Дыпляматы краінаў Эўразьвязу і ЗША ў Дзень палітвязьня ў Беларусі напісалі лісты салідарнасьці беларускім палітвязьням, паведамляе амбасада Швэцыі ў Беларусі.
Дыпляматы выказваюць салідарнасьць з палітвязьнямі і чарговы раз патрабуюць ад беларускіх уладаў вызваліць іх і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі.
У Дзень палітвязьня ў Беларусі прэм'ер Літвы Інгрыда Шыманітэ апублікавала ў сваім твітары відэа, дзе тытрамі пералічваюцца імёны ўсіх беларускіх палітвязьняў, з подпісам: «Мы ня стомімся змагацца за свабоду 1452 палітвязьняў у Беларусі. Жыве Беларусь!»
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі таксама публічна падтрымаў беларускіх палітвязьняў. «Настане час свабоды для беларусаў. Брамы турмаў расчыняцца. Тысячы нявінных ахвяраў, герояў, якія любяць сваю радзіму, вернуцца дадому. #свабодупалітвязням #freepoliticalprisoners», — напісаў Артур Міхальскі ў Твітары.
«Сёньня разам з жыхарамі Беларусі мы ўспамінаем год таму сьмерць Вітольда Ашурака і адзначаем Дзень палітвязьняў у Беларусі. Латвія асуджае палітычны перасьлед з боку рэжыму Лукашэнкі і патрабуе вызваліць больш за 1200 палітвязьняў. #StandWithBelarus», — напісаў міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.
Таксама паведамленьне ў падтрымку палітвязьняў зьявілася ў Твітэры МЗС Латвіі.
«Беларусь: 21 траўня 2021 году ў турме памёр палітычны і экалягічны актывіст Вітольд Ашурак. Ён быў здаровы, абставіны пакуль ня высьветленыя. У памяць аб ім сёньня Дзень палітвязьняў у 🇧🇾, дзе ў рэжыма Лукашэнкі іх 1200. Мы #стаімзбеларусам», — напісаў у Твітэры прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана.
«У Дзень палітвязьня ў Беларусі мы памятаем усіх. Усе палітычныя зьняволеныя павінны быць вызваленыя», — напісала ў Twitter амбасада ЗША ў Беларусі.
Амбасада Вялікай Брытаніі ў Беларусі таксама апублікавала ў сацсетках відэа, прысьвечанае беларускім палітвязьням, з подпісам «нашыя думкі ў гэты дзень з 1201 несправядліва абвінавачанымі і асуджанымі беларусамі, іх сем'ямі і сябрамі».
Беларускія праваабаронцы аб’явілі 21 траўня Днём палітвязьня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калёніі № 17 пры нявысьветленых абставінах памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
У сувязі з палітычнай сытуацыяй у Беларусі з 1 ліпеня 2020 году статус палітычнага вязьня атрымалі 1 452 чалавекі, частка зь іх ужо выйшла на волю, паводле зьвестак на 21 траўня ў Беларусі 1204 палітычныя зьняволеныя. Гэта беспрэцэндэнтная сытуацыя ў гісторыі Беларусі. Праваабаронцы патрабуюць вызваленьня палітвязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсій.