажыў Галакост, шле паштоўкі Ігару Лосіку з Амэрыкі — у ягоны канцлягер, як ні дзіўна, лісты даходзілі, у беларускі — не.

Аўшвіц, Бухэнвальд, Дахаў — гэтыя назвы жахлівых лягераў сьмерці стаяць на тысячах канвэртаў 1930–1940-х гадоў як адрасы, куды пісалі, і як зваротныя адрасы, адкуль адказвалі. Пошта працавала нават у турмах гестапа. Выдадзеныя зборнікі лістоў з фашысцкіх канцлягераў. Нацысцкая цэнзура кантралявала перапіску, беларуская ж проста зьнішчае.

Паштоўкі ў Гібральтары
Паштоўкі ў Гібральтары

Людзі з усяго сьвету пішуць словы падтрымкі, надзеі, пажаданьні, якія беларуская пошта, сябар Усясьветнага паштовага зьвязу з 1947 году, бярэ абавязаньне даставіць, атрымлівае грошы — і ня робіць сваёй справы. Гэта падман, скрадзеныя сродкі; гэта ня пошта, а частка карнай сыстэмы, і хоць віны паштароў у гэтым няма, адказнасьць ёсьць.

На гэтым канстатацыйную частку, як той казаў, можна скончыць. Сёньня, у дзень далучэньня Беларусі да Ўсясьветнага паштовага зьвязу, я проста апублікую лісты, якія ў свой дзень нараджэньня сёлета напісаў і адправіў палітвязьням. Адправіў з краіны, дзе нарадзілася сучасная пошта, дзе зьявілася першая паштовая марка.

Гэта быў пачатак лютага, але ў Гібральтары зьзяла сонца, са скалы адкрываўся від на Афрыку, мора шумела далёка ўнізе, а я, прысеўшы на бэтонны фундамэнт колішняй супрацьпаветранай батарэі, выводзіў галоўныя беларускія адрасы апошніх двух гадоў: СІЗА № 1, Менск, 220030, СІЗА № 3, Гомель, 246003...

Паштоўкі я купіў з краявідамі Гібральтара, а вось марка была з Санта Клаўсам. (У нядзелю працавалі толькі турысцкія крамы сувэніраў, выбару не было, ня тое што ў Празе. Я аднойчы адпраўляў паштоўку ў беларускую турму, і паштовы работнік, сур’ёзны хлопец з тату, калі пабачыў адрас, адправіў мяне ў аддзел філятэліі паштамта — у яго маркі былі толькі з кветкамі, «а ў турму трэба зь дзяўчатамі».)

Ігару Лосіку, Андрэю Кузьнечыку, Алегу Грузьдзіловічу, Марыне Золатавай, Ірыне Леўшывай, Андрэю Аляксандраву, Дзьмітрыю Наважылаву ў мяне было амаль аднолькавае пасланьне:

«Пішу гэтую паштоўку на самым ускрайку Эўропы, на скале, зь якой відаць Афрыка — каб вы ведалі, што пра вас памятаюць і тут і што бяз вашай свабоды ня можа лічыць сябе свабоднай уся Эўропа».

Паштоўка Ігару Лосіку
Паштоўка Ігару Лосіку
Паштоўка Марыне Золатавай
Паштоўка Марыне Золатавай

Калі я спусьціўся са скалы, адразу пабачыў клясычную брытанскую паштовую скрынку, чырвоны слуп з каралеўскай каронай, і апусьціў свае сем паштовак.

Гібральтарская паштовая скрыня
Гібральтарская паштовая скрыня

Будзем лічыць, што сёньня яны дайшлі — калі не да адрасатаў, дык да іх паштароў. Пошце таксама трэба свабода.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG